Дзень народзінаў Генадзя Грушавога — у садзе яго імя
24 ліпеня ў Мінску, у Садзе надзеі імя Генадзя Грушавога адзначылі яго 64 дзень народзінаў.
У садзе, разбітым на тэрыторыі праваслаўнага прыходу Маці Божай «Усіх смуткуючых радасць», з Беларусі і Нямеччыны сабраліся родныя, сябры і калегі вялікага беларускага
гуманіста Генадзя Грушавога (24.07.1950, Мінск – 28.01.2014), каб ушанаваць яго памяць.
У інтэрвью карэспандэнту НЧ удава Генадзя Грушавога Ірына Грушавая распавяла гісторыю стварэння Саду надзеі:
«Гэтая ідэя нарадзілася ў мяне вясною 1993 году пасля Еўрапейскага экуменічнага форуму жанчын у італьянскім кляштары Санта-Сівера. Пад уражаннем гэтага форуму, дзе прадстаўніцы 28 краін
Еўропы абмяркоўвалі праблему захавання жыцця на Зямлі, я прапанавала пасадзіць у Мінску Дрэва надзеі. Як раз у гэты час мы збіралі грошы на міжнародны беларуска-дацка-нямецкі праект па вытворчасці ў
Беларусі экалагічна чыстага дзіцячага харчавання. І Генрых Трацяк — старшыня калгасу з
Ляхавіцкага раёну, што на Берасцейшчыне, згадзіўся здзейсніць гэты праект у сваёй гаспадарцы. У выніку вандровак па Еўропе мы сабралі на нямецкі рахунак каля 600 тысяч дойчмарак і сталі закупляць
неабходнае абсталяванне. Генрых Трацяк падарыў нам саджанец яблынькі, які мы пасадзілі на тэрыторыі прыходу Маці Божай «Усіх смуткуючых радасць» разам з Генадзем і ягоным сябрам,
настаяцелям прыходу айцом Ігарам (Карастылёвым).
Праз год мы вырашылі пасадзіць у садзе другое дрэва — вішаньку. Аднак неўзабаве
загінула нашая яблынька — будаўнікі храму не заўважылі яе і паклалі на дрэва бетонную
пліту. Мы хуценька прыдбалі ў пітомніку і пасадзілі два новых саджанца — грушы і
яблыні, а праз год — яшчэ адзін — вішні. Яшчэ ў 1994 годзе мы сталі абмяркоўваць ідэю закладкі Саду надзеі — нерукатворнага пладаноснага помніку, што нараджаецца, жыве і старэе, як чалавек. Трэба адзначыць, што
Генадзь вельмі падтрымаў гэтую ідэю і ягоны калега ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь XII склікання архітэктар Лявон Зданевіч распрацаваў цудоўны план гэтага саду. Мы падпісалі з айцом Ігарам
мемарандум, згодна якога царква прадастаўляла нам плошчу для саду, а мы абявязаліся яго закласці 26 красавіка 1996 году — у дзесятую гадавіну Чарнобыля, і даглядаць.
Я распавяла пра гэтую ідэю на Еўрапейскіх экуменічных форумах жанчын у Будапешце (Венгрыя) і Бухарэсце (Румынія), дзе прадстаўніцы 17 краінаў выказалі пажаданне ўдзельнічаць у закладцы Саду
надзеі. Два гады мы рыхтаваліся да гэтай падзеі, дзеля чаго стварылі ў нашым дабрачынным фондзе «Дзецям Чарнобыля» адмысловую экуменічную групу «Жанчыны і энэргія». Напярэдадні падзеі цяжка захварэў Генадзь, у аўтакатастрофе разам з сваімі трыма дзецьмі загінула сябра групы
Алена Успенская — дачка вядомай грамадскай дзеячкі Ады
Чалей. Апроч таго, на тэрыторыі прыходу вялося будаўніцтва храму і трэба было тэрмінова рыхтаваць пляц пад сад. Мы сабралі грошы, нанялі бульдозеры, ачысцілі і выраўнавалі ўчастак, засыпалі яго
чарназёмам і зрабілі ямы пад дрэвы.
І вось надышоў дзень закладкі Саду надзеі. Прадстаўніцы 17 краінаў Еўропы разбіліся на групы па восем чалавек, кожная з якіх высаджвала па аднаму дрэву. У акцыі ўдзельнічаў і берасцейскі
фолк-анасамбль “Крэсіва” (мастацкі кіраўнік Анатоль Казак).
Пасля малебну айцец Ігар асвяціў саджанцы, а «Крэсіва» выканаў каля кожнага дрэўца старадаўнюю традыцыйную беларускую народную песню з рэгіёнаў, пацярпелых ад
Чарнобылю. Усяго мы тады высадзілі 68 пладовых дрэў — груш, сліў і яблынь. Не было толькі вішань, бо мы не знайшлі іх здаровых
саджанцаў. І раптам з’явілася здымачная група Беларускага тэлебачання, якая пасля тэлемосту з Хірасімай прывезла два саджанцы японскай вішні — сакуры. Пайшоў дожджык і над Садам надзеі з’явілася вясёлка. А затым мы прынялі ўдзел у
Чарнобыльскім шляху, які ўпершыню быў разагнаны.
У Садзе надзеі ёсць дзве грушы, саджанцы якіх з нямецкай вёскі з-пад Гётынгену (зямля Ніжняя Саксонія) прывезлі нашыя сябры, муж і жонка Вольфганг і Герхільд Крамеры. Гэтыя імянныя грушы
высаджаны ў гонар нас з Генадзем. Усе 18 год Сад надзеі даглядаюць доктар біялагічных навук Вера Сідэнка і актывістка фонду Галіна Кавальчук, а таксама мясцовыя прыхаджане. Усім ім вялікі дзякуй за
гэта!».