Фігуры тыдня: Мікалай Лузгін, Вадзім Гігін, Анатоль Лябедзька

Мікалай Лузгін Нацбанк не бярэцца прагназаваць курс рубля ў 2013 годзе, бо цяжка зрабіць дакладны прагноз, заявіў першы намеснік старшыні Нацыянальнага банка Мікалай Лузгін.



luzhin.jpg

Ён растлумачыў, што курс беларускага рубля фармуецца зыходзячы з рынкавых прынцыпаў, на яго дынаміку ўплывае мноства фактараў. У прыватнасці, курс беларускага рубля залежыць ад ваганняў курсу долара і еўра, іх суадносінаў, а спрагназаваць гэтыя курсы не можа практычна ніхто, перадае БелаПАН.


«Мы ўжо пэўны перыяд не публікуем і не агучваем афіцыйных прагнозаў курсу беларускага рубля да долара і іншых валют, — сказаў Мікалай Лузгін. — Ніхто не ведае, які будзе курс долара да еўра або да расійскага рубля праз пэўны перыяд, а гэта таксама будзе ўплываць на курс беларускага рубля, таму што ў нас прывязка да кошыка з трох валют. Не назаву лічбы, які будзе курс праз квартал ці праз год. Думаю, што ў нас захаваецца адносна стабільная сітуацыя, паколькі на гэты год у нас запланаваная і значна меншая інфляцыя».


Мікалай Лузгін падкрэсліў, што ў гэтым годзе перад Нацыянальным банкам па-ранейшаму не стаіць задача штучна стрымліваць курсаўтварэнне, ён накіраваны на згладжванне рэзкіх ваганняў, захаванне стабільнай сітуацыі на фінансавым рынку.


Мікалай Лузгін лічыць, што, безумоўна, у гэтым годзе будуць нейкія зрухі ў курсе беларускага рубля. Раней «НЧ» пісаў пра прагнозы эканамістаў наконт курсу рубля ў бягучым годзе. Ацэнкі былі вельмі раскідзістыя: ад 8950 да 14000 рублёў за долар на канец года.


Вадзім Гігін

gigin.jpg


20 студзеня ў філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта прайшла канферэнцыя «Польскае шляхецкае паўстанне 1863 года. Погляд на падзеі праз 150 гадоў». Як паведамляе «Наша ніва», нешматлікія ўдзельнікі імпрэзы рабілі ўсё, каб «разбіць на дробныя кавалкі легенду пра Каліноўскага як нацыянальнага героя Беларусі». Асабліва адзначыўся галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка», апалагет цяперашняга палітычнага рэжыму Вадзім Гігін. Ён заявіў, што легенду пра Каліноўскага стварылі бальшавікі, якім быў патрэбны сялянскі беларускі герой, а замацавалі яе ўжо ў 1990-я беларускія апазіцыянеры і нацыяналісты, якіх новая ўлада змагла выціснуць з палітычнага поля ў культурнае.


Інтэрнэт-газета «Салідарнасць» прыводзіць прыклады таго, як рэпрэзентуецца постаць Кастуся Каліноўскага ў падручніках. Так у навучальным дапаможніку па гісторыі Беларусі для вучняў 10 класа Якава Трашчанка (2008 год) ёсць нават адмысловы параграф пад назвай: «Гістарыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага». Тлустым шрыфтам там вылучаная фраза: «Паводле этнічнай ідэнтыфікацыі, ён быў палякам і ніколі не даваў загадаў беларусам». І далей робіцца выснова: «Ніякіх аб’ектыўных падставаў для ператварэння В. Каліноўскага ў нацыянальнага героя беларускага народа не існуе». А ў наступным параграфе гэтага падручніка кат Каліноўскага — генерал Мураўёў — названы «таленавітым адміністратарам і арганізатарам».


Анатоль Лябедзька

ljabedz_ka.jpg


Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька аштрафаваны на тры базавыя велічыні судом Савецкага раёна Мінска «за ўдзел у несанкцыянаваным Мінгарвыканкамам вулічным пікетаванні», у ходзе якога «раздаваў мінакам улёткі».


Як распавёў БелаПАН палітык, адпаведнае паведамленне пра рашэнне суда, прынятае 15 студзеня, ён атрымаў па пошце 22 студзеня. «Дарэчы, мяне самога забылі запрасіць на судовае пасяджэнне. Я б не адмовіў сабе ў задавальненні прысутнічаць на такім абсурдным працэсе, у ходзе якога высвятляецца, што любая раздача інфармацыйнага матэрыялу трапляе пад дзеянне Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях», — сказаў палітык.


Лябедзька паведаміў, што пратакол аб учыненні адміністрацыйнага правапарушэння таксама быў складзены без яго прысутнасці.


«Інфармацыйныя матэрыялы, у тым ліку пра пазіцыю партыі ў дачыненні да дзяржаўнай прыватызацыі, раздавалі 19 снежня ля Камароўскага рынку ў Мінску. Ні я, ні іншыя актывісты АГП не былі затрыманыя, хаця нас і здымаў на відэакамеру чалавек у цывільным. Толькі пазней мне прыслалі факс пра неабходнасць з’явіцца ў РАУС, але я таксама факсам паведаміў, што не змагу гэта зрабіць з прычыны хваробы», — распавёў ён.