Гісторыі жыцця і смерці

У жоўценькім, падобным на прыватны дзіцячы садок будынку ў прыгарадзе Мінска дзетак вучаць асэнсоўваць і прымаць смерць, але найперш — жыць. Не зважаючы на тое, што многім з іх на жыццё лёс адмераў зусім мала часу, нават і той праходзіць з болем і пакутамі. Тут месціцца Беларускі дзіцячы хоспіс.



a1d33d0dfec820b41b54430b50e96b5c.jpg

У жоўценькім, падобным на прыватны дзіцячы садок будынку ў прыгарадзе Мінска дзетак вучаць асэнсоўваць і прымаць смерць, але найперш — жыць. Не зважаючы на тое, што многім з іх на жыццё лёс адмераў зусім мала часу, нават і той праходзіць з болем і пакутамі. Тут месціцца Беларускі дзіцячы хоспіс.
Беларускі дзіцячы хоспіс — першы на постсавецкай прасторы — працуе з 1994 года па ініцыятыве Рэспубліканскага дзіцячага анка-гематалагічнага цэнтра. Раней дабрачынная арганізацыя размяшчалася ў памяшканні дзіцячага садка ў Мінску. Пасля падвышэння арэнднай платы заснавальнікі хоспіса былі вымушаныя з’ехаць, тады ж з’явіліся брытанскія партнёры, якія дапамаглі набыць будынак. Хаця катэдж не надта прыстасаваны для дзетак, якія не могуць хадзіць (іх заносяць на руках), уласнае памяшканне — гарантыя стабільнай працы хоспіса.
Першапачаткова хоспіс меў хатні тып — дапамога пацыентам аказвалася толькі дома, цяпер тут ёсць невялікі стацыянар на тры месцы. З гэтага года арганізуецца пастаянны стацыянар для пяці дзетак. Два разы на тыдзень у хоспіс прывозяць групы дзетак па восем-дзесяць чалавек. З імі працуюць псіхолагі, валанцёры. Для дзіцяці гэта магчымасць не застацца ў вакууме хваробы, для бацькоў — крыху адпачыць ад штодзённых праблем. Летам хворыя дзеці, іх родныя, а таксама сем’і, якія страцілі дзяцей, могуць адпачыць на прыродзе — у Стаўбцоўскім раёне створаная невялікая база адпачынку. Адначасова іх вучаць сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі, пераадольваць цяжкасці ў адаптацыі і зносінах, ствараць пазітыўную сямейную атмасферу.
Фактычна ва ўсіх праграмах хоспіса ўдзельнічаюць валанцёры. На пастаяннай аснове ў дабрачыннай арганізацыі працуюць толькі 25 чалавек. Летась так ці інакш пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса знаходзіліся 128 хворых дзетак. Спецыяліст па прыцягненню сродкаў і рэсурсаў Максім Падбярозкін адзначае, што па еўрапейскіх крытэрыях — гэта высокі паказчык. «У Вялікабрытаніі на адно падапечнае дзіця прыходзіцца каля дзесяці супрацоўнікаў хоспіса. У нас нагрузка большая. Людзі хутка «выгараюць», асабліва тыя, хто працуе непасрэдна з дзецьмі — псіхолагі, медсёстры. Аднойчы я павіншаваў дзяўчынку з Новым годам, назаўтра яна памерла. Гэта цяжка, але трэба асэнсоўваць, што смерць — непазбежнасць», — гаворыць Максім.


