Грамадзянская супольнасць хадайнічае аб скарачэнні тэрміну высылкі Алене Танкачовай
Зварот арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы хадайніцтва праваабаронцы Алене Танкачовай аб скарачэнні тэрміну высылкі».
21 лютага 2017 г. Алена Танкачова, старшыня Праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі падала хадайніцтва аб скарачэнні тэрміну забароны яе ўезду ў Рэспубліку Беларусь і выключэнні яе са спісу асоб, якім забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь.
Паводле інфармацыі lawtrend.org, гэта трэцяя спроба праваабаронцы дамагчыся скарачэння тэрміну яе высылкі.
6 студзеня 2016 г. і 5 кастрычніка 2016 г. яна ўжо звярталася з падобнымі хадайніцтвамі і атрымала адмову. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, сярод якіх Беларуская Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Таварыства "Зялёная сетка", Беларуская Моладзевая Нацыянальная "РАДА", Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і інш., ініцыявалі шэраг дзеянняў у падтрымку Алены Танкачовай.
Падрыхтаваны і распаўсюджаны зварот у міжнародныя структуры, у тым ліку ў Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, ў Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь, да спецдакладчыкаў ААН і інш. з просьбай прадэманстраваць прынцыповасць і настойлівасць у дачыненні да дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў і свабод, выказаць сваё стаўленне з нагоды высылкі з краіны праваабаронцы Алены Танкачовай і забароны на яе ўезд у краіну, а таксама аказаць любое магчымае садзейнічанне задавальненню хадайніцтва Алены Танкачовай. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці звярнуліся таксама ў Міністэрства замежных спраў і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з заявай аб падтрымцы хадайніцтва Алены Танкачовай аб скарачэнні тэрміну яе высылкі. У цяперашні час мы чакаем адказы ад усіх структур аб прынятых дзеяннях і іх выніках.
Нагадаем,
5 лістапада 2014 года Першамайскае РУУС Мінска прадпісала Танкачовай на працягу
месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады.
Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянскай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і да высылкі — пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і узначальваемы ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.