Фарбы паралельнага свету Мікалая Дзядка

Экс-палітвязень і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок пра свае 5 гадоў за кратамі распавёў у кнізе «Фарбы паралельнага свету». Прапануем урывак з яе і запрашаем на прэзентацыю 26 лютага ў прасторы «Punkt» на Кастрычніцкай, 23А ў 18.00.

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

У кнізе аўтар распавядае пра арганізацыю працы карных органаў і сістэму падаўлення асобы, якая выбудоўваецца за кратамі, на канкрэтных прыкладах, пабачаных ім у няволі. Знайшлося месца і для аповедаў на гістарычныя і філасофскія тэмы. Кніга была напісана часткова ў турме, часткова пасля вызвалення. Прапануем вашай увазе ўрывак з кнігі Мікалая Дзядка «Фарбы паралельнага свету».

farby_paralelnaha_svetu.jpg

ШІЗА

«Хто не быў на «губе», той не служыў у арміі», — часта кажуць былыя салдаты. Аналагічна можна сказаць: «Хто не быў у ШІЗА, той не сядзеў у турме».

Без разумення таго, што сабой уяўляе штрафны ізалятар, альбо, як яго яшчэ называюць, кіча, немагчыма зразумець сутнасць турэмнай сістэмы і многія паводзіны вязняў.

Згодна з ПУР і КВК, штрафны ізалятар — адна з найцяжэйшых мер дысцыплінарнага спагнання, якая павінна прымяняцца толькі за грубыя парушэнні рэжыму. А паколькі вызначэння «грубага» парушэння ніхто не даваў, яно цалкам ляжыць на сумленні начальніка калоніі, які і прызначае гэта пакаранне.

Што такое ШІЗА? На тэрыторыі калоніі за дадатковым радам калючага дроту і КСП (кантрольна-следавой паласы — перакапанай зямлі, на якой будуць бачныя сляды), як на выспе, знаходзіцца асобны барак — барак ШІЗА/ПКТ, які з’яўляецца своеасаблівай лагернай спецтурмой. У гэтым бараку (у выпадку турэмнага ШІЗА — гэта проста падвал), як і ў звычайнай турме, знаходзяцца камеры. У адну з такіх камер пасля «дысцыплінарнай камісіі» і заводзяць парушальніка.

Уявіце памяшканне даўжынёй прыкладна два метры і шырынёй метр з нечым. Дашчаная падлога. На гэтай невялічкай плошчы знаходзяцца: нары, прышпіленыя да сцяны (адшпільваюцца кантралёрам звонку, з прадолу), табурэтка, столік «для прыёму ежы», прыбіральня (унітаза няма, ёсць «очко»), абгароджаная з аднаго боку сценкай каля метра вышынёй, умывальнік, невялікія палічкі на сценах. Часта яны размешчаны так, што па камеры нельга зрабіць і двух крокаў, каб на нешта не наткнуцца. Пад столлю вісіць лямпачка, ёсць і «акно», калі яго можна так назваць. Паміж свежым паветрам і вамі — шкло ў раме, краты з унутранага боку і металічныя жалюзі са знешняга, каб вязні не маглі «срабатываться» — перадаваць нешта з камеры ў камеру, а таксама для большага псіхалагічнага ціску, каб не было бачна сонца і неба. Але адміністрацыя часта праяўляе вынаходлівасць і робіць у «вокнах» ШІЗА дадатковыя краты. Рэкардсменамі лічу мянтоў ПК–9 (Горкі), якія зрабілі ў акне ажно чацвёра кратаў плюс шкло — сонечны свет у камеру амаль не трапляў, — так што, цалкам магчыма, заслужылі пахвалу ад правяраючых з ДВП.

