Дзяржава адмовілася бараніць Курапаты

21 жніўня калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду пад старшынствам Іны Яблакавай спыніла судовы працэс у абарону Курапатаў.



kurapaty_mhs_21_8_14_1.jpg

Абаронцы Курапатаў перад пачаткам пасяджэння ў Мінскім гарадскім судзе

Такім чынам, судовая калегія задаволіла касацыйны пратэст пракуратуры Цэнтральнага раёна сталіцы, якая прасіла адмяніць рашэнне суддзі суда Цэнтральнага раёна Івана Майсейчыка ад 27 чэрвеня і спыніць вытворчасць па гэтай справе.

Прадстаўнікі грамадскасці прасілі суд першай інстанцыі абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Такім чынам павінна быць выканана прадстаўленне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года.

  

Аднак суддзя Іван Майсейчік не задаволіў скаргу грамадзянаў. Прычым, свой прысуд матываваў, між іншым, тым, што Генпракуратура лічыць свае прадстаўленне Мінаблвыканкаму “дзеючым”. Паводле словаў суддзі, прадстаўленне Генпракуратуры дагэтуль знаходзіцца ў працэсе выканання, паколькі не толькі прыпынены будаўнічыя работы на аб’екце прыдарожнага сервісу, але і вырашаюцца пытанні аб самавольным будаўніцтве з боку “БелРэстІнвесту”. Дарэчы, вынас 4 дамкоў з ахоўнай зоны Курапатаў будзе вырашацца паводле артыкулу 223 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Самавольнае будаўніцтва і яго наступствы”), заявіў суддзя.

  

Заяўнікі палічылі такі прысуд незаконным і неабгрунтаваным і абскардзілі яго ў Мінгарсудзе. Аднак прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку людзі сталага веку, вымушаныя былі больш гадзіны чакаць пачатку разгляду касацыйнай скаргі, якая праводзілася ў кабінеце старшыні судовай калегіі. А паколькі ў судовым разборы разам з суддзямі і зацікаўленымі асобамі прымалі ўдзел каля 20 чалавек, працэс прайшоў у перапоўненым пакоі і частка ягоных удзельнікаў вымушаная была стаяць. Паколькі суд не змог аніяк абвергнуць аргументы заяўнікаў, ён перавёў разгляд справы ў вобласць працэдурных пытанняў.

kurapati_mgs_21_8_14_2.jpg

Гары Паганяйла каментуе журналістам вынікі суду

Прадстаўнікі грамадскасці акцэнтавалі ўвагу суду на тое, што цягам амаль 21 месяца чыноўнікі і забудоўшчык не выконваюць прадпісанне Генпракуратуры аб вынасе (зносе) аб’ектаў, самавольна і незаконна пабудаваных у ахоўнай зоне Курапатаў. На меркаванне прадстаўнікоў грамадскасці, такое адбываецца з-за таго, што чыноўнікі спадзяюцца на беспакаранасць, а забудоўшчыкі — па падтрымку службовых асобаў. Складваецца сітуацыя, пры якой дзяржава можа звузіць ахоўную зону Курапатаў, і такім чынам увесці ў прававое поле незаконна ўзведзеныя аб’екты. Такі падыход стварае небяспеку звужэння ахоўнай зоны Курапатаў з поўначы і ўсходу ад помніка, дзе мяркуецца, адпаведна, працягнуць будаўніцтва катэджнага пасёлку “Сонечны” і ўзвесці Міжнародны выставачны цэнтр.

Такім чынам, дзяржава ў чарговы раз засведчыла сваё нежаданне бараніць Курапаты.

Як адкажа на гэтую пазіцыю чыноўніцтва грамадскасць — пакажа час.

Неабходна выказаць падзяку заяўнікам скаргі — прадстаўнікам грамадскасці: Зінаідзе Тарасевіч, Вацлаву Нямковічу, Вацлаву Арэшка, Вінцуку Вячорку і Алесю Макаву, археолагу Валянціне Вяргей і праваабаронцу БХК Гары Паганяйла, якія забяспечвалі, адпаведна, навуковае і юрыдычнае суправаджэнне справы, журналістам недзяржаўных СМІ Галіне Абакумчык, Генадзю Барбарычу, Васілю Сямашку і Захару Шчарбакову, якія асвятлялі судовы працэс, а таксама зарэгістраванай у Літве Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Беларусі — за інфармацыйную падтрымку заяўнікаў у межах кампаніі “Зробім лепш”. 

Апроч іх падтрымаць заяўнікаў у судзе прыехалі жыхары райцэнтру Івацэвічы, што на Берасцейшчыне Міхась Саявец і вёскі Бараўляны Мінскага раёну Дзяніс Лайкоў. Свой удзел у судзе актывіст аргкамітэту па стварэнню партыі БХД спадар Лайкоў матываваў, між іншым, тым, што абарона Курапатаў лечыць беларусаў ад бяспамяцтва пра рэпрэсіі таталітарнага рэжыму. Менавіта за гэтае беспамяцтва беларусы пакараныя зніклымі палітыкамі і новымі палітвязнямі, падкрэсліў спадар Дзяніс. Дарэчы, ён сістэматычна ўдзельнічае ў акцыях ўшанавання і па добраўпарадкаванню нацыянальнага некропалю ў межах талокаў, што праводзяць актывісты грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”. Дзяніс Лайкоў распавёў пра тое, што ягоныя дзядуля і бабуля, якія напраканцы 1920-х -- на пачатку 1930-х гадоў жылі ў Крупках (сённяшні райцэнтр Мінскай вобласці), былі даволі заможнымі людзьмі і таксама пацярпелі – іхняя хата была тройчы спаленая.

На здымках

1.Абаронцы Курапатаў перад пачаткам пасяджэння ў Мінскім гарадскім судзе.

2. .