«Ён не памёр, а загінуў, абараняючы чалавека». Паплечнікі ўспамінаюць праваабаронцу Леаніда Свеціка
Аднадумцы, знаёмыя і сябры віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, які раптоўна памёр 28 чэрвеня на чужыне, узгадваюць калегу і аддаюць даніну памяці яго служэнню праваабарончым ідэалам.
Аляксей Колчын, праваабаронца «Вясны»:
«Лявон даўно прысвяціў сваё жыццё праваабароне і аддана ішоў абраным шляхам, не хістаючыся і не збочваючы са сваёй дарогі. Якія б цяжкасці не падкідвала жыццё беларускаму праваабаронцу — ён заставаўся ў шэрагах тых, хто абараняе правы людзей і адстойвае справядлівасць.
Пасля таго, як працаваць ў Беларусі стала немагчыма, ён пакінуў краіну — для таго, каб працягваць рабіць сваю справу за межамі краіны. Леанід верыў, што некалі ён вернецца на Радзіму; скрушна, што ён гэтага не дачакаўся. Ён сваю дарогу выбраў і з гэтага шляху нікуды не збочваў, за што яму можна толькі пакланіцца», — цытуе Аляксея Колчына «Вясна».
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:
«Не стала нашага калегі Леаніда Свеціка. Вялікі жаль і спачуванні ад мяне асабіста і ад БАЖа.
Леанід дзесяцігоддзямі бараніў правы чалавека на Віцебшчыне, спрыяў развіццю незалежнай прэсы ў Віцебскай вобласці. У розны час быў выдаўцом і рэдактарам некалькіх інтэрнэт-СМІ. А яшчэ Леанід пісаў вершы, якіх шмат засталося ў рукапісах і кампутарных нататках.
Асабіста блізка з Леанідам мы пазнаёміліся ў Кіеве, куды нас абодвух выкінулі рэпрэсіі летам 2021-га года.
Спачатку Леанід разам з Паўлам Левінавым базаваліся ў офісе ўкраінскіх калег на вуліцы Лютэранскай, роўна насупраць офіса прэзідэнта Украіны, а потым мы разам з Леанідам і іншымі калегамі збіраліся адкрываць свой офіс і каворкінг для калег у Кіеве. Сядзелі на кухні Схід SOS і абмяркоўвалі гэтыя планы. На жаль, не адбылося.
Апошні раз мы размаўлялі з Леанідам месяц таму. Дзякуй вялікі, Леанід, за Вашу працу. RIP».
Павел Левінаў, праваабаронца БХК:
«Леанід Свецік не памёр, ён загінуў на полі абароны правоў чалавека. Шматгадовая дзейнасць Леаніда была звязана з праваабаронай. Ён быў адным з першых, хто на міжнародным узроўні даказаў парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў чалавека.
Больш за 15 гадоў мне давялося працаваць бок аб бок з Леанідам, разам абараняць правы чалавека. Мяне захаплялі яго аналітычнае мысленне і разважлівасць. Упэўнены, што ў свабоднай Беларусі яго імем будзе названая вуліца ў Віцебску.
Мала хто ведае, што Леанід пісаў вершы, зборнік якіх стаіць у мяне на паліцы. Ён быў не толькі добрым таварышам, «братам па зброі» і паэтам, але і тым, хто любіць, і клапатлівым мужам, і бацькам. Леанід, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі, цяжка перажываў расстанне з сям'ёй, што магло паскорыць яго гібель».
Леанід Судаленка, былы палітвязень, праваабаронца:
«Ведаў Леаніда Свеціка каля дваццаці год, разам займаліся праваабаронай, ён у віцебскім, я ў гомельскім рэгіёнах. За гэта час у нас з ім было шмат агульных сустрэч, разам навучаліся на адукацыйным курсе па правах чалавека. Леанід адзін з першых беларускіх праваабаронцаў, які выйграў справу ў Камітэце ААН па правах чалавека, баронячы права на свабоднае выказванне меркавання.
Ён паслядоўна і прынцыпова адстойваў парушаныя правы беларусаў і, здаецца, праваабарона стала насычаным сэнсам ягонага жыцця. Кожны з нас пасля вымушанай эміграцыі стаў жыць у больш стрэсавым асяродку і гэта не дабаўляе нікому здароўя. Шкада, што ён развітаўся з намі так рана, не дачакаўся перамен, не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...»
Алена Маслюкова, праваабаронца «Вясны»:
«Мы з Леанідам даволі шчыльна камунікавалі па працы. А напярэдадні яго заўчаснага сыходу з жыцця ён мне тэлефанаваў увечары. На жаль, так балюча, што я не пачула званка і не змагла адказаць, пачуць яго голас. Днем мы перапісваліся, а назаўтра прыйшла сумная вестка.
Не магу сабе ўявіць, што яго больш няма сярод нас і так шкада, што мы губляем надзейных сяброў.
Для праваабарончай супольнасці вельмі сумная падзея, таму што сышоў з жыцця праваабаронца, даволі вядомы чалавек у нашай справе.
Лёня быў чалавекам прынцыповым, прамым, можа, часам казаў не тое, што хацелі б чуць, але ён гэта казаў шчыра, ад усяго сэрца, хварэў за справу. Відаць, таму сэрца і не вытрымала ў чалавека.
