Доктар Салавей: Мінздароўя хоча стаць манапалістам у прасоўванні замежных лекаў
Міністэрства аховы здароўя часова забараніла медыкам асабіста кантактаваць з замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі. Нібыта выкрылася схема, па якой медработнікі маглі ўзаемадзейнічаць з кампаніямі, праводзячы навучанне.
Нібыта ў рамках такіх праектаў лекары за прачытанне лекцый атрымлівалі грашовую ўзнагароду, што пракуратура і палічыла «фактычнымі рэкамендацыямі сваім пацыентам выкарыстоўваць пэўныя прэпараты».
Пры гэтым сума незаконнага ўзнагароджання фарміравалася, зыходзячы з колькасці набытых медыкаментаў: «Фрагменты ўпакоўкі з нумарам партыі і датай вытворчасці перадавалі работнікам прадстаўніцтва для пацвярджэння дамоўленасцей».
Доктар Станіслаў Салавей, які вымушана пакінуў Беларусь, у размове з «Філінам» вельмі здзівіўся такой фармулёўцы і лічыць, што Мінздароўя стварае чарговы «схематоз».
— Наогул, мне складана паверыць у схему, пры якой хтосьці, выкарыстаўшы лекі, павінен быў аддаць упакоўку доктару, — не хавае здзіўлення лекар Станіслаў Салавей. — Цікава, як гэта магло адбывацца. Я, тэрапеўт, выпісваю пацыенту лекі і кажу: «А ўпакоўку прынясіце і аддайце мне»? Думаю, пацыент тады на мяне паглядзеў бы, як мінімум, са здзіўленнем, калі не з падазрэннем.
Нешта падобнае можна хаця б гіпатэтычна ўявіць, кажучы пра вельмі дарагія прэпараты — анкалогія, імунная тэрапія. З масавымі прэпаратамі, антыбіётыкамі, вітамінамі і іншымі рэалізаваць нейкую карупцыйную схему ўпотай ад усіх немагчыма.
— А што вы скажаце пра навучанне і лекцыі для медыкаў, якія міністр аховы здароўя назваў «бізнесам, які перайшоў чырвоную лінію»?
— Што тычыцца лекцый, якія часта праводзіліся ў форме канферэнцый, то яны былі. У замежных кампаній была практыка падобных форумаў: здымаць нейкае прыгожае памяшканне (рэстаран або гатэль) і праводзіць усё ў форме фуршэту. Уваход быў бясплатны, у якасці лектараў прывозілі расійцаў, украінцаў, кампаніі багацейшыя маглі дазволіць сабе еўрапейскіх спецыялістаў. Часта выступалі нашы беларускія дацэнты, прафесары.
Але ў асноўным мы хадзілі на лектараў, імёны якіх ведалі па публікацыях або водгуках.
У гэтым плане падобныя мерапрыемствы былі нейкай магчымасцю не моцна адставаць ад жыцця. У асноўным усе лектары ставіліся вельмі якасна да гэтай працы, рабілі вялікі агляд і аналіз літаратуры, заўсёды гаварылі і аб адмоўных, пабочных дзеяннях прэпаратаў.
У нашай краіне нармальнай статыстыкі, нармальных навуковых прац з аналізам не праводзіцца. Але за мяжой пастаянна ідуць клінічныя выпрабаванні, вывучаецца вопыт выкарыстання прэпаратаў. І, чытаючы лекцыі, спецыяліст сапраўды распавядаў, напрыклад, аб вопыце лячэння пнеўманіі нейкім сродкам, заўсёды паказваючы, якія ў яго плюсы і якія мінусы.
Табе проста падаюць інфармацыю. За тое, як ты будзеш ёю распараджацца, адказваеш толькі ты сам, а не лектар.
Вядома, бывалі выпадкі з нядобрасумленнымі лектарамі, якія, па сутнасці, ператваралі ўсё ў рэкламную акцыю ці пад гэтай маркай згаджаліся прасоўваць нават якія-небудзь гамеапатычныя прэпараты. Але, зноў жа, я іду ў свой вольны час паслухаць меркаванне нейкага аўтарытэтнага чалавека. Буду я пасля гэтага выпісваць дадзены прэпарат ці не — гэта маё асабістае права.
Я нясу адказнасць за ўсё, што прызначаю і рэкамендую. Я і ў інтэрнэце шукаю шмат інфармацыі аб прэпаратах, асабліва новых. І такая форма ў выглядзе падачы на канферэнцыях вельмі зручная. Да таго ж ты адразу бачыш калег з іншых клінік, можна і абмеркаваць нешта.
У цэлым, дастаткова шмат калег з маёй сферы наведвалі гэтыя мерапрыемствы.
