Ахоўную зону вакол Курапатаў могуць звузіць

Улады збіраюцца звузіць ахоўную зону вакол Курапатаў. Пра такі намер сведчаць як сама гісторыя пытання ахоўнай зоны, так і ліст намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко на пісьмовы зварот абаронцаў Курапатаў.



23_9_14.jpg

У сваім лісце намеснік міністра, між іншым, нагадвае, што межы зонаў аховы (ахоўнай зоны, зоны рэгулюемай забудовы і зоны аховы навакольнага асяроддзя) матэрыяльнай нерухомай гісторыка­культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30–­40­х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы "Курапаты” зацверджаны пастановай № 15 Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года на перыяд да распрацоўкі горадабудаўнічага праекту стадыі “Дэтальны план”.

Затым спадар Яцко адзначае, што “унясенне змяненняў у прынятыя нарматыўныя акты з улікам іх абгрунтаванасці і ў мэтах прывядзення ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам з’яўляецца агульнапрынятай нормай”.

Далей у лісце паведамляецца пра рашэнне Мінскага аблвыканкама No 8743 ад 28 снежня 2012 года аб распрацоўцы праекта дэтальнага плану (ПДП) тэрыторыі вакол Курапатаў, а таксама пра даручэнне ўраду Мінскаму абласному і Мінскаму гарадскому выканкамам у 2014 годзе распрацаваць ПДП тэрыторыі, адзведзенай пад размяшчэнне Міжнароднага выставачнага комплексу на полі з усходняга боку Курапатаў. Урэшце, як падкрэсліваецца ў лісце, вышэйпазначанай горабудаўнічай дакументацыяй будзе забяспечана, у тым ліку, “і зацвярджэнне Міністэрствам культуры межаў зон аховы гісторыка­культурнай каштоўнасці, зыходзячы з прынятага заніравання тэрыторыі і стварэння інфраструктуры з улікам захавання адметных вартасцяў помніка гісторыі”.

У звароце ва ўрад абаронцы Курапатаў звярнулі ўвагу на тое, што цягам больш як 20 гадоў для Курапатаў не распрацаваны і не зацверджаны Міністэрствам культуры праект зонаў аховы гэтага выбітнага помніка трагедыі беларускага народу. Замест гэтага сталага праекту дзейнічае часовая (на перыяд да распрацоўкі горадабудаўнічага праекту стадыі “Дэтальны план”) схема зонаў аховы Курапатаў, зацверджаная 12 мая 2004 года. Але самае галоўнае ў тым, што згодна заканадаўству спачатку павінен зацвярджацца праект зонаў аховы Курапатаў, а ў залежнасці ад яго весціся распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якой можа аказаць уздзеянне на каштоўнасць. Аднак робіцца наадварот.

Згодна з адказам з Міністэрства культуры ад 6 сакавіка 2014 года, абавязак па распрацоўцы праекту зонаў аховы Курапатаў ускладзены на суб’екты гаспадарання, якія ў сваіх інтарэсах плануюць і ўзводзяць аб’екты гаспадарчага прызначэння на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны каштоўнасці, устаноўленай часоваю схемаю зонаў аховы Курапатаў згодна пастанове Міністэрства культуры No 15 ад 12 мая 2004 года. Пра гэта сведчыць прыклад будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу на 51­-м кіламетры МКАД з былой назвай “Бульбаш­хол”, калі СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходнягя боку шэраг аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.

Другім такім прыкладам можа стаць праектаванне і будаўніцтва на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў Міжнароднага выставачнага цэнтру, бо ўжо адпрацаваны адваротны прадугледжанаму законам алгарытм дзеянняў: спачатку рыхтуюцца праекты горадабудаўнічай, землеўпарадкавальнай і іншай праектнай дакументацыі, а ў залежнасці ад іх — праект зонаў аховы Курапатаў.

Паколькі у выніку такіх дзеянняў будзе неапраўдана і насуперак закону няўхільна звужацца ахоўная зона Курапатаў, ягоныя абаронцы лічаць, што Міністэрства культуры ў межах сваёй кампетэнцыі не выконвае абавязак дзяржаўнай структуры па ахове Курапатаў.