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Перад заходам у ШІЗА вязня чакае абавязковы шмон. Самае важнае — браць з сабой нельга практычна нічога, з адзення толькі сваё «форменнае» (у некаторых калоніях і «форменнае» нельга — у ізалятары выдаюць асобае, з надпісам «ШИЗО» на ўсю спіну). Вам дазволяць узяць толькі ручнік, мыла, зубную пасту, зубную шчотку і туалетную паперу. Нават станкі для галення можна не паўсюль. У тых жа Горках, напрыклад, тым, хто знаходзіцца ў ШІЗА, галіцца ў лазні не даюць, каб не разабралі станкі на «мойкі» і не скарысталі іх, напрыклад, для таго, каб ускрыцца (вядома, ніхто не думае пра паляпшэнне жыцця зэкаў, каб яны перасталі ўскрывацца, — прасцей забараніць галіцца). Як вынік, вязні выходзяць з ШІЗА зарослыя, як бармалеі.

Усё астатняе, што б вы ні захацелі з сабой пранесці (ежу, цыгарэты, паперу, ручку, лісты, газеты, кнігі), не дазволена. У ШІЗА вы павінны застацца сам-насам з сабой і, па задуме турэмшчыкаў, напэўна, «думаць пра свае паводзіны».

Праўда, хітрыя зэкі, якія не хочуць пазбаўляцца цыгарэт на дзесяць ці больш сутак, робяць так званыя «тарпеды» — скруткі з цыгарэт, герметычна запакаваныя ў некалькі слаёў цэлафану, што потым запіхваюцца ў прамую кішку. Вядома, шмат цыгарэт так не ўлезе, таму ўпакоўваць іх у «тарпеду» трэба вельмі шчыльна — гэта цэлая тэхналогія. У выніку сярэдняя тарпеда з сарака цыгарэтамі мае дыяметр тры-чатыры сантыметры. Большасць зэкаў не можа ўзяць з сабой больш за тры тарпеды, але даводзілася чуць аб умельцах, якія бралі да дзевяці штук. Пасля «растарпедавання» цыгарэты трэба недзе захоўваць, каб на планавым шмоне ў камеры іх не знайшлі і не забралі. Гэта таксама патрабуе ад зэка пэўнай кемнасці і спрыту.

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

У кармушку камеры ШІЗА тройчы на дзень прыносяць ежу. Лыжку і міску мець таксама нельга — іх выдаюць, а як паеў — забіраюць. Да 1998 года зэкаў у ШІЗА кармілі так: адзін дзень давалі ежу па зніжанай норме (менш, чым у атрадах), а другі дзень — толькі хлеб і ваду. «Дзень лётны, дзень нялётны», — так называлі гэты парадак арыштанты, большасць з якіх выходзілі з ізалятара пасля пятнаццаці сутак пакарання, трымаючыся за сценку. У 1998 годзе закон памяняўся, але зніжаная норма харчавання ў ізалятарах была пакінутая да 2010-га. Зараз зэкаў кормяць аднолькава як у ШІЗА, так і ў атрадзе. Гуманізацыя!

Трохразовае харчаванне — амаль адзінае, па чым, седзячы ў ШІЗА, можна больш-менш дакладна дазнацца, колькі зараз часу. Бо гадзіннік у ШІЗА таксама забаронены. Таксама як і ўсё, што можа дапамагчы бавіць час. З ШІЗА не выводзяць на спатканні і тэлефонныя званкі. Там нельга атрымліваць перадачы, пасылкі, бандэролі і лісты. На прагулку не выводзяць — дваццаць чатыры гадзіны ў суткі знаходзішся ў бетоннай каморцы. На ўвесь рост перад вязнем паўстае пытанне: чым заняцца? Адказ на яго ён мусіць знайсці, па-першае, калі не хоча звар’яцець, па-другое, каб час для яго не цягнуўся з такой пакутлівай павольнасцю. Сітуацыю ўскладняе тое, што сядзяць у ШІЗА звычайна па адным. Мянты ведаюць, што робяць, бо яшчэ Дзюма заўважыў: «Турма, падзеленая з кім-небудзь, ужо толькі напалову турма». Адміністрацыя лагера з задавальненнем дасць вам адчуць сябе вязнем замка Іф і пасадзіць да вас суседа толькі тады, калі ўсе іншыя камеры будуць занятыя.

