Эксперт: Еўропе трэба быць больш асцярожнай у пытанні палітычных патрабаванняў да Мінска

На другім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, што прайшоў у Каўнасе 28–30 верасня, актыўна абмяркоўваліся, у тым ліку, і міжнародныя адносіны. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў разбіраўся, чаму еўрапейскія праграмы развіцця для Беларусі не працуюць.



belarus_eu.jpg

"Усходняе партнёрства", на яго думку, знаходзіцца ў стане "глыбокай замарозкі", а "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю" ў штыкі ўспрымаецца ўладамі. І зрабіць з гэтым ніхто нічога не можа.
Традыцыйны падыход не працуе

"Усходняе партнёрства", паводле слоў Мельянцова, не спрацавала з-за адной простай прычыны: з-за таго, што Еўропа не ведае, як мадэрнізаваць аўтарытарныя краіны.  
На думку аналітыка, "Усходняе партнёрства" сапраўды не прапанавала дастатковых стымулаў для пачатку трансфармацыі Беларусі.
Адносна проста было трансфармаваць тыя ўсходнееўрапейскія дзяржавы, якія зараз з'яўляюцца краінамі ЕС, бо яны самі хацелі ўступіць у ЕС і дзеля такой магчымасці гатовы былі рэфармаваць палітычныя сістэмы, эканамічныя сістэмы, будаваць сваё грамадства з нуля пасля распаду сацыялістычнага блока.
У дачыненні да Беларусі гэта не працуе, бо краіна ніколі не дэкларавала свайго жадання ўступіць у ЕС.
Мельянцоў таксама нагадаў пра візіт падчас "перыяду лібералізацыі" 2008—2010 гадоў міністраў замежных спраў ФРГ і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радослава Сікорскага, якія наведалі Беларусь 2 лістапада 2010 года.
Тады іх вуснамі ЕС спрабаваў прапанаваць не толькі такія эфемерныя арыенціры, як набліжэнне Беларусі да ЕС, але і канкрэтныя прэферэнцыі — ці то ў доларах, ці то ў еўра. "Так і не разабраліся, у рэшце рэшт, у чым жа, але, тым не менш, парадак быў названы — тры мільярды", — зазначыў  Мельянцоў.
Гэтыя тры мільярды наўрад ці ўразілі афіцыйны Мінск. "Беларускія дыпламаты дастаткова добра разумеюць, якім чынам Еўрапейскі саюз працуе. Яны прынялі гэту дастаткова шчодрую прапанову як нешта неіснае. У бюджэтах краін ЕС такіх фінансаў для Беларусі проста не было закладзена. Па вялікім рахунку, прапановы Сікорскага і Вестэрвеле з'яўляліся іх асабістай авантурай, і, вядома, стаўленне афіцыйнага Мінска сфарміравалася да гэтага адпаведнае", — сказаў Мельянцоў.
Таму, паводле яго слоў, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2010 года прайшлі так, як яны прайшлі. І Еўропа пачала думаць, што рабіць з Беларуссю далей.
Праца ў стол
Паколькі прасоўвання ў межах "Усходняга партнёрства" ніяк не атрымалася, Брусель палічыў за лепшае стварыць якуюсьці эксклюзіўную праграму для Беларусі. З тым каб, з аднаго боку, прадэманстраваць, што нейкі рух, супрацоўніцтва і камунікацыі адбываюцца, з іншага — каб захаваць беларускае пытанне і беларускую праблематыку на дастаткова высокім узроўні на парадку дня і ў знешняй палітыцы ЕС.
Такой праграмай стаў "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". Аднак на справе атрымалася дрэнная копія "Усходняга партнёрства". Фундаментальная розніца паміж гэтымі праграмамі, паводле слоў Мельянцова, у тым, што ў "Дыялогу аб мадэрнізацыі" выключаны кампанент афіцыёзу.
Супрацоўніцтва з урадам, афіцыйнай беларускай уладай не тое што абмежаванае, але цалкам з гэтай праграмы выключанае. Вядома, еўрапейскія палітыкі сказалі, што магчымы ўдзел у ёй беларускіх урадавых экспертаў, але ўсё-такі іх удзел абумоўлены палітычнымі дзеяннямі афіцыйнага Мінска.
У выніку "Дыялог аб мадэрнізацыі", зазначыў палітык, успрымаецца як "міжсабойчык" беларускай апазіцыі. Беларускі ўрад не адчувае ў ім свайго ўдзелу. У межах "Усходняга партнёрства" афіцыйны Мінск браў удзел у распрацоўцы гэтай ініцыятывы. У распрацоўцы "Дыялогу аб мадэрнізацыі" беларускія ўлады і праўладныя эксперты не ўдзельнічалі, і, адпаведна, няма разумення сумеснага валодання гэтай ініцыятывай.
