Гульня ў адны вароты
За некалькі месяцаў да чарговых прэзідэнцкіх выбараў НІСЭПД правёў сацыялагічнае даследаванне, вынікі якога паказалі, што рэйтынгі амаль усіх палітыкаў, якія заявілі пра свае лідэрскія
амбіцыі, ніжэй плінтусу. Часу да дня выбараў засталося не так многа, а дзеянняў кандыдатаў у кандыдаты, якія б прываблівалі на свой бок выбарцаў, не бачна.
Статыстычная хібнасць
За некалькі месяцаў да чарговых прэзідэнцкіх выбараў НІСЭПД правёў сацыялагічнае даследаванне, вынікі якога паказалі, што рэйтынгі амаль усіх палітыкаў, якія заявілі пра свае лідэрскія
амбіцыі, ніжэй плінтусу. Часу да дня выбараў засталося не так многа, а дзеянняў кандыдатаў у кандыдаты, якія б прываблівалі на свой бок выбарцаў, не бачна.
Статыстычная хібнасць
Сацыёлагі канстатуюць, што рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму стабільны, апазіцыйныя кандыдаты нават ва ўмовах блізкай электаральнай кампаніі, калі палітычная актыўнасць насельніцтва ўзрастае,
застаюцца на ўзбочыне.
Адказваючы на пытанне, за каго б яны аддалі свае галасы, рэспандэнты выказалі падтрымку дзейснаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку — 48,3%, Аляксандру Мілінкевічу — 9,9%,
Аляксандру Казуліну — 7,5%, рэйтынг астатніх кандыдатаў застаўся ў межах статыстычнай хібнасці: Алесь Міхалевіч (2,4%), Віталь Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук (1%), Мікалай
Статкевіч,— 0,8%, Андрэй Саннікаў — 0,5%. У падтрымку Уладзіміра Някляева, лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», выказаліся 1,6% апытаных. 17%
рэспандэнтаў не змаглі адказаць на пастаўленае пытанне.
Але Віталь Рымашэўскі на свае палітычныя перспектывы глядзіць аптымістычна. «Хіба ў прэзідэнцкай кампаніі мусяць удзельнічаць тыя, хто мае рэйтынг, як у Лукашэнкі? — задае
Рымашэўскі сустрэчнае пытанне на просьбу патлумачыць, як з такім нізкім стартам ён пойдзе да перамогі. — Людзі чакаюць новых асобаў. Зрэшты, калі скласці негатыўны і пазітыўны рэйтынг
публічных асобаў, то думаю, што найбольшы пазітыўны рэйтынг будзе якраз у малавядомых людзей. У гісторыі ёсць безліч прыкладаў таго, як палітыкі за кароткі прамежак часу набывалі папулярнасць,
вядомасць».
Рымашэўскі нагадаў, што для перамогі патрэбны 51 працэнт галасоў выбарцаў, але на першым этапе, паводле яго слоў, трэба набраць 20–25 працэнтаў. «Наша кампанія не будзе будавацца
выключна на маёй персоне, мы будзем працаваць праз узмацненне пазіцый рэгіянальных лідэраў, структур партыі», — дзеліцца планамі на бліжэйшую электаральную кампанію
Рымашэўскі.
Эксперт НІСЭПД, доктар Аляксандр Сасноў гаворыць, што, тэарэтычна, названыя палітыкі маглі б падняць свой рэйтынг да прэзідэнцкіх выбараў, але з умовай, што яны атрымаюць доступ да радыё, тэлебачання
і друкаваных СМІ. «Толькі хто гэта дазволіць? Ёсць яшчэ варыянт, што ўлада будзе «душыць» сваіх апанентаў, тады гэта таксама згуляе на карысць рэйтынгу прэтэндэнтаў на
прэзідэнцкі фатэль. Увогуле, калі б нехта займеў рэйтынг, роўны рэйтынгу Лукашэнкі, думаю, улады пазбавіліся б ад такога канкурэнта», — рэзюмуе Сасноў.
Што тычыцца папулярнасці Лукашэнкі, то эксперт тлумачыць гэта тым, што ён адзіны публічны палітык у беларускай прасторы. Апроч таго, на карысць дзейснаму кіраўніку Беларусі гуляе і тое, што ёсць
інфармацыйныя нагоды, як, напрыклад, дыскусіі вакол Мытнага саюза, калі Лукашэнка намагаўся навязаць сваю пазіцыю Расіі. І, паводле беларускіх СМІ, выйшаў нават пераможцам. Аляксандр Сасноў нагадвае,
што застаецца нявыкарыстаным рэзерв адміністрацыйнага рэсурсу — улады пакуль не рабілі выплат, паказальных зняццяў з высокіх пасадаў.
Каму патрэбна праўда
Эксперты НІСЭПД сцвярджаюць, што, нягледзячы на актыўную працу з людзьмі, паездкі па рэгіёнах і красавіцкія ператрусы ў офісах грамадскіх арганізацый і кватэрах актывістаў грамадзянскай кампаніі
«Гавары праўду!», рэйтынг яе застаецца невысокім. Хаця «Гавары праўду!» ужо амаль паўгода дзейнічае на прасторах Беларусі, і ў яе падтрымку выказаўся шэраг вядомых
асобаў, як, напрыклад, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, раскрутка кампаніі не надта маштабная.