Тыя, што кураць, вырашаюць праблему адносна лёгка: пакуль дастанеш цыгарэты з «нычкі», пакуль дачакаешся, каб кантралёр прайшоў міма вочка, пакуль пакурыш у акенца, потым ручніком развееш дым па хаце, каб не «спаліцца» — ужо які-ніякі занятак. Чатыры-пяць цыгарэтак за дзень — час бяжыць. Тым, што не кураць, яшчэ складаней. Але ў любым выпадку амаль усе формы баўлення часу ў ШІЗА забаронены ПУР. За іх можа атрымаць дадатковае спагнанне — напрыклад, прадаўжэнне тэрміну ў ШІЗА. Размаўляць з суседзямі праз сцены, акно ці каналізацыю — забаронена, чытаць-пісаць — забаронена (нават калі вы цудам нешта пранеслі — у вас гэта забяруць на першым жа «шмоне»), спаць — забаронена, а калі вас двое і вы вылепіце з хлеба шашкі і вырашыце ў іх згуляць, то і за гэта на вас могуць накласці спагнанне: «Не положено!»

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Застаецца няшмат: хадзіць па камеры з кутка ў куток, калі «мэбля» дазваляе (звычайна гэта пяць маленькіх крокаў у адзін бок), займацца спортам (калі можна назваць «спортам» практыкаванні ў памяшканні, куды амаль не трапляе свежае паветра) ці проста, седзячы, думаць… Асабіста мяне ратавала ёга, медытацыя, мары аб будучыні і доўгія «пешыя прагулкі».

Але тое — удзень. Самае цікавае ў ШІЗА пачынаецца ноччу. Згодна з ПУР, матрац, як і іншыя пасцельныя рэчы, вязням у ШІЗА не выдаецца, замест гэтага на ноч ад сцяны адшпільваецца нара. Вязні ж на ёй ніколі не спяць — спяць на падлозе, бо там цяплей. Калі на вуліцы не трыццаць і болей градусаў цяпла, то ноччу вас чакае выдатная прыгода пад назвай «Паспрабуй паспі». Мала таго, што спаць давядзецца на дошках, што цяжкавата з непрывычкі, галоўнае — холад рэдка дасць вам заснуць больш чым на трыццаць-сорак хвілін. Паспаўшы якія паўгадзіны (залежыць ад тэмпературы ў камеры), вы прачнецеся ад дрыжыкаў і зразумееце, што больш спаць не можаце, і хутка зразумееце, навошта на «шмоне» з вас знялі ўсё цёплае адзенне! Інстынкт выжывання беспамылкова падкажа вам: калі немагчыма падняць тэмпературу навакольнага асяроддзя, трэба падняць хаця б тэмпературу ўласнага цела, і вы пачнеце рабіць практыкаванні са школьнага курса фізкультуры, каб хоць трошкі разагнаць кроў па задубелых канечнасцях. Калі вы паспяхова справіцеся з гэтай задачай, то зможаце паспаць яшчэ паўгадзіны. І чаргаваць спорт са сном вам давядзецца да самага пад’ёму, калі на снеданне баландзёр прынясе вам гарачай (калі пашанцуе) гарбаткі і міску кашы.

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніц

З цягам часу набіраешся досведу: заходзячы ў камеру, залепліваеш акно туалетнай паперай (хоць няма свежага паветра, затое цяплей), знаходзіш месцы, дзе спаць зручней за ўсё (я вылічваў іх па выцертасці фарбы на падлозе: дзе фарба самая сцёртая, там і трэба класціся спаць, бо гэтая выцертасць кажа аб тым, што там спалі ўсе да мяне), запраўляеш штаны ў шкарпэткі, каб зберагчы кропелькі цяпла, а таксама робіш са сваіх тапачак і скрутку туалетнай паперы выдатную падушку.

