Дзеці пытаюцца: «Калі прыедзе тата?»

Сёння распачаўся працэс над ашмянскімі мытнікамі, якіх вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва вялікім памеры. Сярод іх — грамадскі актывіст і краязнавец Алесь Юркойць.

cam03199_logo.jpg


У Судзе Партызанскага раёну г. Мінску прайшло першае паседжанне па гучнай справе ашмянскіх мытнікаў.
Нагадаем, што ўвесну 2015 году былі затрыманыя з паўсотні супрацоўнікаў прапускнога пункту «Каменны лог» па абвінавачанні ў хабарніцтве ў асабліва буйных памерах (ч.3 арт.430 КК). Сярод затрыманых апынуўся і інспектар Алесь Юркойць, грамадскі актывіст ды адзін з арганізатараў беларускага жыцця на Астравеччыне.
На паседжанне прыйшлі родныя затрыманых, журналісты ды грамадскія дзеячы — Усевалад Сцебурака, Глеб Лабадзенка, Сяргей Дубавец, якія асабіста ведаюць Юркойця. Сам суд пачаўся са спазненнем ледзве не на гадзіну, а калі затрыманых вялі ў залу паседжанняў, у натоўпе нехта не стрымаўся: «Алесь з барадой! Які прыгожы!» Сапраўды, Юркойця пасля амаль двух год за кратамі пазнаць цяжка…

cam03192_logo.jpg


Справу вядзе суддзя Зміцер Супрун. Дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляюць адразу два пракуроры: цягам паседжання яны папераменна пералічвалі дзеянні ды сумы хабараў «арганізаванай злачыннай групоўкі», якая па іх версіі дзеяла на Каменным логу з 2010 па 2015 год. Агульная сума хабараў, якая была сёння агучаная, складае каля 850 тыс. даляраў альбо 12 млрд рублёў курсам на момант затрымання.Па справе праходзіць каля 60 мытнікаў рознага рангу, але для зручнасці абвінавачаных разбілі на групы. Прыкладам сёння на лаве падсудных было 11 чалавек: 5 з іх знаходзяцца пад вартай, 6 — пад хатнім арыштам.

cam03186_logo.jpg


Сябры, якія прыйшлі падтрымаць Алеся, не вераць у ягоную прыналежнасць да злачыннай групы ды ўдзел у цьмяных карупцыйных схемах:
«Чалавек амаль два гады за кратамі, ён не бачыў твараў сваіх людзей, — дзеліцца ўражаннямі журналіст і пісьменнік Сяргей Дубавец. — Сёння ён іх пабачыў. Таму і я, і іншыя ягоныя сябры збіраемся і надалей хадзіць на гэтыя суды. Дзякуючы Юркойцю мы звярнулі ўвагу на гэты працэс. Пры сённяшнім рэжыме такія працэсы праходзяць перыядычна. Гэта канфлікты паміж элітамі, кланамі, прыходзіць нехта новы, круціць зоркі ў пагонах… Алесь наўпрост трапіў «пад грабёнку» — узялі ўсю мытню і яго, як аднаго з мытнікаў».

cam03194_logo.jpg


Блогер Глеб Лабадзенка дапускае, што некаторыя з тых, хто аказаўся на лаве падсудных, сапраўды вінаватыя. Але ў віну Юркойця верыць адмаўляецца.
«Я са здзіўленнем сёння пабачыў, што палова людзей, якія праходзяць па справе, знаходзяцца пад хатнім арыштам, але не ў турме, — тлумачыць Лабадзенка. —  У Алеся трое дзяцей і я ведаю, што ягоная сям’я не аднойчы звярталася з хадайніцтвам, каб яго адпусцілі нават пад падпіску ці хатнюю варту. Пры гэтым, з таго, што я ведаю, супраць Алеся няма значных абвінавачнванняў: магчыма, не «закладваў» калегаў, але не болей. Таму мне не зразумела, чаму ён за кратамі!»
Жонка Алеся, Ганна Юркойць кажа, што ўсё ж такі спадзяецца, што мужа выпусцяць, бо за ім не можа быць аніякай віны: «Я не веру ў тое, у чым вінавацяць майго мужа. Ён чалавек сумлення, які не здольны браць хабар і дзейнічаць такім чынам. Усе сябры і блізкія яго ведаюць, ён веруючы чалавек. Дзеці часта пытаюцца: «Калі прыедзе тата?» альбо наўпрост плачуць. Яны ж малыя, таму падрабязнасці не тлумачым».

cam03204_logo.jpg


Сённяшняе паседжанне толькі першае з доўгага шэрагу. Справа аказалася надта аб’ёмнай ды і колькасць абвінавачаных перавышае паўсотні. Па некаторых разліках, разбіральніцтва можа трываць ад некалькіх месяцаў да году.