Згадваю яго заўсёды вельмі добрымі словамі, таму што мне не аднойчы даводзілася з ім раіцца і прасіць дапамогі. Я выказваю глыбокія спачуванні сваякам, бо ведаю, як гэта цяжка губляць родных, сяброў. Я жадаю ўсім «вясноўцам» здароўя і каб яны працягнулі справу, да якой быў датычны наш Лёня».
Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца і публіцыст:
«Лявон Свецік быў вельмі прынцыповым праваабаронцам, шмат цярпеў ад пераследу мясцовых уладаў, але не ішоў на кампраміс, бараніў правы людзей і свае таксама. Усё гэта не змагло адбіцца на ўласным здароўі, а мігранцкі хлеб — вельмі цяжкі, вельмі горкі…
Леанід Свецік паспяхова шмат гадоў бараніў правы людзей у Віцебску, дапамагаў ім, рабіў адзін з лепшых праваабарончых сайтаў, які прынцыпова быў па-беларуску, ледзь не адзіны. Канешне, гэта вялікая страта.
Апошнімі гадамі адышло некалькі знакавых рэгіянальных праваабаронцаў, гвардзейцаў праваабарончага руху і кожная такая страта вельмі балючая. Можна ўспомніць тут Сяргея Гоўшу з Баранавіч, Леаніда Мархотку з Салігорску, Віктара Раманішку са Светлагорска, Алега Гулака, лідара БХК. І вось чарговая незваротная страта.
Але мы, паплечнікі, іх сябры, знаёмыя павінны працягваць гэтую справу, несці наш асабісты крыж і агульны наш грамадскі і праваабарончы крыж. На жаль, вельмі цяжкі час, а хлеб эміграцыі вельмі горкі, нягледзячы на тое, што чалавек матэрыяльна ўладкаваны, але адарваны ад родных каранёў.
Трэба шанаваць паплечнікаў, сяброў, блізкіх людзей па поглядах і старацца іх падтрымліваць усялякімі спосабамі. Нельга апускаць рукі, трэба працягваць тую справу, якую рабілі праваабаронцы, якіх з намі, на жаль, ужо няма».
Сяржук Сыс, праваабаронца, пісьменнік:
«Часта сустракаліся з Леанідам па працоўных пытаннях, разам удзельнічалі ў семінарах. Заўсёды знаходзілася хвілінка-другая, каб паразмаўляць пра жыццё і пра творчасць.
Яшчэ ў Крычаве, у родным яго горадзе Леанід выдаў у 2000 годзе маленечкім накладам свой першы паэтычны зборнік «Вначале было слово». А ў 2006 годзе выйшла ягоная другая, больш удумлівая кніга «…А мимо вдаль уходят поезда», якую пры сустрэчы ён падпісаў для мяне.
Што ўзгадваецца? У Леаніда быў няпросты, але цвёрды характар. Калі браўся за нейкую справу — абавязкова даводзіў яе да фіналу.
Яго хвалявала не толькі праваабарона ў класічным разуменні, ён таксама цікавіўся праблемамі рэгіёна, рыхтаваў звароты ў дзяржаўныя органы па «дармаедскім» дэкрэце, па замоўчванні інфармацыі пра эпідэмію COVID.
Шмат гадоў разам са сваёй камандай выдаваў «Шэрую кнігу» — хроніку парушэнняў правоў чалавека. Гэта была фішка віцебскага рэгіёна.
Пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну мы выехалі адтуль у розныя месцы: я — у Нямеччыну, ён — у Польшу. Памятаю, як аднойчы ён сустрэў мяне ў Варшаве на вакзале, каб прытуліць у сябе. Вакзал і Лёня… Гэтак застанецца ў памяці цяпер ужо навечна».
Зміцер Казакевіч, журналіст, фрылансер:
«З Леанідам мы блізка знаёмыя былі недзе з 2016 года… А, можа, і раней. Доўгі час працавалі разам у Віцебску, часта сустракаліся.
Сышоў вельмі адказны, з цвярозым розумам, вельмі працавіты чалавек, які ў любых, нават самых складаных і нярвовых сітуацыях, даваў разумныя узважлівыя парады. І не толькі па працы, але і ў маім сямейным жыцці і побыце. Ён ніколі не лез наперад, застаючыся як бы ў цені, але заўсёды працаваў на сваю краіну, на Беларусь.
Яго сыход для мяне, ды і для ўсіх праваабаронцаў і грамадскай супольнасці — гэта вялікая страта».
Нагадаем, Леанід
Свецік раптоўна памёр
у Варшаве 28 чэрвеня ва ўзросце 59 гадоў.
Больш за два дзесяцігоддзі ён займаўся абаронай правоў чалавека на Віцебшчыне, прымаў актыўны ўдзел у розных праваабарончых, інфармацыйных і адукацыйных праграмах і ініцыятывах, неаднаразова ўдзельнічаў у кампаніях назірання за выбарамі ў Беларусі, уздымаў набалелыя для рэгіёна праблемы і намагаўся іх вырашэння, піша «Вясна».
За сваю цалкам легальную дзейнасць Леанід некалькі разоў патрапляў пад адміністрацыйны і крымінальны пераслед.
У выніку рэпрэсій 2021 года Леанід Свецік быў вымушаны
пакінуць Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу. Але і ў эміграцыі
заставаўся актыўным і працягваў займацца праваабарончай дзейнасцю.