БелАЭС атрымала ліцэнзію на эксплуатацыю першага энергаблока

Беларуская АЭС атрымала ліцэнзію на эксплуатацыю першага энергаблока, паведаміла начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская.

aes_toplivo_priehalo.jpg


Калегія МНС прыняла рашэнне ўнесці дапаўненні ў ліцэнзію БелАЭС на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, што дазваляе прыступіць да прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока, піша REFORM.by.

Рашэнне грунтуецца на заключэнні Дзяржатамнагляду, станоўчых выніках экспертызы, дакументах, якія абгрунтоўваюць бяспеку, і ацэнцы адпаведнасці заяўніка ліцэнзійным патрабаванням і ўмовам.

Экспертызу бяспекі правёў па тэхзаданні Дзяржатамнагляду Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» НАН Беларусі, а ацэнку адпаведнасці — сам Дзяржатамнагляд.

Перад разглядам пытання аб выдачы ліцэнзіі прайшлі грамадскія слуханні, якія адбыліся 30 красавіка. Паведамляецца, што каментары і пытанні, якія паступілі, прыняты пад увагу пры падрыхтоўцы рашэння аб выдачы ліцэнзіі.