Беларускім медыкам забараняюць асабістыя кантакты з замежнымі кампаніямі

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч анансаваў змену падыходаў да прасоўвання замежнай медыцынскай прадукцыі. Раней былі распрацаваныя нарматыўны дакументы, якія «дастаткова жорстка абмяжоўвалі працу замежных фармацэўтычных кампаній і іх прадстаўніцтваў у нашай краіне».

8aad0f771d10b5c0334d0724ae966c597789505a.jpg


У іх падкрэсліваецца, што беларускія медработнікі могуць «узаемадзейнічаць з кампаніямі ў строга абмежаваных варыянтах, напрыклад, праводзячы навучанне», піша «Е*рарадыё».

Міністэрства аховы здароўя такім чынам праводзіць «прафілактыку карупцыйных парушэнняў». Напярэдадні Генпракуратура паведаміла пра выкрыццё схемы схаванага подкупу медыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі з мэтай іх прасоўвання на беларускім рынку (з лекарамі заключаліся дамовы падраду на чытанне лекцый).

«На жаль, бізнес перайшоў чырвоную лінію, — кажа Піневіч. — І ў апошні час іх праца мела мала агульнага з сумленнасцю: пад выглядам асветніцкай дзейнасці рабілася незаконная аплата за прасоўванне медыцынскіх тавараў».

Мінаховы здароўя адрэагавала на заяву Генпракуратуры, і ўжо распрацаваны «комплекс мер абмежавальнага характару». Цяпер замежныя кампаніі і іх прадстаўніцтвы змогуць паўдзельнічаць толькі ў тых канферэнцыях, якія праводзяцца пад эгідай Мінаховы здароўя. Усе іншыя адукацыйныя мерапрыемствы забаронены. Асабістыя кантакты медыкаў з замежнымі кампаніямі «павінны быць спынены» да выпрацоўкі «новых падыходаў». Міністэрства аховы здароўя зробіць гэта сумесна з МУС і Генпракуратурай.