Сяргея Малашонка аштрафавалі за салідарнасць з Бяляцкім на 2,5 мільёны

Гэта ўжо другі штраф, прысуджаны ў Наваполацкім гарадскім судзе мясцовым актывістам, якія, на ўзор гарадзенскіх аднадумцаў, сфатаграфаваліся з партрэтамі Алеся Бяляцкага ў руках. Пасля таго, як фотаздымкі  Яўгена Парчынскага і Сяргея Малашонка трапілі ў інтэрнэт, абодвух аштрафавалі за "несанкцыянаваную акцыю".



malashenak.jpg

Яўгена Парчынскага суд аштрафаваў 24 студзеня на 500 тысяч рублёў. Сяргею Малашонку  29 студзеня прысуджаны штраф у пяць разоў большы — 2,5 мілёны.

"За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі мяне судзілі ўжо другі раз на працягу гэтага года. Першы штраф быў у кастрычніку за спробу вывесіць расцяжку "Свабоду палітвязням!" Тады мне прысудзілі 300 тысяч штрафу, і я абскарджваю гэтае рашэнне. Буду абскарджваць і сёння. Бо я не згодны з тым, каб за фотаздымкі судзілі і штрафавалі. Мы нікога нікуды не заклікалі, у нас не было ні плакатаў, ні транспарантаў. Мы проста фатаграфаваліся — разам з Яўгенам Парчынскім на ганках гарсуду, і я асобна — на ганках гараддзелу міліцыі. Суд угледзеў у гэтым "несанкцыянаваную акцыю", — кажа Сяргей Малашонак.

Актывіст гаворыць, што іх са спадаром Парчынскім учынак быў свядомым: яны хацелі выказаць салідарнасць з палітвязнем Алесем Бяляцкім, таму фатаграфаваліся з ягоным партрэтам. Таксама выказвалі салідарнасць і з гарадзенскімі праваабаронцамі, якіх за падобныя фотаздымкі, размешчаныя ў інтэрнэце, аштрафавалі 5 студзеня.   

 
spring96.org