Мельянцоў таксама падкрэсліў: у рамках "Дыялогу аб мадэрнізацыі" сёння няма фармалізаваных структур, няма інстытуцыяналізацыі, якая назіраецца ў межах "Усходняга партнёрства". Адсутнічае бюджэт гэтай ініцыятывы. Эксперты працуюць у рамках "Дыялогу" на добраахвотных пачатках.
Апрача таго, яны дагэтуль не разумеюць, хто будзе спажыўцом і выканаўцам тых рэкамендацый і праектаў рэформ, якія будуць напрацаваныя і ўжо напрацоўваюцца. Досыць відавочна тое, што рэформы ажыццяўляе ўрад, а паколькі ён выключаны з гэтай праграмы, то, адпаведна, тое, што робіцца экспертамі, у асноўным ідзе "ў стол", канстатуе палітык.
Няма грошай — няма выніку?
"Усходняе партнёрства" і "Дыялог аб мадэрнізацыі", мяркуе эксперт, маюць падобныя праблемы, якія вынікаюць з прыроды ўсходняй палітыкі ЕС і падыходу ў дачыненні да Беларусі ў прыватнасці.
Самае галоўнае тут — адсутнасць інструментаў уплыву ў рэгіёне. Таксама важным тэзісам з'яўляецца тое, што знешняя палітыка ЕС, якая фарміруецца, пакуль не ўмее трансфармаваць аўтарытарныя рэжымы.
Тыя трансфармацыі, што ажыццяўляліся ў еўрапейскіх краінах у 1990—2000 гадах, праходзілі ў межах палітыкі пашырэння. Гэта значыць, гэтыя краіны былі кандыдатамі на ўступленне ў ЕС, ім ставілі мэты адаптацыі да крытэрыяў ЕС, і яны іх выконвалі. Гэта зусім іншая палітыка — палітыка пашырэння. Сённяшняя палітыка "Усходняга партнёрства" і знешняя палітыка ЕС не маюць на мэце ўключыць гэтыя краіны ў ЕС і, адпаведна, не прапануюць нейкіх сур'ёзных фінансавых інструментаў у абмен на трансфармацыю.
З іншага боку, трэба раздзяляць некалькі блокаў і задач. Усё, што тычыцца дэмакратызацыі і збліжэння цэнасных кампанентаў, — гэта самая правальная частка ўсходняй палітыкі ЕС, мяркуе аналітык. Што да супрацоўніцтва канкрэтнага і прагматычнага, то тут ЕС у плюсе.
Нават пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі замарожаны палітычныя адносіны, міжурадавыя праграмы супрацоўніцтва працягваюць ажыццяўляцца, у тым ліку памежнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва міністэрстваў унутраных спраў, адукацыйныя праекты. Беларусь сёння цікавая ЕС як бяспечная і эфектыўная транзітная зона, і ўсё, што тычыцца арганізацыі бяспекі гэтай зоны, развіваецца.
Стаўка на эвалюцыю
Якая ж праграма ЕС у дачыненні да Беларусі будзе найбольш эфектыўнай і рэалізаванай? Мельянцоў мяркуе: у Еўропе ёсць кансенсус адносна таго, што мінімальны падыход да Беларусі, магчымы зараз, у сучасных умовах — гэта паступовая эвалюцыя палітычнага рэжыму.
Па-першае, такая праграма павінна ўключаць тыя прагматычныя элементы, якія найбольш падабаюцца ўладзе. Гэта эканамічныя і сацыяльныя кантакты. "У нас з Еўропай нармальны тавараабарот, яго трэба развіваць. Ёсць збліжэнне па стандартах прадуктаў, па памежным супрацоўніцтве, — тое, што выгадна ўладзе і бізнесу", — кажа Мельянцоў.
Другі пункт — сацыяльныя пытанні, і перш за ўсё пытанне бясплатных шэнгенскіх віз для беларусаў, якое нагнала ўжо аскому.
"Гэта тое, супраць чаго ўпіраюцца ўлады, не прымаюць пагадненні аб рэадмісіі і зніжэнні кошту візаў, увядзенне бясплатных візаў. Еўропе трэба пастарацца зрабіць бясплатныя візы ў аднабаковым парадку. Беларусы, якія ўбачаць на свае вочы, як жывуць людзі ў той жа Літве і Польшчы, стануць прыхільнікамі еўрапейскага выбару. І калі такіх прыхільнікаў будзе 90%, урад не зможа да іх не прыслухацца", — кажа палітолаг.
Апрача таго, трэба больш інтэнсіўна развіваць адукацыйныя і праграмы студэнцкіх абменаў.
"Калі казаць пра цяперашні момант, то Еўропе варта быць больш асцярожнай у адным пытанні — у пытанні палітычных патрабаванняў. Аднамомантна рэжым не дэмакратызуеш. Калі дзейнічаць паступова, праз бізнес, у тым ліку дзяржаўны, праз інтарэсы дзяржаўнага супрацоўніцтва і чыноўнікаў, праз грамадзянскую супольнасць і грамадскую цікавасць, мы можам прыйсці да таго, што за сацыяльна-эканамічнай інтэграцыяй адбудуцца і палітычныя змены", — мяркуе Мельянцоў.