Эканаміста Паўла Данэйку выключылі з савета дырэктараў «Белгазпрамбанка»
«Белгазпрамбанк» змяніў склад сваёй рады дырэктараў — цяпер там няма бізнесоўца Паўла Данэйкі, які ў 2020-м уваходзіў у Каардынацыйную Раду, а пасля з'ехаў з краіны.
У папярэдняй версіі складу кампаніі, што быў апублікаваны на адзіным партале фінансавага рынку ў дакуменце ад 15 сакавіка 2022 года, Данэйка па-ранейшаму лічыўся ў Савеце дырэктараў «Белгазпрамбанка», цяпер яго прозвішча там адсутнічае, піша «Люстэрка». У спісе засталіся толькі два незалежныя дырэктары: Аляксандр Казначэеў (топ-менеджар «Маскоўскага крэдытнага банка») і Кірыл Левін (топ-менеджар «Рассельгасбанка»).
Данэйка прыйшоў на пасаду незалежнага дырэктара ў банк у 2018 годзе, на той момант ён з'яўляўся кіраўніком групы кампаній ІПМ. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі дзве юрыдычныя асобы гэтай групы — «Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджменту» і «Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў „бізнес школа ІПМ“».
У 2020 годзе Данэйка ўваходзіў у Каардынацыйную Раду, а ў верасні 2021 года зведаў нападкі праўладных СМІ за сувязі з дэмакратычнымі сіламі.
Пазней эканаміст пакінуў краіну, спачатку жыў у Кіеве, а цяпер у Вільні. Працуе адміністрацыйным дырэктарам Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC.
У Беларусі Данэйка быў вядомы таксама як бізнес-лектар, удзельнік наглядальных радаў кампаній «Мілавіца», «Фармленд» і «Гомсельмаш». Уваходзіў у розныя аўтарытэтныя бізнес-арганізацыі, у тым ліку грамадска-кансультатыўны савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі Беларусі.
Нагадаем, 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка» ў Мінску правялі ператрусы, былі затрыманыя многія чальцы праўлення.
18 чэрвеня па гэтай справе быў затрыманы Віктар Бабарыка, які сышоў з пасады кіраўніка банка, каб узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
З 15 чэрвеня па рашэнні Нацбанка ў «Белгазпрамбанку» ўвялі часовую адміністрацыю па кіраванні банкам — яе ўзначаліла экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова, з 18 студзеня 2021 года яна заняла пазіцыю старшыні праўлення.
Адметна, што за той год, з 2020-га да восені 2021-га, «Белгазпрамбанк» страціў актывы амаль на 500 мільёнаў рублёў
Асноўны акцыянер «Белгазпрамбанка» — «Газпрам» і «Газпрамбанк». Ёсць таксама долі ў беларускай «дачкі» расійскай газавай карпарацыі — ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» і Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі.