Вясноўцы салідарныя з гродзенскімі калегамі

Прадстаўнікі мінскага офісу Праваабарончага цэнтра “Вясна правялі фотаакцыю ў падтрымку гарадзенскіх праваабаронцаў — сябраў “Вясны" Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і сябра БХК Рамана Юргеля — напярэдадні разгляду ў Гродзенскім абласным судзе іх касацыйнай скаргі на абсурдную пастанову суду Ленінскага раёну Гродна.



viasna_salidarnasc_z_haradzencami_2.jpg

Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч са здымкамі Рамана Юргеля, Уладзіміра Хільмановіча і Віктара Сазонава

Разгляд скаргі пачаўся сёння, 29 студзеня, у 9-30.

Гродзенскія праваабаронцы абскарджваюць штрафы памерам у паўтары мільёны кожнаму за нібыта правядзенне несанкцыянаванага пікету 10 снежня мінулага году. Нагадаем, што адміністратыўная справа супраць Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля была ўзбуджаная з нагоды размешчанага на інтэрнэт-сайтах фотаздымку, на якім яны дэманструюць салідарнасць з палітвязнем — кіраўніком ПЦ “Вясна" Алесем Бяляцкім

Юрыдычная абсурднасць гэтай беспрэцэдэнтнай адміністратыўнай справы выклікала вялікі грамадскі рэзананс — як у Беларусі, так і па-за межамі краіны. Каб падтрымаць гарадзенцаў, іх “правапарушэнне паўтарылі сябры “Вясны" і БХК з Гомеля, Наваполацку, Салігорску, а таксама ўкраінскія праваабаронцы — яны фатаграфаваліся з партрэтам Алеся Бяляцкага.

А напярэдадні касацыі намеснік старшыні ПЦ “Вясна" Валянцін Стэфановіч, сябра Рады арганізацыі Уладзімір Лабковіч і юрыстка Наста Лойка сфатаграфаваліся ўжо з партрэтамі сваіх гродзенскіх калегаў — каб выказаць ім сваю салідарнасць, а ўладам тым самым нагадаць, што, прыцягваючы да адказнасці за размяшчэнне фотаздымку ў інтэрнэце, яны дэманструюць пагарду да Канстытуцыі Беларусі і міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, якія гарантуюць грамадзянам права на свабоду выказвання.

“Падобнымі дзеяннямі беларускія ўлады яшчэ больш выразней дэманструюць рэальнае становішча з правамі чалавека ў краіне, чым гэта зрабіў старшыня Канстытуцыйнага Суда Беларусі Пётр Міклашэвіч падчас прэс-канферэнцыі 23 студзеня", — падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, што падчас прэс-канферэнцыі 23 студзеня Пётр Міклашэвічзаявіў, што ўмацаванне канстытуцыйных каштоўнасцяў, якімі з’яўляюцца правы і свабоды чалавека, з’яўляецца абавязкам не толькі дзяржавы, але і грамадзянскай супольнасці. Тым часам даводзіцца канстатаваць, што на справе звароты найперш праваабарончых арганізацый Канстытуцыйны суд пакідае без належнай увагі, а праваабаронцы пераследуюцца дзяржавай якраз за абарону правоў і свабодаў чалавека.
spring96.org