Бел-чырвона-белы сцяг на крыжы ў Грозаве
Сёння ў цэнтры аграгарадку Грозаў Капыльскага раёна
жыхары заўважылі бел-чырвона-белы сцяг.
Невядомыя прымацавалі палотнішча нацыянальнага сцяга да крыжа,
прысвечанага памяці чальцоў 2-га Грозаўскага палка, удзельнікаў Слуцкага Збройнага
чыну.
Крыж усталяваны насупраць Дома культуры Грозава, побач таксама знаходзіцца праўленне сельгаспрадпрыемства.
Нагадаем, 2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве
з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. У Грозаве добраахвотнікі,
сялянскія хлопцы, збіраліся ў памешчыцкім доме, адтуль і пашлі на
фронт. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў, а яны падзяляліся на
роты. Камандзір палка — капітан Лука Семянюк
(былы камандзір 1-га беларускага партызанскага атрада), намеснік
камандзіра палка — капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў — капітан Антон Самусевіч
і штабс-капітан Мацэля. Пасля фарміравання (апроч рэзерву) у 2-м
Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. Узбраеннем (вінтоўкі і
некалькі кулямётаў) была забяспечана толькі чвэрць асабовага саставу; за
кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была
ўзброена палова жаўнераў палка.
У пачатку паўстання полк займаў фронт у
60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі
фронту 1-га Слуцкага палка (лінія Грозаў — Капыль — Цімкавічы —
Семежава) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі. Маючы
дрэнныя разведвальныя звесткі, камандаванне Чырвонай Арміі спачатку
прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за атрады генерала Булак-Балаховіча.