ЕГУ рыхтуе кадры для жыцця ў гэтым свеце
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пачаўся сёмы навучальны год у выгнанні. Як вядома, ЕГУ знайшоў прытулак у Літве. Сёлета гасцям урачыстай цырымоніі адкрыцця быў прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. Прэм’ер пацвердзіў, што ёсць патрэба дапамагаць ЕГУ і суседняй Беларусі на шляху да еўрапейскіх каштоўнасцяў, росквіту, дэмакратыі і правоў чалавека. Але на адрас ЕГУ гучаць як ухвалы, так і негатыўныя рэплікі.
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пачаўся сёмы навучальны год у выгнанні. Як вядома, ЕГУ знайшоў прытулак у Літве. Сёлета гасцям урачыстай цырымоніі адкрыцця быў прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. Прэм’ер пацвердзіў, што ёсць патрэба дапамагаць ЕГУ і суседняй Беларусі на шляху да еўрапейскіх каштоўнасцяў, росквіту, дэмакратыі і правоў чалавека. Але на адрас ЕГУ гучаць як ухвалы, так і негатыўныя рэплікі. На найбольш частыя крытычныя пытанні адказвае прарэктар па акадэмічных пытаннях прафесар Аляксандр Калбаска ў размове з журналісткай «НЧ» Вольгай Хвоін.
(На здымку: Студэнтаў вітае Андрус Кубілюс)
— Што вы скажаце пра закід, што ЕГУ ўсё менш і менш робіцца беларускім? І ці ёсць у вас акцэнт на нацыянальныя традыцыі адукацыі?
— Пытаннем на пытанне: а ці ёсць у Беларусі нацыянальная традыцыя адукацыі? Калі нехта думае, што савецкая адукацыя, якая засталася ў спадчыну сённяшняй Беларусі, ёсць адметнай нацыянальнай
традыцыяй, я з гэтым не пагаджуся. Можна крытыкаваць беларускасць ЕГУ пад рознымі ракурсамі: беларускамоўнасць універсітэта, беларускі кантэкст зместу — чаму і як навучаюцца, колькасць
выпускнікоў, якія вяртаюцца ў Беларусь. Для мяне беларускасць — гэта адчуванне сябе беларусам у Літве, што нашмат хутчэй і больш глыбока адбываецца ў Вільні, чым гэта было ў Мінску. У мяне
ёсць магчымасць параўнаць беларускасць універсітэта мінскага і віленскага перыядаў. І я гатовы сказаць: нашмат глыбей і больш сур’ёзна беларускасць асэнсоўваецца і жыве тут, у Вільні. Калі
глядзець на статыстыку — колькі выкладчыкаў карыстаюцца беларускай мовай, то гэта прыкладна карэлюе з распаўсюджанасцю беларускай мовы ў краіне. Калі 15 і менш працэнтаў жыхароў Беларусі
карыстаюцца беларускай мовай, то паспрабуйце павялічыць гэты працэнт да трыццаці ў Вільні! Штучна па моўнай прыкмеце адбіраць людзей для працы ва ўніверсітэце няслушна. Яшчэ я б звярнуў увагу на
колькасць сустрэч ва ўніверсітэце з дзеячамі беларускай культуры, палітыкі — ад Зянона Пазняка да Алеся Разанава. Вы мусілі заўважыць падчас адкрыцця навучальнага года, што наш універсітэт у
Літве не можа быць ні чыста беларускім, ні чыста літоўскім, ні чыста англійскім. Пашукайце самі адказ на пытанне, у якой камбінацыі гэта можна ўзрасціць у жывой інстытуцыі.
— Выступ студэнта ЕГУ на вольнай англійскай, літоўскай мовах пакінуў вельмі добрае ўражанне. Які ўвогуле ўзровень падрыхтоўкі па замежных мовах?
— Мы вымушаныя, што далёка не ёсць практыкай усіх еўрапейскіх універсітэтаў, два гады з чатырох аддаваць моўнай падрыхтоўцы. Усе студэнты два гады абавязкова вывучаюць англійскую мову і па
выбару нямецкую ці французскую, да гэтага дадаецца літоўская. На трэцім і чацвёртым курсах ёсць шэраг дысцыплінаў, якія чытаюцца на англійскай, французскай ці нямецкай мовах. Цяпер наш універсітэт
праходзіць перарэгістрацыю навучальных праграм у цэнтры кантролю якасці Літвы, і наша ўнутранае патрабаванне — давесці колькасць англамоўных спецыяльных дысцыплін да 25 працэнтаў. Гэта
вымагае часу. Нашы студэнты ўдзельнічаюць у абмене па праграме Erasmus Mundus, таму, каб студэнтам, якія прыедуць па абмену, было што выбіраць з дысцыплінаў, мы падвышаем колькасць англамоўных
праграм да названай квоты.
— Ці ёсць у вас праграма падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі студэнтаў?