— Падобныя мерапрыемствы арганізоўвалі не толькі фармацэўтычныя кампаніі, але і Міністэрства аховы здароўя, і іншыя дзяржструктуры?
— Так, БДМУ, напрыклад. На іх лекцыях адбывалася тое ж самае, прыязджалі тыя ж лектары, тыя ж выступоўцы. Чым адрозніваліся канферэнцыі Міністэрства аховы здароўя, на якія мы таксама, дарэчы, спраўна хадзілі? Як правіла, яны праходзілі ў працоўны час, і трэба было спецыяльна адпрошвацца.
А цяпер яны распрацавалі нібыта меры процідзеяння, і «замежныя кампаніі змогуць удзельнічаць толькі ў канферэнцыях пад эгідай Міністэрства аховы здароўя і толькі ў міжнародна-практычных канферэнцыях ВНУ, якія праходзяць пад эгідай ВНУ і зацверджаны Міністэрствам».
Гэта значыць яно хоча стаць манапалістам у сферы прасоўвання замежнай прадукцыі на наш рынак?
— Прадстаўнікі замежных кампаній не толькі арганізоўвалі лекцыі і канферэнцыі, яны і іншымі спосабамі ўзаемадзейнічалі з лекарамі, напрыклад, раздаючы рэкламную прадукцыю, у асноўным канцылярскія тавары, прама ў паліклініках. Верагодна, гэта цяпер таксама будзе лічыцца подкупам?
— Так, яны часта прыходзілі, асабліва ў паліклінікі, таму што там паток большы, адпаведна, большы рынак. Не магу казаць за ўсіх лекараў, але калі лекі працуюць, незалежна ад намаганняў прадстаўнікоў кампаній, я буду іх выкарыстоўваць. Калі яны не працуюць, я нікому іх рэкамендаваць не буду.
Дапусцім, канкрэтна ў маёй сферы ішла вельмі агрэсіўная рэклама аднаго папулярнага прэпарату, і многія яго сапраўды выпісвалі цяжарным, але ў мяне іншыя крытэрыі.
Цяпер лічаць карупцыяй лекцыі. Хоць асабіста я лічыў іх нармальнай практыкай.
А ёсць яшчэ і іншая практыка продажаў. Калі гаворка ідзе, напрыклад, пра новае абсталяванне: каб прадэманстраваць яго перавагі і навучыць ім карыстацца, кампанія запрашае да сябе і праводзіць стажыроўкі.
Дапусцім, у хірургіі вывучаеш нейкую новую методыку, табе могуць аплаціць пералёт, да прыкладу, у Ізраіль, Польшчу, Украіну ці Расію. Гаворка ідзе аб аперацыях альбо новым абсталяванні, якога ў нас раней не было, або аб тэхналогіях, якія раней не выкарыстоўваліся, калі ўсё трэба растлумачыць, паказаць.
Гэта нармальная практыка, і выдатна, што нашы спецыялісты мелі такую магчымасць. Зразумела, што падобныя паездкі ўзгадняліся з Міністэрствам аховы здароўя ў абавязковым парадку і ў іх абы-каго не бралі.
Таму там мог аказацца чалавек, які не мае адносін да дадзеных аперацый, не ведае замежнай мовы, ён проста быў у добрых адносінах з кім-небудзь з адміністрацыі, міністэрства.
Гэта подкуп ці не, асабліва калі такія паездкі праходзілі за сродкі нашага бюджэту?
— Вы не выключаеце таго, што Міністэрства хоча стаць манапалістам у сферы прасоўвання замежнай прадукцыі на наш рынак?
— Так, гэта прыбытковы бізнес. Другі момант: у нас катастрафічна развальваецца сістэма аховы здароўя. Трэба шукаць вінаватых. А тут выявілі цэлую «групоўку». Гэта вельмі зручна ў пошуках крайняга.
У нас жа які падыход да ўрача? Выпішаш імпартны прэпарат, які рэальна больш эфектыўны, значыць, табе заплацілі.
Лекар — закладнік сітуацыі. Ён павінен прызначаць строга тыя прэпараты, якія скажуць, вядома, не прадстаўнікі фармкампаній.
— Як зменіцца сітуацыя пасля забароны асабіста кантактаваць з замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі?
— Тое, што забаранілі асабістыя кантакты з лекарамі, не азначае, што гэтых кантактаў не будзе. Проста цяпер яны будуць з канкрэтнымі людзьмі. Умоўна кажучы, вы хочаце правесці канферэнцыю па прасоўванні свайго прэпарату, і для таго, каб яе арганізаваць, трэба звярнуцца ў міністэрства або да рэктара і дамаўляцца.
Альбо вам могуць навязаць свайго лектара, і гэтае пытанне таксама будзеце неяк рэгуляваць.