Гродна. Астравец. Полацк. Ліда. Гродна
Гродна. Хрыстос прызямліўся ў Гародні
У Ноч музеяў гродзенцы пабачылі рок-оперу «Ісус Хрыстос — суперзорка».
Гродзенскі гісторыка-архелагічны музей, які знаходзіцца ў замкавым комплексе, прадставіў наведвальнікам шматлікія імпрэзы. Кульмінацыяй свята стала рок-опера «Ісус Хрыстос —
суперзорка». Сваю версію вядомага мюзікла гледачам паказалі студэнты Гродзенскага педагагічнага каледжа.
Астравец. Сад — прышчэпка ад радыяцыі
Гродна. Хрыстос прызямліўся ў Гародні
У Ноч музеяў гродзенцы пабачылі рок-оперу «Ісус Хрыстос — суперзорка».
Гродзенскі гісторыка-архелагічны музей, які знаходзіцца ў замкавым комплексе, прадставіў наведвальнікам шматлікія імпрэзы. Кульмінацыяй свята стала рок-опера «Ісус Хрыстос —
суперзорка». Сваю версію вядомага мюзікла гледачам паказалі студэнты Гродзенскага педагагічнага каледжа.
Астравец. Сад — прышчэпка ад радыяцыі
«Сад будзе ісці паперадзе!» — сказаў гендырэктар асацыяцыі «Гроднасадавінагародніна» Віктар Кірэй.
Згодна яго слоў, каля гарадка для працаўнікоў АЭС ужо ў гэтым годзе будзе пасаджаны сад паўкарлікавых яблынь і груш. Нізкаросласць дрэў кіраўнік асацыяцыі тлумачыць тым, што гэта павінна
«аблегчыць збор ураджаю». Плануецца, што працу па ўтрыманні сада будуць здзяйсняць жыхары гарадка, якія не змаглі працаўладкавацца на станцыі.
Полацк. Творчая сустрэча
Суполка «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» арганізавала творчую сустрэчу.
Сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага універсітэта з рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў», лаўрэатам
літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», пісьменнікам Барысам Пятровічам, старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў, пісьменнікам і паэтам Алесем Пашкевіча ды вядомым бардам Кастусём
Герашчанкам адбылася ў будынку Полацкага кадэцкага корпуса. Госці распавялі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, накірункі яе развіцця, яе месца ў сусветным літаратурным жыцці ды чыталі свае
творы. Літаратурныя выступы сваімі спевамі аздобіў Кастусь Герашчанка.
Па запрашэнні рэдактара часопіса «Дзеяслоў» Барыса Пятровіча да сустрэчы далучылася адна з арганізатараў сустрэчы, сябра ТБМ, маладая паэтка Ірына Бельская. Студэнты задавалі
выступоўцам шматлікія пытанні. Кафедра культуралогіі ПДУ і аўтары самых цікавых пытанняў і атрымалі ў падарунак кнігі і дыскі ад запрошаных гасцей і ТБМ.
Ліда. Галерэя партрэтаў
Галерэю партрэтаў класікаў і сучаснікаў на працягу 17 гадоў стварае мясцовы мастак Уладзімір Мельнікаў.
Зараз у ёй каля 50 работ. Яшчэ ў 1995 годзе Мельнікаў напісаў партрэт Маргарэт Тэтчэр і падарыў ёй карціну. Падзяка ад «жалезнай лэдзі» не прымусіла сябе чакаць. Сярод работ мастака
партрэты вядомых грамадскіх, культурных і рэлігійных дзеячаў Беларусі: Уладзіміра Мулявіна, Анатоля Ярмоленка, мітрапаліта Філарэта і іншых.
Зараз лідзянін закончыў працу над замовай тутэйшага музея. Па старадаўняму малюнку ён аднавіў вобраз вядомага на мяжы ХІХ–ХХ кампазітара, скрыпача-віртуоза Канстанціна Горскага, які
нарадзіўся ў Лідзе.
Гродна. Незвычайная выстава
У музеі тэлекампаніі «Гродна» адкрылася экспазіцыя старых тэлевізараў.
Сабраць гэтую калекцыю дапамаглі жыхары рэгіёна, якія прынялі актыўны ўдзел у акцыі «Стары тэлевізар». У студыю паступіла каля 500 тэлефанаванняў. Людзі прапаноўвалі свае рарытэты,
якія не адзін дзесятак гадоў знаходзіліся на гарышчы, у гаражах і іншых месцах. Піянера савецкай тэлевізійнай прамысловасці тэлевізар «КВН–49», які быў выраблены ў
колькасці 1,3 мільёна, прынёс у музей жыхар абласнога цэнтра Ян Хамко. Гэты апарат важыў 29 кілаграмаў. Яшчэ ў экспазіцыі прадстаўлены «Рубін», «Беларусь»,
«Зорка» і іншыя тэлепрыёмнікі 1960–1970-х гадоў. А таксама незвычайны экспанат, так званы камбайн, які спалучае ў сабе функцыі тэлевізара, радыёпрыёмніка і прайгравальніка
пласцінак.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка