У Магілёве суд прызнаў законнай забарону на правядзенне пікета актывістам АГП
Сёння, 28 студзеня, суд Ленінскага раёна Магілёва не задаволіў пазоў старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў
Суддзя Лапаціна палічыла, што магілёўскі гарвыканкам на законных падставах адмовіў Уладзіміру Шанцаву ў правядзенні пікета ў цэнтры горада на плошчы Зорак.
Начальніца аддзела ідэалогіі Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка паведаміла ў судзе, што пры разглядзе заяўкі на правядзенне пікета гарвыканкам арыентаваўся на рашэнні гарвыканкама, прынятыя ў 2007 і 2010 гадах. Паводле гэтых рашэнняў, адзіным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве з’яўляецца пляцоўка на стадыёне “Хімік, які знаходзіцца на ўскрайку горада на вуліцы Чалюскінцаў.
Уладзімір Шанцаў у якасці аргумента паведаміў у судзе, што праводзіць масавае мерапрыемства ў цэнтры горада яму дазваляе як Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, так і міжнародныя прававыя пагадненні, падпісаныя нашай краінай.
“Чаму мы павінны туліцца недзе на ўскрайках, калі маем усе законныя падставы праводзіць свае мерапрыемствы фактычна ў любых месцах горада. Хай на ўскрайку праводзіць свае акцыі Белая Русь і БРСМ. Мы на ўскрайкі пікетаваць болей не пойдзем, — кажа Уладзімір Шанцаў.
Нагадаем, што 19 снежня 2012 года актывісты АГП хацелі правесці ў Магілёве 10 пікетаў у цэнтры горада. Праз выстаўленыя пікеты яны хацелі нагадаць пра двухгадовыя падзеі “Плошчы, якія адбываліся ў Мінску ў 2010 годдзе, а таксама прыцягнуць увагу насельніцтва да таго, як улада прыватызуе дзяржаўныя прадпрыемствы, тым самым распрадае народную ўласнасць без уліку інтарэсаў простых грамадзян. Пасля адмоваў у правядзенні пікетаў рашэнне гарвыканкаму праз суд вырашыў абскардзіць толькі Уладзімір Шанцаў.