— Існуе надзвычайны фонд. Чалавек, які можа абгрунтаваць і прад’явіць доказы, што быў выключаны з ВНУ за ўдзел у палітычных акцыях, пераследаваўся КДБ, пасля паступлення мае
магчымасць цягам аднаго года быць вызваленым ад аплаты навучання. Гэты год даецца, каб даказаць, чаго ў акадэмічным плане ён варты. Пасля года падтрымкі студэнт уключаецца ў агульную рэйтынгавую
табліцу. У нас няма пажыццёвай падтрымкі чалавека за мінулыя палітычныя заслугі.
— Эканамічная сітуацыя ў Беларусі паўплывала на сёлетні набор студэнтаў?
— На шчасце, не вельмі. Але мы, адчуўшы гэтую праблему, увялі змены ў парадак аплаты. Беларускія грамадзяне могуць сёлета аплачваць сваё навучанне памесячна, у адрозненні ад прынятай
практыкі аплаты за семестр наперад. Гэтае правіла распаўсюджваецца на новы набор і на студэнтаў, якія ўжо навучаюцца ва ўніверсітэце.
прарэктар Аляксандр Калбаска
— Частка месцаў на праграмах была бясплатнай для найлепшых студэнтаў. Гэтае правіла засталося?
— Сістэма такая ж і ў гэтым годзе. Да 20-ці працэнтаў паступіўшых не будуць плаціць за вучобу ўвогуле. Наступная група — атрымліваюць зніжку восемсот еўра (аплата двух семестраў
складае 1 200 і на некаторых праграмах 1 500 еўра). Наступная зніжка — 400 еўра. І рэшта студэнтаў аплачваюць тое, што мы называем «поўны кошт». Але насамрэч гэта толькі
каля 30 працэнтаў ад сапраўднага кошту навучання. Гэтую рэшту кампенсуе траставы фонд з унёскаў донараў. На грамадзян Літвы і іншых краін падтрымка донараў не распаўсюджваецца. Сёлета на магістэрскай
праграме, і ў завочнікаў таксама, уведзеная падтрымка студэнтаў — яны цалкам ці напалову вызваляюцца ад аплаты.
— Колькасць студэнтаў-замежнікаў павялічваецца?
— У бягучым годзе на бакалаўрыят паступілі 12 чалавек з Літвы, адзінкі паступілі з-за межаў Літвы. Гэта няшмат, але, параўноўваючы з мінулымі гадамі, ёсць тэндэнцыя да павелічэння цікаўнасці
да ЕГУ з боку замежных студэнтаў. Універсітэт становіцца больш заўважным і вядомым у літоўскім асяродку.
— Было многа спрэчак вакол дэпартаменту паліталогіі пасля таго, як Віктар Марціновіч, які не мае паліталагічнай адукацыі, быў прызначаны яго кіраўніком. Як бы вы ўвогуле ацанілі
якасць падрыхтоўкі ў гэтым дэпартаменце?
— Ацэнкай ведаў займаецца камісія, якая прымае абароны ў бакалаўраў і магістрантаў. Большая палова гэтай камісіі і яе старшыня не з’яўляюцца нашымі выкладчыкамі ці беларусамі. Гэта
робіцца для большай аб’ектыўнасці. Што тычыцца аддзялення паліталогіі, то магу сказаць, што пад кіраўніцтвам Віктара Марціновіча якасць навучання не пагоршылася. Больш таго, дзякуючы яго
практычнай палітыцы, уключанасці ў працэс прэзентацыі праграмы мы пераламалі негатыўную тэндэнцыю, калі колькасць заяў хранічна змяншалася. Цяпер мы назіраем уздым інтарэсу да гэтай праграмы.
— У еўрапейскім рэйтынгу ВНУ я не знайшла Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
— Па некаторых крытэрыях мы не трапляем у прынятую сістэму каардынат. З’яўляючыся ўніверсітэтам у выгнанні, мы не ўпісваемся ў сфармуляваныя крытэры. Але я не хачу гэтым сказаць,
што, калі б усё складвалася паводле нашага светабачання, дык мы б былі ў ТОПе. Мы далёка не лепшы ўніверсітэт Еўропы і Літвы, менавіта таму мы робім працу над памылкамі, цяпер аддаём навучальныя
праграмы на перарэгістрацыю, каб яны былі больш гарманічнымі, была больш высокай планка на ўступленні і на выхадзе. Зразумела, нам цяжка канкураваць з універсітэтамі, якія працуюць у сваіх краінах
дзясяткі і сотні гадоў. Не трэба ілюзій, я не збіраюся пускаць пыл у вочы. Нам яшчэ далёка нават да сяднееўрапейскіх універсітэцкіх паказчыкаў.
— Але адукацыю ЕГУ вы ацэньваеце вышэй, чым адукацыю беларускіх ВНУ?
