«Дзея» ўшанавала памяць Юркі Лістапада (фота)
Выбітны змагар за беларускасць і незалежнасць краіны Юрка Лістапад нарадзіўся 7 красавіка 1897 года. Актывісты ініцыятывы «Дзея» адзначылі 120-годдзе з дня нараджэння суайчынніка вандроўкай па гістарычных мясцінах.

Юрка Лістапад быў удзельнікам слуцкага паўстаня, сябрам Беларускай Рады Случчыны, настаўнікам, перакладчыкам, ён арганізоўваў курсы беларусазнаўства і ствараў беларускія школы на Случчыне, удзельнічаў у выданні альманаха «Наша слова». У свой час не пабаяўся назваць сталінскі лад тэрарыстычнай дыктатурай, што будуе так званы сацыялізм на касцях зэкаў, у якіх Сталін і яго памагатыя ператварылі народ. Быў арыштаваны і закатаваны бальшавікамі ў 1938 годзе ў Бамлагу ва ўзросце 41 год.

Разам з Алінай Нагорнай і гісторыкам Нінай Стужынскай вандроўнікі ўшанавалі памяць герояў Слуцкага паўстання ў вёсцы Грозаў, а пасля наведалі вёску Варкавічы Слуцкага раёна, дзе нарадзіўся Юрка (Георгій Іванавіч) Лістапад.

Гісторык Ніна Стужынская лічыць што патрыятычная дзейнасць Юркі Лістапада павінна быць у будучыні адзначана належным чынам і мемарыялізавана беларусамі.
— Гэта быў сапраўдны патрыёт Беларусі, якіх не так многа ў нас, — гаворыць Ніна Стужынская. — Яго жыццё з маладога ўзросту і да гвалтоўнай смерці было падпарадкавана ідэі служэння вольнай і незалежнай Беларусі.

Па словах гісторыка, бальшавісцкія ўлады былі надта напалоханы свабодалюбівым зместам ужо першага нумара альманаха «Наша слова», дзе Юрка Лістапад выказваў свой пункт гледжання на дэмакратычную дзяржаву.
«Свабода слова і друку, веравызнання — вось гарантыя ад прыгнёту і крыўды ўлады»,
— пісаў змагар за Беларусь яшчэ ў тыя часы. Гэтыя яго выказванні актуальны і да нашых часоў.
Група з 16 ўдзельнікаў гістарычнага падарожжа складалася, у асноўным, з маладых актывістаў, зацікаўленых у вывучэнні гісторыі роднага краю і забытых імёнаў.

Але былі і людзі сталага веку. Анатолю Болазю, случчаніну, хутка споўніцца 70 гадоў. Мужчына шкадаваў, што пражыў жыццё, не ведаючы гісторыі Случчыны.
— Пра Георгія Жукава, як пра знакамітага палкаводца, ведаю з пялёнак. Але не ведаў, што ён узначальваў вайсковую частку, якая задушыла слуцкае паўстанне. Настаўнік Юрка Лістапад быў актыўным удзельнікам слуцкага паўстання — пра яго ў Слуцку нічога не нагадвае, а Жукаву стаіць помнік. Гісторыя ў нас нейкая ўся перайначаная наадварот, — гаворыць пенсіянер.

Кастусь Ахроменка — малады чалавек з сталіцы, музыка-фрылансер, падзяліўся ўражаннямі ад вандроўкі.
— Вельмі ўдзячны арганізатарам і асабіста Ніне Стужынскай. Цікава было больш падрабязна даведацца пра Юрку Лістапада, пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі яго справы, якую даследвала гісторык. Такія ўнікальныя экскурсіі павінны праводзіцца і найдалей. Шкада, што яны даступны невялікаму колу ўдзельнікаў.
Насця Аўхімовіч уражана агульным станам занядбанасці гістарычных помнікаў.
— Мяне ўразіў старажытны аграгарадок Грозаў, які мог бы стаць нейкай своеасаблівай гістарычнай «меккай» для Капыльскага раёну. Прагнілы крыж у памяць слуцкіх паўстанцаў у складзе Грозаўскага палка даглядаецца толькі ўдзельнікамі вандровак. Непадалёку знаходзіцца напаўразбураная дваранская сядзіба 19 стагодддзя — гэта таксама магла б быць гісторыка-культурніцкая каштоўнасць пры зацікаўленасці ўлад. Адсутнасць помніка слуцкім паўстанцам, помніка Юрку Лістападу, гнілыя крыжы і недагледжаныя разбураныя муры — гэты своеасаблівы помнік культурніцкай палітыцы цяперашніх уладаў, — сумна канстатуе дзяўчына.
Арганізацыяй вандроўкі займалася случчанка Аліна Нагорная.
— Юрка Лістапад, не гледзячы на небяспечныя ўмовы для сваёй дзейнасці, імкнуўся захаваць незалежнасць роднага краю. Ён - прыклад мужнасці і самаахвярнасці. Я лічу, што такія вандроўкі павінны стаць традыцыяй для нас.Я вельмі хачу арганізоўвваць як мага больш мерапрыемстваў, звязаных з Слуцкім паўстаннем, у самім Слуцку. Случчакі маюць права ведаць сваю сапраўдную гісторыю. А ў падручніках па гісторыі інфармацыі пра паўстанне няма. Улады замоўчваюць гэтую тэму. Дзесьці з паўгады я пішу звароты ў райвыканкам, з просьбай даць памяшканне для гістарычных імпрэзаў. Мы з Нінай Стужынскай і Алесем Лагвінцом былі на прыёме ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціны Ражанец па гэтым пытанні. Пакуль і гэта не дало плёну. Рыхтуем зварот у Міністэрства культуры.У Беларусі вельмі багатая гісторыя.Мы павінны ведаць яе, каб не дапускаць памылак, зробленных у мінулым. Толькі гэта дапаможа нам захаваць сваю незалежнасць.
Фота Зінаіды Цімошак і Пятра Маркелава