Эколагі радуюцца: Беларусь ратыфікавала Парыжскае пагадненне па клімаце

Беларусь ратыфікавала сусветнае пагадненне ААН па клімаце, прынятае ў Парыжы ў снежні 2015 года. З гэтага моманту для нашай краіны ўступаюць у сілу міжнародныя абавязальніцтвы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і захаванні навакольнага асяроддзя. Беларусь 30-й па ліку зацвердзіла дакумент і 2-й пасля Украіны сярод краін Усходняга партнёрства.

Фота: i24news.tv

Фота: i24news.tv


Указам кіраўніка краіны №345 ад 20 верасня 2016 года Беларусь стала паўнапраўным бокам Парыжскага пагаднення па клімаце. Пагадненне было прынята ў рамках канферэнцыі ААН (СОР21) 12 снежня 2015 года ў Парыжы і падпісана 195 краінамі. Ратыфікацыя пагаднення — абавязковы для большасці краін акт ўнутранай заканатворчасці для ўступлення дамовы ў сілу.
У дадзены момант абавязальніцтвы Беларусі па Парыжскай дамове — скараціць выкіды парніковых газаў на 28% у параўнанні з узроўнем 1990 года. Тым не менш пасля ратыфікацыі дамовы наша краіна будзе ставіць больш амбіцыйныя мэты. Як патлумачыў Андрэй Піліпчук, начальнік аддзела рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і азонавы слой Мінпрыроды, заяўленая мэта была недастатковай, і нам неабходна яе перагледзець.
«Сёння выкіды Беларусі складаюць каля 92 млн тон, а наша першапачатковая мэта прадугледжвае каля 96 млн тон да 2030 года. Атрымліваецца, што мы сваё заяўленае абавязацельства ўжо датэрмінова выканалі. Але гэта не адпавядае стратэгіі нізкавугляроднага развіцця, якую прадугледжвае Парыжскае пагадненне. Вынікаючы з яе, Беларусь да 2050 года павінна дасягнуць такога балансу выкідаў і паглынання парніковых газаў, каб іх аб'ём не перавышаў 43 млн тон. Калі прытрымлівацца гэтай логікі і размеркаваць мэту ў часе, то да 2030 года мы павінны выкідваць у навакольнае асяроддзе не больш за 74 млн тон», — пракаментаваў ён.
Да канца 2018 года ў Беларусі будзе праведзены комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць ацаніць магчымыя змены ў энергетычнай палітыцы, галіне аховы навакольнага асяроддзя, і створаны план рэалізацыі новых, больш амбіцыйных мэтаў. План будзе распрацоўвацца Саветам міністраў і падведамнымі падраздзяленнямі. У адпаведнасці з ім унясуць адпаведныя папраўкі ва ўжо існуючыя заканадаўчыя акты.
Як бок Парыжскага пагаднення, Беларусь будзе мець магчымасць удзельнічаць у міжнародных эканамічных механізмах ўстойлівага развіцця. Для нашай краіны стануць даступныя гранты і праграмы для павелічэння долі аднаўляльных крыніц энергіі, адаптацыі да змены клімату ў розных галінах эканомікі, захавання лясоў і балот.
«Мы ўвайшлі ў 55 краін, хто першымі ратыфікаваў Парыжскае пагадненне. Гэтая група зможа першай ўсталёўваць ўмовы і сцвярджаць механізмы размеркавання грашовых сродкаў. У нас будзе магчымасць не дапусціць прыняцця рашэнняў, якія не выгадныя нашай краіне», — кажа Андрэй Піліпчук.
На дадзены момант Парыжскае пагадненне ратыфікавалі 30 дзяржаў-членаў ААН, у тым ліку ЗША і Кітай — лідары па колькасці выкідаў парніковых газаў, Францыя, Нарвегія, Паўднёвая Карэя, Перу, некалькі астраўных дзяржаў. 19 верасня пагадненне зацвердзіла Украіна — першая сярод нашых бліжэйшых суседзяў і краін Усходняга партнёрства.
Дакумент афіцыйна ўступіць у сілу з моманту яго ратыфікацыі як мінімум 55 удзельнікамі, якія забяспечваюць не менш 55% сусветных выкідаў парніковых газаў. Пры падпісанні пагаднення было ўстаноўлена, што гэтая лічба павінна быць дасягнута да 2020 года. Але, мяркуючы па тэмпах ратыфікацыі, можна думаць, што пагадненне пачне працаваць нашмат раней.
Паводле greenbelarus.info