Добра, калі ёсць выбар

Першы раз я ўбачыла Польшчу ў 1976 годзе. Мяне, васьмігадовую дзяўчынку з правінцыйнага беларускага горада, тады ўразілі дзве рэчы: людзі і крамы. Людзі былі ветлівыя і з густам апранутыя, а ў маленькіх крамах была процьма ўсяго таго, чаго я нават ніколі і не бачыла.



budouli.jpg

Потым мне даводзілася бываць у гэтай краіне не адзін раз і ў розныя для яе часы. Я бачыла, як Польшча паступова мяняецца, квітнее. Асабліва заўважныя змены адбыліся за апошнія 5–7 гадоў. З большага, канешне, — гэта вынік уступлення краіны ў Еўрапейскі саюз. І хаця не ўсе ў Польшчы лічаць такое чалецтва пазітыўным, але большасць прызнае пэўныя выгоды. Па розных звестках, каля 80 працэнтаў палякаў станоўча ацэньваюць уступленне краіны ў ЕС. 70 працэнтаў лічаць, што на працягу 10–20 гадоў Польшча ў поўнай меры атрымае выгоды ад гэтага чалецтва. Прыкладна такі ж расклад атрымліваецца пасля размоў з людзьмі.

САМАЯ МАБІЛЬНАЯ — МОЛАДЗЬ

Безумоўна, найбольш скарысталася перавагамі ЕС моладзь. Магчымасць падарожнічаць без візаў, вучыцца практычна ў любой еўрапейскай краіне, жыць і працаваць там, дзе лепш, — гэта тое, што сёння можа сабе дазволіць амаль любы малады паляк.

eljekb_2.jpg

«Польская моладзь без якіх-небудзь праблем можа ўдзельнічаць ва ўсіх адукацыйных праграмах, якія даступныя ў краінах ЕС. Я з’яўляюся выкладчыкам, таму добра ведаю, што тысячы нашых студэнтаў у межах праграмы «Эразмус» выязджаюць у розныя еўрапейскія краіны, каб правесці адзін або два семестры ў якім-небудзь універсітэце. Залічаныя там прадметы мы трактуем як раўназначныя. Я думаю, што гэта неверагодна важна, — лічыць дэкан факультэта права і адміністрацыі Універсітэта імя Лазарскага, прафесар Збігнеў Лясоцік. — Еўропа адкрылася для нас у розных сэнсах: камунікацыйным, інтэлектуальным, культурным, а ў апошні час таксама і прафесійным, то бок палякі зараз могуць працаваць у большасці еўрапейскіх краін».

З прафесарам згодная і большасць студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта, з якімі давялося паразмаўляць. Амаль кожны з іх хаця б адзін семестр правёў у іншай краіне. Падвучыў мову, прыдбаў сяброў, проста пазнаёміўся з іншай культурай.

Напрыклад, Сільвестр год адвучыўся ў Берліне, дзе атрымаў, па яго словах, не толькі новыя веды, але і карысны вопыт, шмат знаёмстваў. «Гэта было б амаль немагчыма, каб Польшча не была чальцом ЕС. Заўсёды добра, калі ёсць выбар. Хочаш — заставайся ў сваёй краіне, хочаш — едзь, куды вочы глядзяць», — лічыць хлопец.

Шмат моладзі з’ехала ў іншыя краіны ў пошуках працы. На момант уступлення ў ЕС узровень беспрацоўя ў Польшчы складаў 20 працэнтаў. Таму ў першыя гады каля 600 тысяч чалавек выехалі на заробкі. Зараз паступова тэндэнцыя змяняецца. Дарэчы, па дадзеных за 2011 год, узровень беспрацоўя складае 12 працэнтаў.

Нехта, зарабіўшы пэўны капітал, вяртаецца на радзіму. Нехта, не найшоўшы сябе за мяжой, шукае лепшай долі ў Польшчы. Сябры Міхала, менеджара лагістычнай кампаніі, з’ехалі ў Англію некалькі гадоў таму. Па прафесіі яны медыкі і разлічвалі працаваць там па спецыяльнасці. Атрымалася не вельмі ўдала. Таму ў гэтым годзе яны вярнуліся і вырашылі займацца прыватнай практыкай.

Сам Міхал нікуды ехаць працаваць не збіраецца. Ён наогул здзіўляецца, як можна не знайсці працу. «Я, напрыклад, працую ўжо 8 гадоў, пачаў адразу пасля заканчэння школы. І за гэты час больш за месяц не быў без працы. Мне здаецца, калі ёсць жаданне, заўсёды можна знайсці тое, што табе падыходзіць. Акрамя таго, пастаянна трэба развівацца, засвойваць нешта новае, карыснае», — упэўнены Міхал.

Дарэчы, мінімальная зарплата ў Польшчы складае 1500 злотых (368 еўра). Сярэдняя заработная плата знаходзіцца на ўзроўні 3600 злотых (884 еўра). Аднак у Варшаўскім ваяводстве сярэдняя зарплата на 22% вышэй, чым у іншых рэгіёнах Польшчы, і складае 4646 злотых (1140 еўра). Самыя нізкія зарплаты ў Польшчы атрымліваюць швачкі, афіцыянты, касіры, працаўнікі тэлемаркетынга. Іх сярэдняя зарплата складае 383 еўра. Нізкія зарплаты атрымліваюць таксама сакратаркі і нянечкі ў дзіцячых садках, іх сярэдняя зарплата знаходзіцца на ўзроўні 1800 злотых (442 еўра).

ПЕНСІЯ З ТРОХ ЧАСТАК

Больш за ўсё сталым людзям у Польшчы не падабаецца тое, што з 2013 года пачнецца паступовае павелічэнне пенсійнага ўзросту мужчын і жанчын да 67 гадоў. Зараз на пенсію на агульных падставах польскія жанчыны выходзяць у 60 гадоў (працоўны стаж 20 гадоў), мужчыны — у 65 (працоўны стаж 25 гадоў).

У сакавіку гэтага года сярэдняя пенсія склала прыкладна 1760 злотых (432 еўра). Мінімальная — 700 злотых. Не буду зараз прыводзіць усе дэталі пенсійнай сістэмы Польшчы, скажу толькі, што пенсія накапляльная і складаецца з трох частак: абавязковых унёскаў дзяржаве, пенсійным фондам і добраахвотных унёскаў камерцыйным страхавым кампаніям. Такім чынам, памер пенсіі наўпрост залежыць ад таго, якія рабіліся ўнёскі.

Акрамя таго, ёсць нюансы налічэння пенсій па ўзросту, па інваліднасці, па страце кармільца.

pol_skija_pensijaneri.jpg

Польскія пенсіянеры

Напрыклад, 75-гадовая пані Эльжбета працавала бібліятэкарам, а калі выходзіла на пенсію, дзейнічала яшчэ старая сістэма, таму яе пенсія — усяго 1300 злотых. З іх прыкладна 500 злотых ідзе на аплату камунальных паслуг двухпакаёўкі ў ацяпляльны перыяд. Праезд у грамадскім транспарце для тых, хто дасягнуў 70 гадоў, — бясплатны. Пасля 75 гадоў пенсіянеры не плацяць за радыё і тэлебачанне. На харчаванне, пры ўмове набыцця самых якасных і разнастайных прадуктаў, пані Эльжбета траціць 400–450 злотых. Застаецца не так шмат. Але некаторыя беларускія пенсіянеры ўвогуле жывуць на гэту астачу.

А вось сталая пара Марыя і Фелікс выйшлі на пенсію нядаўна і пачалі падарожнічаць. Пані Марыя працавала галоўным бухгалтарам, Фелікс — інжынерам-электыкам. Іх даход складае прыкладна 5000 злотых. Для іх агульная еўрапейская прастора — гэта магчымасць пабачыць свет. «Спачатку было неяк нязвыкла, — распавядае пані Марыя, — збіраемся ехаць у Аўстрыю, а ўсё, што трэба, — гэта грошы і квіткі. Ніякіх табе дазволаў, віз, нават пашпарт не патрэбны. Наша дачка жыве ў Ірландыі. І мы можам у любы момант прыехаць да яе пагасціць, унукаў пабачыць».

А вось пан Здзіслаў, гандляр кветкамі, нічога добрага ад уступлення Польшчы ў ЕС не бачыць. Ён наогул нічога добрага ў сённяшняй Польшчы не бачыць: «Раней, за саветамі, было як? Адпрацаваў свае 8 гадзін, заробак атрымаў — і ляжы сабе. Не трэба было больш ні аб чым клапаціцца. Я на заводзе працаваў, быў неблагі заробак. А зараз што? Не, мне ўсё гэта не падабаецца».

vetki.jpg

Да слова, пан Здзіслаў быў адзіны ў такіх сваіх перакананняў. Ва ўсялякім разе з тых, з кім мне давялося размаўляць за больш чым тыднёвую паездку ў Варшаву.

