Дзмітрый Кучук: Якія наступствы могуць быць – цяжка ўявіць
Дзяржаўная інспекцыя па бяспецы ядзернай энергетыкі Літвы настойвае на прыпыненні працы Астравецкай АЭС. Напярэдадні МНС Беларусі выдала ліцэнзію на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока станцыі.
![kuchuk.jpg kuchuk.jpg](/img/v1/images/kuchuk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Факт выдачы ліцэнзіі
не мяняе пазіцыі літоўскага боку. Адзначаецца, што Літва яшчэ не атрымала
адэкватных адказаў на пытанні, у тым ліку звязаных з выбарам і ацэнкай пляцоўкі
будаўніцтва, сейсмічнай устойлівасцю праекта БелАЭС, устойлівасцю перад
аварыямі вялікіх камерцыйных самалётаў, выкананнем большасці рэкамендацый па
выніках стрэс-тэстаў.
Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук таксама нагадвае:
— За ўсю гісторыю будаўніцтва атамнай станцыі там загінулі каля сямі будаўнікоў. Сам корпус рэактара таксама быў пастаўлены пашкоджаны, яны стукнулі яго аб слуп. Іншыя прыклады — пачыналася будоўля без праекта, не хапала рознага абсталявання. Гэта гаворыць, канешне, пра якасць будаўніцтва. І якія наступствы могуць быць — цяжка ўявіць.
У сваю чаргу, міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс заявіў, што краіна прыме дадатковыя меры «для таго, каб забяспечыць выкананне патрабаванняў „антыастравецкага” закона». Маецца на ўвазе тое, каб лініі электраперадачы з Беларусі не выкарыстоўваліся для камерцыйных патокаў электраэнергіі ў Літву.
На крытыку Літвы ўжо адрэагаваў Лукашэнка: «Трэба будзе — пабудуем і другую атамную электрастанцыю. У гэтым уся перспектыва».
Стась Дадэрка, «Беларускае Радыё Рацыя»