«Дзейнічала супраць улады». У калонію адправілі жанчыну, якая рабіла грашовыя пераводы палітвязням
Жыхарку Брэста Ірыну Пагадаеву пакаралі трыма гадамі калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмізму». Раней яна зрабіла 32 грашовыя пераводы палітвязням, якіх абвінавацілі ў «злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці».
Гэта адна з першых спраў, калі чалавека фактычна асудзілі за дабрачыннасць. З пункту гледжання права выглядае як нонсэнс. Аднак цяперашнія беларускія ўлады, пракуроры і суддзі трактуюць законы ў адпаведнасці з уласным іх разуменнем, піша партал bgmedia.site.
Пры гэтым рэжым прыцягнуў Ірыну Пагадаеву да адказнасці за падпіскі на каналы «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (Disident.by, «Вясна»,
«Лісты салідарнасці Беларусь 2020»), прыцягнуўшы сюды крымінальны артыкул. Дый «экстрэмісцкімі» гэтыя каналы былі
прызнаныя МУС і КДБ толькі ў лістападзе-снежні 2023 года — праз год пасля таго,
як жанчына адправіла свой апошні грашовы перавод у СІЗА.
«Выкарыстоўваючы вышэйназваныя рэсурсы, Аб'яднаны пераходны кабінет вёў сваю дэструктыўную дзейнасць, накіраваную на дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады і распальванне ідэалагічнай варожасці ў Рэспубліцы Беларусь», — гэта вытрымка з афіцыйнага абвінавачвання, якое цытавала пракурор.
Падчас спрэчак яна адзначыла, што «рост экстрэмізму ў Беларусі ўяўляе сур'ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы», а грамадзяне, прылічаныя ўладай да катэгорыі экстрэмістаў, «планавалі дзеянні, якія замахваюцца на асновы канстытуцыйнага ладу». На думку пракурора, Ірына Пагадаева была часткай экстрэмісцкага супольнасці, «наведвала забароненыя каналы, таму дзейнічала свядома, па матывах ідэалагічнай варожасці, з прамым намерам супраць дзеючай улады».
Лінія абароны была пабудаваная на абвяржэнні гэтай адкрытай юрыдычнай недарэчнасці. Адвакат абвінавачанай казала пра тое, што яе падабаронная нічога не ведала пра «экстрэмісцкую» скіраванасць рэсурсаў, на якія яна была падпісаная (што праўда, то праўда — «экстрэмісцкімі» іх абвесцяць шмат пазней) і лічыла, што дзейнічае ў рамках закона. Апошняе таксама з'яўляецца абсалютнай ісцінай. Бо права чытаць любую інфармацыю ў інтэрнэце і пералічваць грошы з уласных зберажэнняў праз «Белпошту», у тым ліку людзям пад вартай, гэтак жа натуральна, як і права на жыццё.
У сваім апошнім слове Ірына Пагадаева шмат казала пра тое, што паважае законы, на першае месца ставіць правы чалавека, заўсёды прытрымліваецца прынцыпа дапамагаць слабым і ніколі не адчувае ні да каго ніякай варожасці. Яшчэ яна падзякавала супрацоўнікам СІЗА №7, якія выратавалі яе ад гіпертанічнага крызу ў перыяд знаходжання пад вартай.
Дарэчы, на апошняе пасяджэнне Пагадаеву даставілі ў суд у кайданках. Калі яна папрасіла суддзю дазволіць іх зняць, той спярша звярнуўся да канвою. У адказ пачуў, што нядаўна выйшаў загад камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Мікалая Карпянкова, у адпаведнасці з якім асобы, абвінавачаныя паводле гэтага артыкула (арт.361-4 КК) павінны дастаўляцца ў суд і знаходзіцца там у кайданках».
Маўляў, зняць іх можна толькі пад асабістую адказнасць суддзі. Суддзя распарадзіўся на час пасяджэння вызваліць рукі абвінавачанай.
У выніку пракурор запрасіла для Ірыны Пагадаевай тры гады пазбаўлення волі. Адвакат настойвала на тым, што ў дзеяньнях яе падабароннай няма складу злачынства, і прасіла суд апраўдаць Ірыну.
Суддзя абласнога суда Мікалай Сіз, як водзіцца, стаў на бок дзяржабвінаваўцы. Калі не здарыцца чагосьці экстраардынарнага, 14-гадовая дачка Ірыны зможа абняць сваю маму дома, калі ёй будзе ўжо 17 гадоў. Такая цана, якую вымушаныя плаціць тысячы нашых суайчыннікаў і іх родныя за тое, што ў дзяржаве вось ужо чацвёрты год «не да законаў».
У гэтыя дні ў Брэсцкім абласным судзе разглядаецца яшчэ адна справа паводле таго ж артыкула (арт. 361-4 КК). Берасцейку Ірыну Бандарэнка таксама абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яна цягам некалькіх месяцаў рабіла невялікія грашовыя пераводы зняволеным, а таксама насіла перадачы ў СІЗА-7 горада Брэста. Праз гэта да яе ўжо доўгі час была асаблівая ўвага сілавікоў. Жанчыну затрымлівалі ў сакавіку і ў лістападзе мінулага года. У выніку следства палічыла яе дзеянні «фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці». У канцы красавіка 2024 года берасцейку ўзялі пад варту. Як і Ірыну Пагадаеву, праваабаронцы ўключылі Ирыну Бандарэнка ў спіс палітвязняў.