У любым выпадку, прачняцеся вы разбітым, і ўвесь дзень вам будзе хацецца спаць. Нарэшце, паддаўшыся гэтаму памкненню, вы прыляжаце на падлогу, і кантралёр з радасцю напіша на вас акт аб парушэнні. (Яшчэ не забылі? Спаць удзень забаронена!) А праз колькі дзён адчыняцца дзверы, і вам паведамяць: «Такого-то числа во столько-то осужденный такой-то спал на полу камеры номер такой-то штрафного изолятора, чем нарушил пункт такой-то Правил внутреннего распорядка». І прапануюць распісацца яшчэ за дзесяць сутак. Асаблівым шыкам у мянтоў лічыцца прынесці такую паперу ў апошнія гадзіны, нават хвіліны, да вызвалення, калі ты ўжо наперад смакуеш, як вось-вось пап’еш у атрадзе гарачай кавы з шакаладкай і будзеш спаць гэту ноч у цёплай і мяккай пасцелі.

Колькі ж можна трымаць вязня ў штрафным ізалятары? Да 2008 года гэты тэрмін складаў пятнаццаць сутак. Потым з чарговай хваляй «гуманізацыі» яго знізілі да дзесяці, але дэ-факта гэта нічога не змяніла, бо гаворка ідзе аб «аднаразовым» пакаранні, за адно парушэнне. А за «парушэнні ў ШІЗА» вязня могуць утрымліваць там колькі заўгодна доўга.

dzjadok_2.jpg

«Спаў на падлозе» — не адзіная нагода. У кожным лагеры свая тыповая адпіска, якая фабрыкуецца на арыштанта, каб прадоўжыць яго тэрмін у ШІЗА. Дзесьці гэта «не произвел уборку», дзесьці «расстегнутая пуговица»... Ніколі не забуду, як у ПК–17 у Шклове, дзе трапіў у ШІЗА праз дзве гадзіны пасля таго, як прыехаў у калонію, вырашыў: ну, зараз не дам ім нагоды, буду рабіць усё па статуце! Не будзе да чаго прычапіцца, і выпусцяць праз дзесяць сутак! Малюсенькай анучкай вычысціў усю камеру: прыбраў павуцінне, пыл, бруд, нават у тых месцах дзе, упэўнены, яго не прыбіралі з моманту будавання барака. Вячэрняя праверка. Адчыняюцца дзверы. У цесную камеру літаральна ўрываюцца адразу тры кантралёры, ды яшчэ і ДПНК, і пачынаюць азвярэла матляць галовамі па баках, праводзіць рукамі па паліцах, рэбрах нараў, батарэі, століка, нахіляцца, залазіць пад столік і ледзь не на карачках поўзаць, вышукваючы пыл і хоць якую часцінку бруду. Усё беспаспяхова — камера «зіхаціць». Тады адзін з кантралёраў, той, што перад гэтым праводзіў рукой па паліцы, на якой часткова аблупілася старая фарба, націснуў рукой і расцёр яе, часцінкі фарбы засталіся на ягоных руках:

— О! А вот и пыль! Составляем на тебя документ!

Што я ім адказаў, ужо не помню. Але той выпадак канчаткова пахаваў веру ў тое, што палітвязню ў зоне можна «жыць-каб-цябе-не-чапалі».

dziadok_2014.jpg


Іншы выпадак з ПК–9 (Горкі). Хлопец, які ведаў, што мянты на яго злыя і, хутчэй за ўсё, захочуць працягнуць ягоны тэрмін знаходжання ў ШІЗА, наўмысна паводзіў сябе ўзорна — зашпільваў кліфт на апошні гузік, не спаў удзень і гэтак далей. І вось чарговы дзень. Прайшоў абед. Некалькі хлопцаў, што сядзелі з ім у хаце (ён быў не адзін), разлягліся на падлозе і «даюць храпака». Адчыняюцца дзверы, у хату заходзіць ДПНК. На тых, хто спіць, ён не звяртае аніякай увагі. Паміж ім і «прыкладным зэкам» адбываецца такая размова:

— А ты чего не спишь?

— А я не нарушаю распорядок дня!

— Не нарушаешь, да?.. Ну тогда бумага на тебя, бумага!

І потым на дысцыплінарнай камісіі арыштант можа колькі заўгодна даказваць, што ён не спаў ці яшчэ нешта не парушаў. Я не чуў і не бачыў аніводнага выпадку, каб гэтыя тлумачэнні хоць раз дапамаглі камусьці хаця б знізіць пакаранне, не тое што пазбегнуць яго.