«ЯКА ВЕЛЬКА ЕСТ ВАРШАВА»

Радкі з дзіцячага вершыка пра Варшаву, мне ўзгадаліся адразу пасля сыходу з цягніка. За апошнія гады сталіца Польшчы значна змяніла сваё аблічча. Можна сказаць, што гэта суцэльная будаўнічая пляцоўка. Акрамя новай лініі метро, новай кальцавой дарогі, будуюцца жылыя комплексы, офісныя гмахі. Усё гэта стала магчыма, дзякуючы еўрапейскім датацыям. Варшава ўжо атрымала прыкладна 8 мільярдаў еўра на розныя праекты. Што гэта за праекты, спецыяльна для НЧ распавёў віцэ-мэр Варшавы Міхал Альшэўскі.

ol_shevski.jpg

— Мы сёння думаем пра перспектывы на наступны перыяд (пасля 2014 года) і рыхтуемся да атрымання чарговых 8 мільярдаў, якія дазволяць нам працягваць нашы праекты. Напэўна, без гэтых грошай не прыходзілася б нават марыць пра будаўніцтва другой лініі метро. Гэта наш найбуйнейшы праект. Для параўнання, мы выдаткавалі на яго каля 5 мільярдаў злотых, з якіх больш за палову — 2,9 мільярда — са сродкаў ЕС. 5 мільярдаў — гэта агульная сума, мінус падатак — застаецца 4 мільярда. ЕС пакрывае 59 працэнтаў выдаткаў на гэты праект.

Мы атрымалі грошы на закуп трамваяў, будаўніцтва новых трамвайных ліній, на закуп цягнікоў, якія курсуюць па хуткай гарадской чыгунцы.

Акрамя такіх важных праектаў, як метро, грамадскі транспарт увогуле, дарогі, ёсць і такія, на якія б мы, напэўна, не рашыліся яшчэ шмат гадоў. Бо метро ці дарогамі горад калісьці заняўся б.

Найвялікшым праектам з’яўляецца ачышчэнне сцёкаў і каналізацыйнай сістэмы, а таксама паляпшэнне якасці вады ў водаправодах. Далей ідуць грамадскія, культурныя праекты. Нашым найбуйнейшым культурным праектам з’яўляецца навуковы цэнтр «Капернік». У гэтай групе культурна-турыстычных праектаў знаходзіцца таксама будаўніцтва набярэжнай Віслы, засваенне гэтай тэрыторыі з турыстычна-рэкрэацыйнымі мэтамі, бо бок — бульвары, пляжы, мадэрнізацыя Чарнякоўскага порту, веласіпедная дарожка.

Да культурных праектаў сумесных з ЕС адносіцца таксама датацыі музеям, мадэрнізацыя тэатраў. Фактычна мы маем некалькі дзясяткаў грамадскіх праектаў: або мадэрнізуем нейкія дзіцячыя пляцоўкі, або Дамы культуры.

У нас шмат праектаў, адрасаваных да асоб, якія хочуць застацца ў Польшчы, іх адаптацыі. Праектаў, якія датычацца павышэння кваліфікацыі, выраўноўвання шансаў для моладзі ў доступе да адукацыі. У нас было некалькі дзясяткаў праектаў па ахове здароўя, абсталяванне шпіталяў. У нас ёсць і свае фішкі, якія тычацца, напрыклад, аховы прыроды, аховы птушак на Вісле.

Напрыклад, праект па стварэнню лякарні для птушак, куды можна іх прынесці параненых, а потым іх там іх лечаць і вяртаюць у прыроду. У сярэднім кожная другая птушка вяртаецца ў сваё натуральнае асяроддзе. У нас там ёсць і цэнтр для экзатычных жывёл, якія нелегальна ўвозяцца на тэрыторыю Польшчы. На гэта таксама ідуць еўрапейскія датацыі. І ёсць яшчэ праект, які тычыцца назірання за птушкамі на тэрыторыі Варшавы, на Вісле. Такія праекты мы б ніколі не рэалізавалі самі.

Паглядзіце на Варшаву! Яна мяняецца ў лепшы бок з кожным днём. На будынку крамы «Эмпік» каля ронда дэ Голя вісіць плакат, дзе напісана: «Увесь народ будуе сваю сталіцу». Гэта сапраўды так, увесь народ павінен ганарыцца, што будуе сваю сталіцу. Больш таго, Варшава з’яўляецца сталіцай краіны-чальца ЕС.

***

Праз амаль сорак гадоў з часу майго першага падарожжа ў Польшчу мяне зноў уразілі людзі і крамы. Людзі — разняволеныя, незласлівыя, усмешлівыя, ветлівыя і добра апранутыя. Крамы, дзе ад коштаў не хочацца плакаць. А яшчэ ўразілі адносіны да культуры і гістарычнай спадчыны, грамадскі транспарт і сфера паслуг. Але пра гэта — іншым разам.

Даведка:

Міхал Альшэўскі нарадзіўся ў 1977 годзе ў горадзе Быдгашч. Скончыў факультэт журналістыкі і палітычных навук Варшаўскага ўніверсітэта. Дырэктар Упраўлення еўрапейскіх фондаў Варшавы. З кастрычніка 2011 года віцэ-мэр Варшавы.