Эксперт: На канец стагоддзя беларусаў можа застацца ўсяго 3-3, 5 млн

Насельніцтва Беларусі працягвае няўхільна скарачацца. У момант распаду СССР на тэрыторыі Беларусі пражывала 10,2 млн чалавек. Сёння, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, — 9,2 млн, а з улікам тых, хто з'ехаў, і таго менш. І гэтая лічба будзе толькі зніжацца.

_belarus_budzce_uvazlivymi_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Бесперапынныя рэпрэсіі, выцісканне людзей з краіны, эканамічная нявызначанасць мала спрыяюць жаданню беларусаў нараджаць дзяцей. А заклікі ўладаў сыходзяць у пустэчу.

Гнятлівую статыстыку па дэмаграфіі прывёў акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.

— Дэмаграфію лепш глядзець на доўгіх дыстанцыях, — цытуе эканаміста «Салідарнасць» са спасылкай на ютуб-перадачу «Ператрэм з Халезіным». — Дык вось на канец стагоддзя, калі мы раптам адновім нараджальнасць да максімуму 2017 года, у нас будзе прыкладна 6 млн беларусаў. Калі ж у нас будзе бягучы тэмп нараджальнасці, то гаворка будзе ісці аб 3,5-3 млн.

На думку Льва Львоўскага, спыніць гэтае зніжэнне цяперашнім уладам наўрад ці ўдасца.

— Цяпер Аляксандр Лукашэнка думае, што раз беларусы з'ехалі, ён падмане азербайджанцаў, там дзе-небудзь прарэкламуе, і яны прыедуць. Але азербайджанцы нічым не дурнейшыя за беларусаў. Яны паглядзяць навіны і нікуды не паедуць, — упэўнены эканаміст.

Галоўная прычына, па якой сёння ў Беларусі назіраецца негатыўная сітуацыя з нараджальнасцю, заключаецца ў адсутнасці стабільнасці.

— Лукашэнка ўвесь час пра яе кажа, але стабільнасць ёсць у дэмакратыях, а ў аўтакратыях якраз праблемы са стабільнасцю, таму што ўвесь час усё мяняецца, — тлумачыць Леў Львоўскі. — Сёння табе кажуць «нараджай, дамо 10 000», а заўтра табе кажуць «нараджай нам гэтае дзіця — і адразу на вайну», а паслязаўтра табе кажуць «нараджай, але калі пойдзе ва ўніверсітэт, то гэта ўжо будзе наш і павінен пяць гадоў адпрацоўваць».


Глядзіце таксама

Але калі насельніцтва Беларусі так рэзка зніжаецца, то, можа, не варта ўпірацца заклікам урада?

— Калі гаворка ідзе пра тое, каб выдзяляць на гэта дастаткова сродкаў, рэсурсаў, увесь час думаць і змяняць палітыку — так, варта, — мяркуе эканаміст. — Але калі бегаць і казаць, што месца жанчыны не ў айці-кампаніі, а ў радзільнай палаце, забараняць аборты — гэтага рабіць не варта. Такія эксперыменты былі. Напрыклад, таварыш Чаўшэску таксама быў вельмі заклапочаны дэмаграфіяй і ўвёў супержорсткія забароны на аборты. Настолькі, што нават калі ты ведаў, што твая сяброўка робіць аборт, абавязаны далажыць, інакш таксама ў турму.

Гэты крок сапраўды павялічыў нараджальнасць у краіне і прырасціў насельніцтва. Вось толькі якасць гэтага насельніцтва моцна знізілася.

— Таму што горш адсутнага ў краіне дзіцяці — дзіця, якое было народжанае бацькамі, якім яно не патрэбнае, — лічыць Леў Львоўскі. — Гэта значыць, бацькі не ўкладаюць у развіццё дзіцяці, у чалавечы капітал. Пасля Чаўшэску яшчэ 20 гадоў у краіне назіралася памяншэнне сярэдняга IQ. Так, ён павялічыў колькасць насельніцтва, але стварыў — можа, гучыць не паліткарэктна, але ў эканоміцы так кажуць — насельніцтва нізкай якасці.