Фігуры тыдня: Вадзім Папоў, Славамір Адамовіч, Мікалай Аўтуховіч

Вадзім Папоў

Вадзім Папоў
Беларускі парламент, аказваецца, мае голас. І ў голасу ёсць імя. Дэпутат Вадзім Папоў запатрабаваў ад міністра фінансаў Андрэя Харкаўца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў законапраект аб карэкціроўцы нацыянальнага бюджэту на 2009 год. «Як вы робіце справаздачу пра выкананне бюджэту за 2009 год? — спытаў Вадзім Папоў на паседжанні камісіі Савета Рэспублікі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы. — Ніякіх законапраектаў пра карэкціроўку бюджэту ў парламент не ўносілася. Вы займаецеся антызаканадаўчай дзейнасцю», — цытуе «Інтэрфакс» словы смелага і гаваркога парламентарыя. Свае прэтэнзіі Папоў аргументаваў тым, што адначасова існуюць прыняты парламентам яшчэ мінулай восенню закон аб бюджэце на 2009 год і падпісаны ў маі Указ Аляксандра Лукашэнкі аб секвестры гэтага бюджэту.
«Як так атрымалася, што вы 5 месяцаў прапрацавалі, і ў вас няма прапановаў, што рабіць з законам, які абавязковы для выканання? — абураўся Папоў. — Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць. Як жа будзе выконвацца кожны артыкул нашага асноўнага закона?» Пры гэтым Папоў канстатаваў значныя праблемы з фінансаваннем бюджэтных выдаткаў у рэгіёнах, што прыводзіць да росту запазычанасці бюджэту перад падрадчыкамі. «Правалочка з фінансаваннем маецца фактычна. Калі так пойдзе і надалей, дык праграма выканання будзе сарваная», — лічыць Папоў. Міністр Фінансаў Андрэй Харкавец парламентарыям пра планы ўрада адносна ўнясення законапраекта па карэкціроўцы нацыянальнага бюджэту на 2009 год не паведаміў.
За часы кіравання Лукашэнкі дэпутацкая дзейнасць сышла на мінімум. Хто ў дэпутатах і чым яны ўвогуле там займаюцца, люду паспалітаму не вядома. А вось жа аказалася, што і сярод «нябачных парламентарыяў» ёсць жывыя.
Славамір Адамовіч
Беларускі паэт Славамір Адамовіч, які ў 2002 з’ехаў у Нарвегію, плануе вярнуцца дадому. Адпаведны запыт ён накіраваў у МЗС Беларусі. У адказ Адамовічу параілі звярнуцца ў пасольства. «Для атрымання дакумента на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь — пасведчанне на вяртанне ў Беларусь, Вам неабходна звярнуцца ў замежнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Бліжэйшае — Пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Швецыя», — перадае расповед паэта Еўрапейскае радыё для Беларусі. Славамір Адамовіч ужо падаў дакументы ў беларускае пасольства ў Швецыі на атрыманне праязнога дакументу для вяртання ў Беларусь.
Паэт Славамір Адамовіч у сярэдзіне 1990-х правёў восем месяцаў у следчым ізалятары беларускага КДБ за верш «Забі прэзідэнта». А ў 2002 годзе паехаў на заробкі ў Нарвегію, дзе атрымаў гуманітарны прытулак. Цяпер жыве на поўначы Нарвегіі ў гарадку Буда.
Мікалай Аўтуховіч
Прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч другі месяц трымае галадоўку ў мінскім следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Гэтым ён дамагаецца хутчэйшага разгляду справы ці хаця б змянення меры стрымання. Але пакуль што намаганні Аўтуховіча марныя — расследаванне справы Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі працягнутае да 3 ліпеня.
Адвакат Аўтуховіча Павел Сапелка бачыўся з Мікалаем Аўтуховічам у следчым ізалятары. «Ён сказаў, што меру стрымання не змянілі, і таму ён працягвае галадоўку пратэсту. Аўтуховіч выглядае вельмі стомленым, ён згубіў больш за 25 кілаграмаў вагі і кожны тыдзень працягвае страчваць па 2–3 кілаграмы. Кропельніцу цяпер яму не ставяць, але працягваюць трымаць у медыцынскай частцы ізалятару», — расказвае адвакат пра стан здароўя і ўтрыманне прадпрымальніка. Павел Сапелка збіраецца абскарджваць рашэнне, паводле якога ягонаму падабароннаму не змянілі меру стрымання.