— Нам цяжка адсюль рабіць параўнанні. Гэта добра ці кепска, што мы яшчэ ад 2000 года пачалі навучаць па двух узроўнях, а ў Беларусі і цяпер за бакалаўрскі дыплом выдаюць дыплом спецыяліста,
які правучыўся пяць гадоў? Лёгка па той сістэме каардынат сказаць, што наш дыплом бакалаўра непаўнавартасны, бо па аб’ёму дысцыплін меншы, чым дыплом спецыяліста. Але ў гэтым і сутнасць
падзелу адукацыі ў Еўропе на два ўзроўні: чалавек сам вырашае, ці трэба яму далей вучыцца, хоча ён займаць кіруючыя пасады ці займацца навукай. Пакуль не будзе аднолькавых сістэм каардынат, нам цяжка
супастаўляць сябе з беларускімі ВНУ. Адтуль мы выпалі, а ўпісацца ў гэтую сістэму не вельмі лёгка.
Беларуская сістэма, і адукацыі ў тым ліку, можа з’імітаваць што заўгодна — дэмакратычныя перамены, балонскую мадэль. Іншая справа, ці захочуць еўрапейскія чыноўнікі бачыць гэтую
імітацыю. Я ведаю, як няпроста было зместава змяняць пяцігадовы цыкл адукацыі на чатырохгадовы, уводзіць крэдытную сістэму, каб былі ўзаемазалікі, каб гэта ўсё працавала. Скажыце, калі ласка, на якую
дысцыпліну можна па балонскай мадэлі замяніць курс «Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці»? Гаворка да таго, што з’імітаваць можна што заўгодна. Але па сутнасці рэформа
вышэйшай, сярэдняй адукацыі праваліліся. І калі за гэта брацца зноў, патрэбныя добрая воля, грошы, і пятнаццаць-дваццаць гадоў жыцця. На чыю долю гэта выпадзе, я таму не зайздрошчу.
— Хто працуе выкладчыкам у ЕГУ, якім патрабаванням яны мусяць адпавядаць?
— Каб праходзіць акрэдытацыю, палова выкладчыцкага складу мусіць мець навуковыя ступені. На захадзе гэта PhD, у ранейшай традыцыі — ступені кандыдатаў, дактароў навук. Па некаторых
спецыяльнасцях палова выкладчыкаў з такой адукацыяй набіраецца, па некаторых — не. Каб быць асноўным выкладчыкам, чалавек мусіць цалкам жыць і працаваць у Вільні. Большая частка нашых
выкладчыкаў працуе вахтавым метадам. Сем’і, іх жыццё ў Беларусі. Тут яны толькі visiting professors — людзі, якія прыязджаюць толькі для выканання адміністрацыйных ці акадэмічных
працэсаў.
Наш універсітэт прыцягвае моладзь, нашы выпускнікі пачынаюць выкладаць асістэнтамі і малодшымі выкладчыкамі, праўда, пакуль не маюць навуковай ступені. З аднаго боку, гэта працяг традыцыі, з іншага
— паніжэнне паказчыку. І мы вымушаныя балансаваць паміж запрошанымі спецыялістамі і малодшым выкладчыцкім складам. Каб гэтая сітуацыя паляпшалася, мы працуем над новай кадравай палітыкай.
Стараемся зрабіць прэферэнцыі людзям, якія дэманструюць лаяльнасць да інстытуцыі, уважаюць ЕГУ за першае месца працы. З імі заключаюцца больш працяглыя кантракты, частку людзей мы гатовыя прыняць на
пастаянную працу. Ёсць і праблема выбару паміж спецыялізацыяй і ўсяяднасцю. Можна набіраць вялікую колькасць выкладчыкаў, замацоўваючы за імі асобныя дысцыпліны. Калі ж чалавеку ствараць вялікую
нагрузку, ён мусіць быць больш шырокім спецыялістам. Атрымліваецца, чым больш шырока чалавек прапануе свае паслугі, тым менш глыбока ён можа рэалізаваць свой патэнцыял.
Сур’ёзным інструментам падвышэння якасці выкладання з’яўляецца ананімнае анкетаванне студэнтаў па тэме выкладчыцкіх курсаў. Мы мусім быць student-friendly university —
універсітэтам, які скіраваны на студэнтаў і адэкватна рэагуе на іх пажаданні.
Дарэчы, ЕГУ рыхтуе кадры для жыцця ў гэтым свеце. З першых выпускаў стацыянарнага бакалаўрыята (прыкладна 120–150 чалавек штогод) у Літве 60 з невялікім працэнтаў бакалаўраў вярнуліся ў
Беларусь. Сэнс бакалаўрыята на Захадзе — падрыхтоўка і магчымасць заняць першае працоўнае месца. Каб стаць вядомым і заўважным на палітычным, акадэмічным, сацыяльным гарызонце, выпускнік
універсітэта мусіць прайсці доўгі шлях, першае працоўнае месца такім звычайна не ёсць. З рэшты згаданых выпускнікоў — 40 працэнтаў — палова працягвае навучанне на другой ступені
адукацыі па нашых магістэрскіх праграмах. Траціна з тых, хто застаўся, маюць фінансавую магчымасць засвойваць магістэрскія праграмы за межамі Літвы і Беларусі. І толькі нязначная частка ад 150
чалавек — прыкладна дзесяць асобаў — губляюцца з нашага поля зроку ці працаўладкоўваюцца ў Літве.