У хоспісе ёсць праграма мабільнай дапамогі. Паліатыўная дапамога (абязбольванне, паляпшэнне якасці жыцця) аказваецца безнадзейна хворым дзецям, якія пражываюць у радыусе 250–300 кіламетраў ад Мінска. Сям’я забяспечваецца неабходнай медыцынскай апаратурай, бацькі навучаюцца догляду за цяжка хворым дзіцём у хатніх умовах, пры неабходнасці прызначаецца абязбольванне, супрацьсутаргавая тэрапія. Бацькі пацыентаў, якія пражываюць не ў сталіцы, у любы час сутак могуць атрымаць па тэлефоне кваліфікаваную медыцынскую кансультацыю. Хоспіс падтрымлівае кантакты з анкалагічным цэнтрам, дзіцячымі бальніцамі — яны дапамагаюць дзецям і дабрачыннай арганізацыі адшукаць адзін аднаго. Аднойчы супрацоўнікі хоспіса знайшлі пацыента праз газету — маці хворага дзіцяці дала абвестку з просьбай дапамагчы ў лячэнні.
Максім Падбярозкін адзначае, што з дзецьмі многа працуюць псіхолагі. Пакойчык, дзе займаюцца групы дзетак, завешаны малюнкамі, якія адлюстроўваюць іх страхі, светапогляд. «Псіхолагі працуюць з дзіцячымі страхамі, вучаць правільна асэнсаваць і прыняць факт смерці, — гаворыць супрацоўнік хоспісу. — Псіхолаг Кубель-Рос вылучыла некалькі стадыяў псіхалагічнай рэакцыі на вестку пра смерць — адмаўленне, шок, дэпрэсія, агрэсія і ўрэшце прыняцце гэтага факту. Кожнае дзіця ўспрымае вестку пра смерць па-свойму. Страх смерці закладзены ў нас самой прыродай. Размова не ідзе пра лячэнне і выздараўленне. Нашая задача — абязболіць, навучыць радавацца жыццю, а не зацыклівацца на хваробе. Бацькі сваёй надзеяй на выздараўленне часам папросту забіраюць у дзіцяці апошнія дні жыцця. Смерць патрэбна асэнсаваць і прыняць. Калі цуд адбудзецца, гэта добра. Але нельга марнаваць жыццё толькі на чаканне гэтага цуду, пасля якога і пачнецца сапраўднае жыццё». На стале ляжыць дзіцячая кніжка «Гісторыя пра жыццё і смерць»...
Псіхолаг таксама працуе з братамі і сёстрамі хворага дзіцяці, бацькамі. Штомесяц бацькі хворых дзетак сустракаюцца, размаўляюць, абмяркоўваюць свае праблемы. Дарэчы, пра праблемы. Акрамя маральных цяжкасцяў, дзеці і іх бацькі маюць многа перашкодаў бытавых, сацыяльных. Атрымаць адукацыю дзіцяці з невылечным дыягназам яшчэ магчыма, але працаўладкавацца вельмі цяжка. «Часам бацькі, калі дзецям спаўняецца 24 гады і яны выходзяць з-пад нашай апекі, задаюць нам пытанне: «Вы нас пакідаеце, і што нам рабіць цяпер?». Быццам бы для інвалідаў нешта і робіцца ў бытавым плане, але іх жыццё застаецца вельмі складаным», — канстатуе Максім Падбярозкін.
Мы размаўляем з Максімам у дзіцячым пакоі, затым ён паказвае кухню, палаты. Хоспіс нагадвае маленькі дзіцячы садок. Але словы медсястры Ларысы Барцэвіч: «У гэтым пакоі на мінулым тыдні памерла ад раку дзяўчынка-падлетак», вяртаюць да рэчаіснасці. Галерэя памяці — два стэнды з фотаздымкамі памерлых дзетак у маленькай каплічцы на апошнім паверсе катэджа. Бацькі падпісалі фотаздымкі ласкавымі імёнамі, такімі для іх былі хворыя дзеткі — сыны і дочкі з усмешлівымі, разумнымі, цікаўнымі вачыма. «Канешне, цяжка на гэта глядзець, цяжка бачыць, як паміраюць дзеці, падлеткі. У нас была вельмі разумная дзяўчынка Рамашка Воля, пераможца школьнай алімпіяды. Мы назвалі яе «наш прэзідэнт»... Але тут я на сваім месцы. Я не ўяўляю іншай працы. Калі працуеш тут, то найперш бачыш дзіця. Хвароба ідзе не перад, а за ім», — заўважае медсястра.
Над сястрынскім пакоем гадзіннік спыніўся на пяці хвілінах на першую. Час, калі казка мусіла б скончыцца. І толькі добрая чараўніца ведае, як яе працягнуць і што зрабіць, каб жыццё на гэтым не спынілася.
Для дабрачынных ахвяраванняў
ГДА «Беларускі дзіцячы хоспіс»
ААТ «Банк Масква-Мінск», код 272; Р/р 3135003490014 або Р/р 3015003490017; УНП 100806662; ОКПО 28658161
------------------------------------------------------------------------------
Сэрцы дзяцей — у цэнтры ўвагі
Эла Дзвінская


У Мінску завяршылася акцыя «Дзіцячае сэрца». 10 спецыялістаў са Злучаных Штатаў правялі серыю кансультацый і аперацый дзецям з народжанай паталогіяй сардэчна-сасудзістай сістэмы. Усяго за гэты час сумесна было выканана 40 аперацый.
У 1994 годзе ў Мемфісе, штат Тэнесі, супрацоўнік універсітэцкай клінікі доктар Уільям Новік, якім кіравала гарачае жаданне дапамагаць дзецям ва ўсім свеце, заснаваў і ўзначаліў фонд «Дзіцячае сэрца». Мэта яго працы — выратаваць як мага больш дзяцей з хворымі сэрцамі ў розных краінах.
Медыцынскія каманды на чале з доктарам Новікам пабывала ў Харватыі, Кітаі, Узбекістане. Выконвалі аперацыі і ратавалі дзетак у Перу, Нікарагуа, Югаславіі.
Сёння ў складзе інтэрнацыянальнай брыгады кардыяхірургі, анестэзіёлагі, лекары інтэнсіўнай тэрапіі, медыцынскія сёстры.
З 1996 года амерыканскія калегі супрацоўнічаюць з беларускімі хірургамі. Шчырыя, ветлівыя, з адкрытымі ўсмешкамі, яны нясуць надзею ў сем’і беларусаў. Мерапрыемствы выконваюцца добраахвотнымі медыцынскімі брыгадамі пры падтрымцы грамадскіх арганізацый. За апошнія гады адбылося больш 10 акцый, сотням беларусаў былі выпраўлены складаныя парокі сэрца.
За любоў да дзяцей і сваю самаахвярную дзейнасць доктар Уільям Новік раней быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. У гэтым годзе доктар Новік непасрэдна правёў пяць аперацый.
Я сустрэлася з доктарам Уільямам Новікам, кіраўніком інтэрнацыянальнай брыгады кардыяхірургаў, і яго спадарожнікамі пасля правядзення імі чарговай аперацыі і папрасіла сказаць некалькі слоў для чытачоў «НЧ».
«Мы задаволены праведзенай працай і станам пацыентаў. Мінск — вельмі спрыяльны горад у плане правядзення медычных даследаванняў. З Беларуссю нас звязваюць парнёрскія сувязі, у нас шмат сяброў і калег. Разам са мной прыехалі лекары з Мемфіса, Санц’яга, Лондана. Дзеці адчуваюць сябе добра, спадзяюся, што ўсё будзе нармальна», — зазначыў Уільям Новік.