Ці апраўдаюць Барбашынскага, віну якога ў судзе не даказалі?
Пракурор запатрабавала для Івана Барбашынскага 3 гады абмежавання свабоды, адвакат прасіла прызнаць яго невінаватым.
18 лістапада ў судзе Слуцкага раёна адбыліся выніковыя судовыя спрэчкі паміж пракурорам і адвакатам Івана Барбашынскага.
У зале суда ў гэты час знаходзіліся больш за 20 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць Івана і яго маці.
Пракурор добрасумленна пералічыла падрабязнасці акалічнасці справы з пункту гледжання “пацярпелых” міліцыянтаў і папрасіла суд прызнаць Івана Барбашынскага вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу і прызначыць яму ў якасці пакарання 3 гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пасля вынясення судовага выраку, паводле прапановы пракурора, Іван павінен быць вызваленым у зале суда.
Пасля слова ўзяла адвакат Юлія Станкевіч. Яшчэ перад пачаткам спрэчак яна перадала суддзі доказы сяброўскіх кантактаў міліцыянта Яўгена Шусцера з галоўным сведкам міліцыянтаў Арцёмам Борысам, які нібыта ноччу 19 сакавіка знаходзіўся ў мікрааўтобусе і бачыў п’яных братоў Барбашынскіх. Міліцыянты ж раней сцвярджалі, што яны не знаёмыя са сведкай Борысам, але забылі пра свае кантакты ў сацыяльных сетках.
Падчас жнівеньскага допыту ў судзе сведка Арцём Борыс заблытаўся ў сваіх паказаннях і фактычна сам прызнаўся, што міліцыянты праз некалькі дзён пасля інцыдэнту сустрэлі яго ў горадзе і прапанавалі быць сведкам.
Адвакат лічыць, што пракурор павінен звярнуць увагу на паказанні сведкі Борыса і прыцягнуць да адказнасці за непраўдзівыя паказанні.
Аргументавана і паслядоўна адвакат прайшлася па ўсіх пунктах абвінавачання і фактычна знішчыла ўсе аргументы абвінавачання.
Па словах адваката, два бакі гавораць пра дзве розныя сітуацыі і розныя акалічнасці справы. Супрацоўнікі РАУС, калі заводзілі крымінальную справу супраць Барбашынскіх, чамусьці не паклапаціліся прадставіць фактычныя доказы той жа бойкі ўнутры аўтамабіля. Што перашкодзіла павярнуць спраўны відэарэгістратар унутр памяшкання і зняць карцінку бойкі? Бо характарыстыкі сведчаць, супрацоўнікі РАУС — класныя прафесіяналы.
Ці маглі б прафесіяналы не паклапаціцца пра сваю бяспеку і бяспеку для аўтамабіля і пасадзіць каля сябе ўшчэнт п’яных людзей, не скаваўшы ім папярэдне рукі кайданкамі.
А можа той бойкі не было ўвогуле? Папярэдне ў гэты дзень “пацярпелы” Ламейка выязджаў на затрыманне з “насіллем”. Паказанні экспертызы гавораць, што сінякі ім маглі быць атрыманыя і ў той дзень, і нават раней.
Дзіўным чынам выглядае апісанне ў матэрыялах следства і парванай вопраткі, якая, дарэчы, у судзе не даследавалася. На думку экспертаў, каб яе парваць такім чынам, патрэбны рознабаковыя рухаючыя сілы і зверху, і знізу. І Іван не мог яе парваць, стукнуўшы па ёй кулаком альбо проста пацягнуўшы зверху, як сведчылі міліцыянты.
Адвакат прайшлася па ўсіх абставінах справы і сумна канстатавала, што на баку міліцыянтаў толькі адна перавага, а менавіта прыналежнасць да ліку сілавых структур.
Адвакат Юлія Станкевіч лічыць, што самі абставіны затрымання мужчын вельмі сумнеўныя. Пры затрыманні супрацоўнікі РАУС нават не прадставіліся і не патлумачылі прычыну затрымання — гэта фактычна агучылі 2 бакі. Затрымліваць нецвярозых людзей толькі за тое, што яны ідуць дадому з начной кавярні, і нікога пры гэтым не чапаюць і нікому не ствараюць перашкод?
Абаронца лічыць, што і акалічнасці справы, і аргументы, прыведзеныя супрацоўнікамі РАУС, недакладныя, недаказаныя і сумнеўныя.
А ўсялякія сумненні патрэбна разглядаць на карысць абвінавачаных. Таму адвакат папрасіла суд прызнаць Івана Барбашынскага невінаватым.
Канчатковую кропку суд паставіць у гэтым пытанні ў панядзелак, 21 лістапада, у 10.30.
Мясцовы праваабаронца, сябра праваабарончай арганізацыі Віталь Амяльковіч лічыць, што суддзя Юлія Паўленка зараз знаходзіцца ў складанай сітуацыі:
— Відавочна, што адвакат мае больш рацыі, паколькі доказы віны Барбашынскіх вельмі сумнеўныя. На мой погляд, міліцыянты выдумалі для сябе легенду і адпаведна з ёй будавалі справу. На хлусні добры фундамент не збудуеш, таму ў гэтай легендзе столькі хібаў. А іх сведка Борыс толькі запляміў супрацоўнікаў РАУС.
Хацелася б чакаць апраўдальнага выраку, але ёсць сумненні, бо над гэтай легендай папрацавала занадта шмат праваахоўнікаў і следчых.