У ПК–17 (Шклоў) яшчэ ў былыя часы, калі ў зоне часта можна было сустрэць мабільныя тэлефоны, аператыўнікі даводзілі да зэкаў: за валоданне мабілай — трыццаць сутак ШІЗА! А як жа трыццаць, калі законам дазволена максімум пятнаццаць? Атрымліваецца, чалавек яшчэ не трапіў у ШІЗА, а мянты ўжо ведаюць, што ён зробіць там «парушэнне рэжыму» і давядзецца дакінуць яму яшчэ пятнаццаць сутак!

s640x480.jpg


Нахабнасць мянтоў і звыкласць да беззаконнасці ў зэкаў даходзяць да камічнага абсурду. Адзін з былых прабывальнікаў ПК–8 (Орша) распавядаў мне, як дадавалі суткі ў ШІЗА там. На праверцы ў камеру заходзіць ДПНК, звярае колькасць людзей у камеры па спісе. Глядзіць, хто ў камеры па раскладзе дзяжурны, і калі гэта той самы, каго аператыўнікі загадалі «адстрэліць», кажа, нават не падымаючы галавы ад спіса: «Иванов, паутинка!» — і выходзіць. Гэта значыць, што ў камеры пад столлю вісіць павуцінне (ці ДПНК лічыць, што вісіць, — а ёсць яно сапраўды ці не, не іграе ніякай ролі), і ў гэтым вінаваты дзяжурны па камеры, які дрэнна ў ёй прыбраў.

Гэта значыць, што на яго складуць акт аб парушэнні, які будзе разгледжаны начальнікам калоніі на дысцыплінарнай камісіі, дзе супрацоўнікі калоніі, у сваю чаргу, будуць вырашаць пытанне аб накладанні на Іванова дысцыплінарнага спагнання. Але вязню такое доўгае тлумачэнне без патрэбы. Слова «паутинка» пасля яго прозвішча азначае адно: ягонае прабыванне ў ШІЗА працягваецца як мінімум на дзесяць сутак. Але падчас гэтага спектаклю ніхто нават не задае пытанняў, поўнае ўзаемаразуменне!

Колькі я ні шукаў — не знайшоў прававога акта, які б абмяжоўваў тэрмін знаходжання вязня ў ШІЗА без выхаду. Максімальны тэрмін, колькі я знаходзіўся там без выхаду — дваццаць сутак, а агульны мой «стаж» на момант вызвалення падышоў да паўгода. Былы палітвязень Яўген Васьковіч правёў у ШІЗА магілёўскай крытай трыццаць сутак, а агулам адбыў там год. Пры мне аднаго хлопца трымалі ў ізалятары шэсцьдзясят сутак без выхаду — проста за тое, што ён не хацеў падпісваць «Обязательство о правопослушном поведении». А мой сукамернік па ўсё той жа «крытай» у 2005 годзе выседзеў у ШІЗА без выхаду сто восемдзесят сутак! Раз у пятнаццаць дзён яго выводзілі ў штаб, каб там выпісаць чарговае спагнанне, і адразу заводзілі назад. І так дванаццаць разоў…

oblozka_perednjaja_storona.png

Таму, калі вам калі-небудзь давядзецца пачуць ад мянта, былога або дзейнага, ці ад дзяржаўнага журналіста, ці ад прадажнага псеўда-праваабаронцы аб гуманных і еўрапейскіх стандартах утрымання ў беларускіх турмах, проста раскажыце ім пра начныя адцісканні, сто восемдзесят сутак у бетоннай каморцы і «паутинку»...

Ліпень 2016 года.


Прэзентацыя кнігі адбудзецца 26 лютага ў прасторы «Punkt» на Кастрычніцкай, 23А ў 18.00. Аўтар распавядзе пра тое, як стваралася кніга, што ў яе ўвайшло, а таксама пра тое, якія ёсць метады супраціву карнай сістэме ў турме і на волі.

І, канешне, на прэзентацыі вы зможаце набыць саму кнігу.

Падзея Укантакце: https://vk.com/event140722648
Падзея у Фэйсбуку: https://www.facebook.com/events/1335858323103723/