Дзень Волі ў Гродне: як гэта будзе?
У другой сталіцы БНР Гродна працягваецца актыўная падрыхтоўка да святкавання Дня Волі, якое, паводле задумы аргкамітэту, павінна паўтарыць леташні агульнанацыянальны маштаб. «Новы Час» распытаў пра запланаваную праграму аднаго з асноўных арганізатараў мерапрыемства — вядомага гродненскага журналіста, прэс-сакратара кампаніі «Каліноўскі-2019» Андрэя Мялешку.
— Што прадугледжвае сёлетні фармат святкавання Дня Волі ў Гродне: якія цікавосткі чакаюць яго непасрэдных удзельнікаў?
— Сама імпрэза прымеркаваная да 102-й гадавіны абвяшчэння БНР. Сёлета мы вырашылі крыху змяніць фармат, хаця ён будзе падобны да леташняга. Месцам правядзення мерапрыемства, як і летась, з’яўляецца Каложскі парк, але дадаецца нашмат больш атракцыяў. Імпрэза запланаваная як гарадскі фэст, на якім, апроч канцэртнай праграмы, будуць паказальныя баі рыцарскіх клубаў, прадставяць свае вырабы народныя майстры. Плануем задзейнічаць у розных атракцыях усю пляцоўку — ад стэлы да помніка-каменя напачатку парка, гэта прыкладна 500 метраў. Пляцоўка фуд-зоны будзе разлічаная для прыблізна двух дзясяткаў установаў грамадскага харчавання з розных куткоў Беларусі.
Своеасаблівай разынкай сёлетняга святкавання стане выдача пашпартоў грамадзяніна БНР. Пашпарт можна будзе аздобіць паўнавартаснай «візай», дзеля гэтага трэба будзе прайсці адмысловы квэст: наведаць у межах фэсту 10 лакацыяў, у кожнай з якіх атрымаць адпаведную пячатку. На выгляд пашпарт будзе цалкам сапраўдным, з абавязковым фотаздымкам уласніка. Для гэтага плануем усталяваць фотакабінку.Чытачам «Новага Часу» хачу раскрыць таямніцу: для пераможцаў квэсту запланаваныя салодкія падарункі ад кампаніі «Мядовы шлях».
— Дзень Волі ў Гродне робіцца сапраўдным фэстам. Гэта пацвердзіла леташняе святкаванне. Ці захаваецца падобны фармат і сёлета?
— Так, вядома ж. Мы запрашаем удзельнікаў з усёй Беларусі наведаць наш патрыятычны фэст у другой сталіцы Беларускай Народнай Рэспублікі, каб удзельнікі маглі пашырыць свае веды з гісторыі і культуры, каб убачылі ў гэтым кантэксце не толькі грамадска-палітычны, але і культурніцкі аспект падзеі. Мы плануем прыцягнуць да святкавання як мага больш людзей і нагадаць ім пра сталічнае мінулае нашага горада. Я мяркую, што людзі ўжо натхнёныя і папярэднімі святкаваннямі, таму дакладна не меншая колькасць будзе сёлета разам з намі удзельнічаць у мерапрыемстве.
— Першы падобны фэст быў праведзены ў Гродне ў 2018 годзе. Ужо можна казаць пра пэўную традыцыю, якая практычна склалася, — прапаганда здаровага ладу жыцця, без алкагольных напояў. Гэты фармат надае святу нейкі сямейны характар. Што вы рыхтуеце менавіта для сем’яў з дзецьмі?
— Перадусім гульнявыя зоны, у тым ліку ад крамы «Кубік». Таксама будуць лакацыі са спартовымі элементамі: разнастайныя ціры, стрэлы з лука і духавой стрэльбы. Пакуль распрацоўваецца агульны спіс такіх забаваў, гэтым непасрэдна займаецца ўласнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч. Ён адказвае за забаўляльную частку мерапрыемства.
— Каложскі парк уваходзіць у спіс узгодненых месцаў, у якіх можна праводзіць грамадска-палітычныя і культурніцкія акцыі. Хто забяспечвае арганізацыйна-тэхнічную частку святкавання?
— Заяўку на правядзенне мерапрыемства 21 сакавіка з 14.00 да 19.00 падалі прадстаўнікі грамадска-палітычных арганізацый Гродна: кіраўнік гарадской арганізацыі АГП Уладзімір Пруднікаў, актывіст гродненскай філіі партыі БНФ Максім Губарэвіч. Да заяўнікоў таксама далучылася Вольга Верамеенка з гродненскай этнакрамы «Адметнасць», якая таксама будзе мець сваю пляцоўку падчас імпрэзы. Будуць пляцоўкі ад гродненскіх курсаў «Мова нанова», вядомага інтэрнэт-выдання «Hrodna.life».
— Вядома ж, цэнтральнай лакацыяй святкавання будзе музычная сцэна. Менавіта ад яе залежыць настрой і агульная атмасфера фэсту. Якая рыхтуецца музычная праграма? Ці ёсць папярэдні плэй-ліст?
— Пакуль яшчэ вядуцца перамовы, але мы можам дакладна сказаць, што ў якасці сола-выступоўцы будзе лідар гурту «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў. Таксама будзе андэрграўндны бард і інтэлектуал Сяргей Башлыкевіч, які, хутчэй за ўсё, будзе задзейнічаны як галоўны вядоўца мерапрыемства. Апроч гэтага ён будзе выступаць разам з уласным праектам «Leibonik». Паводле папярэдняй дамовы, да нас завітае ўкраінскі гурт «Колір». Канчатковы плэй-ліст з 6-7 гуртоў будзе сфармаваны бліжэйшым часам.
— Наколькі я ведаю, для фінансавага забеспячэння мерапрыемства здзяйсняецца адмысловая краўдфандынгавая кампанія. На што мэтава пойдуць назбіраныя грошы?
— Паводле папярэдніх падлікаў, для арганізацыі «Дня Волі-2020» у Гродне патрэбная сума не менш за 15 тысяч рублёў. У яе ўваходзіць аплата арэнды сцэны, на якую мы плануем выдаткаваць не больш за 1500 рублёў. Аплата працы камунальных службаў, МУС, МНС, медычнай службы, электрасетак. Мы плануем назбіраць усе неабходныя фінансавыя сродкі з дапамогаю платформы MolaMola, а таксама мэтавага фандрайзінгу ў сацыяльнай сетцы Facebook.
Праз належнае святкаванне Дня Волі і ўшанаванне памяці айцоў-заснавальнікаў БНР мы перадусім хочам засведчыць, што мы, беларусы, маем сваю адметную гісторыю, культуру, што нават больш за стагоддзе таму мы былі адрознымі ад Расіі, ужо тады заявілі пра тое, што мы — незалежная дзяржава, а не частка нейкай імперыі. Падобныя імпрэзы вельмі патрэбныя, каб паказаць адметнасць беларусаў, гістарычную пераемнасць і спадчыннасць Беларусі з Вялікім Княствам Літоўскім, у якое ўваходзілі і іншыя народы. Таму і запрашаем украінскі гурт «Колір», каб яны са сваёй перспектывы прадэманстравалі сапраўднае братэрства і сяброўства нашых народаў.
Фінансава падтрымаць арганізацыю патрыятычнага фэсту «Дзень Волі-2020» у Гродне можна праз краўдфандынгавую платформу MolaMola і фандрайзынг уFacebook.