Дзень Волі

Сёлетняе адзначэнне Дня Волі — угодкаў заснавання Беларускай Незалежнай Рэспублікі — мала чым вылучалася ад папярэдніх мерапрыемстваў. Нешматлюдна, ужо традыцыйныя праблемы з гукаўзмацняльнай апаратурай, прамовы “па накатанай. Але вялікім плюсам гэтай вулічнай акцыі стаў яе мірны характар: і ўлады, і арганізатары змаглі ўсё ж не сапсаваць свята сутыкненнямі з міліцыяй ды разгонам мітынгоўцаў.



4ae67a7dd7e491f8fb6f9ea0cf25dfdb.jpg

Сёлетняе адзначэнне Дня Волі — угодкаў заснавання Беларускай Незалежнай Рэспублікі — мала чым вылучалася ад папярэдніх мерапрыемстваў. Нешматлюдна, ужо традыцыйныя праблемы з гукаўзмацняльнай апаратурай, прамовы “па накатанай. Але вялікім плюсам гэтай вулічнай акцыі стаў яе мірны характар: і ўлады, і арганізатары змаглі ўсё ж не сапсаваць свята сутыкненнямі з міліцыяй ды разгонам мітынгоўцаў.
Перад пачаткам мітынгу каля Акадэміі навук у цэнтры Мінска, што быў дазволены Мінгарвыканкамам як месца збору, супрацоўнікі міліцыі, адказныя за працу з журналістамі, так званыя прэс-афіцэры, паведамілі, што маюць інфармацыю, быццам бы падчас мітынгу рыхтуецца правакацыя “падобная да той, што была ўчыненая ў сталіцы ў 2008 годзе 3 ліпеня. На ўдакладняючыя пытанні, адкуль растуць ногі ў правакацыі, прэс-афіцэр адказаў: “З Расіі. Аднак, на шчасце, усё прайшло мірна і добразычліва. Пра магчымую правакацыю ведалі хіба толькі міліцыянты з металашукальнікамі ды сабакам, што аглядалі ці для пратаколу, ці для выгляду карчы і ліхтарныя слупы. Удзельнікі вулічнай акцыі пераходзілі ад адной кампаніі да другой, пераказвалі свае навіны ды цікавіліся планам мерапрыемства. А яго ніхто не ведаў, зрэшты, як і самі арганізатары, хаця ад пачатку гарачых настрояў, з якімі ходзяць штурмаваць кардоны, не было.
Мітынг пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць пісьменніка Канстанціна Тарасава, развітанне з якім адбылося акурат 25 сакавіка. Пасля — шэраг традыцыйных прамоў палітыкаў, дзеячаў культуры. Гаварылі пра эканамічныя праблемы, дэмакратыяю, незалежнасць, мову, культуру, праўду. Заклікалі да салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, над якімі цяпер ідзе судовы працэс па абвінавачванні быццам бы ў тэрарызме. Партыя БНФ абвясціла, што распачынае “месяц нацыянальнай салідарнасці, каб сабраць сродкі для хворых беларускіх дзяцей.
Пасля прамоў і нядоўгай “літаратурнай праграмы, што прадугледжвала чытанне вершаў, якія, праўда, з-за кепскай апаратуры пачуў далёка не кожны, арганізатары прапанавалі людзям выйсці на тратуар да праспекта “на пяць хвілін, а пасля разыходзіцца па сваіх інтарэсах. Яшчэ хвілін дваццаць броўнаўскага руху побач з Акадэміяй навук, і каля дзвюх тысяч мітынгоўцаў пакрысе арганізаваліся ў кампаніі знаёмцаў — хто песні беларускія спяваць, а хто ў бар падняць келіх пад вокліч “Жыве Беларусь!. Яшчэ не Дзень Св. Патрыка, але ўжо і не пабітыя АМАПАМ да крыві людзі. Праўда, як і летась, невялікая група моладзі паспрабавала рушыць у бок цэнтру Мінска па забароненым уладамі маршруце. Пасля нядоўгага супрацьстаяння з людзьмі ў форме і яны адмовіліся ад задумы.
Па завяршэнні мітынгу адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заўважыў, што Дзень Волі звязаны з абстрактным паняткам свабоды, і павёў вакол рукою, тым самым, відаць, акрэсліваючы межы нашай свабоды, і рэзюмаваў: “То добра, што людзі прыходзяць, збіраюцца разам, каб адзначыць гэтае свята. З тым і пагодзімся.