У чэрвені на пытанне: «Ці ведаеце вы што-небудзь аб грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!»?» сцвярджальна адказалі толькі 12,5% рэспандэнтаў. Калі ўлічыць, што
падзеі, звязаныя з вобшукамі, на працягу пэўнага часу былі галоўнай навіной на старонках незалежных газет і ў беларускім сегменце інтэрнэту, дык такі ўзровень пазнавальнасці варта прызнаць невысокім,
— гавораць даследчыкі.
І дадаюць, што ў чэрвені штодня карысталіся інтэрнэтам 13,1% беларусаў, некалькі разоў на тыдзень — 16,1% і некалькі разоў на месяц — 9,8%. Справа не ў адсутнасці інфармацыі, а ў
адсутнасці цікавасці да яе.
Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў выказваўся наконт свайго магчымага вылучэння ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта, аднак сацыёлагі папярэджваюць, што ў
беларускіх рэаліях перамога і рэйтынг слаба карэлююцца. Ды і ўвогуле, гаворыць Аляксандр Сасноў: «Тэрмін «перамога» ў адносінах да беларускай выбарчай кампаніі ўжываць
немагчыма, бо ўдзельнікі кампаніі гуляюць па правілах, вызначаных уладамі. Гэта футбол у адны вароты».
Абяцанні ад першай асобы
Але вернемся да персоны кіраўніка Беларусі. Аляксандр Лукашэнка вядомы сваімі заявамі, якія залежаць ад яго настрою і кан’юнктуры. Сацыёлагі НІСЭПД прааналізавалі адносіны грамадскай думкі
да шэрагу заяў, якія зрабіў прэзідэнт у традыцыйным штогадовым пасланні парламенту і народу ў красавіку гэтага года. Пытанне фармулявалася па прынцыпу «згодзен» ці «не
згодзен» з нейкай тэзай рэспандэнт. Выявілася, што Лукашэнку, які заявіў, што не дапусціць у краіне «каляровых рэвалюцый», падтрымалі 60,4% апытаных. 51,7% беларусаў
згодныя з тым, што «ўлады змаглі зберагчы давер людзей і спакой у грамадстве», 51% мяркуюць, што «ў бягучым годзе беларусы павінны цалкам пераадолець наступствы сусветнага
крызісу». 49,1% рэспандэнтаў згодныя, што «двухмоўе — найвялікшы культурны набытак, заснаваны на гістарычным выбары народа», а 45,1% — што
«беларускае кіраўніцтва змагло выйсці на якасна новы ўзровень адносінаў з Еўрапейскім саюзам».
Таксама амаль палова рэспандэнтаў (44,9%) згодныя з Лукашэнкам у тым, што нашай краіне неабходная АЭС. 37,7% выказаліся за тое, што «беларусы нікуды не павінны ісці — ні ў Еўропу,
ні ў Амерыку, ні ў Расію». Траціна — 35,2% — вераць, што «ўлада выканае ў бягучым годзе абавязальніцтва па росце заработнай платы» (абяцанне сярэдняга
заробку ў 500 долараў).
Усходнюю суседку пакрытыкаваў таксама амаль кожны трэці апытаны: «Дзеянні расійскага кіраўніцтва паставілі пад пытанне выжыванне беларускай дзяржавы», — з такой тэзай
пагадзіліся 32,7% рэспандэнтаў. Эксперты НІСЭПД адзначаюць: «Раздача абяцанняў з’яўляецца абавязковым атрыбутам любой улады. Вось толькі дэмакратычнай уладзе за свае абяцанні
даводзіцца адказваць. Для гэтага ў дэмакратычных краінах існуюць адпаведныя інстытуты. У Беларусі ўся палітычная сістэма рэдукаваная да інстытута першай асобы. Таму не варта здзіўляцца, што ў тэксце
чарговага паслання ёсць пералік задач, але няма справаздачы аб выкананні задач, пастаўленых годам раней».
Расійскі вектар здаў пазіцыі
Пасля аналізу прарасійскіх сімпатый беларусаў у чэрвені гэтага года, НІСЭПД распаўсюдзіў высновы, што яны былі найменшымі за многія апошнія гады. Апытанне праводзілася да газавага канфлікту, падчас
якога ўпершыню з 2004 года Расія рэзка знізіла пастаўкі газу ў Беларусь. Але фактараў, якія працуюць на паніжэнне прарасійскіх сімпатый, хапае і без гэтага. Эксперты называюць студзеньскі нафтавы
канфлікт і сваркі паміж Мінскам і Масквой з нагоды прытулку ў Беларусі былога прэзідэнта Кыргызстана Бакіева, транспарціроўку венесуэльскай нафты ды іншыя інцыдэнты.
Як бачна па выніках апытанняў, у чэрвені 2010 года нашы суайчыннікі былі гатовыя зрабіць свой выбар ва ўсходнім накірунку ў найменшай ступені за апошнія дзесяць гадоў. Але разам з тым змяншэнне
прарасійскіх настрояў не прывяло да росту праеўрапейскіх. Колькасць тых, хто выступае за далучэнне Беларусі да ЕС, і супернікаў гэтага працэсу практычна не змяніліся. За далучэнне да ЕС выступаюць
36,4% рэспандэнтаў, крышку больш — 39,4% — супраць.
Эксперты НІСЭПД зазначаюць, што геапалітычны выбар залежыць ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык: больш слабыя сацыяльныя групы — жанчыны, асобы старэйшых узростаў і з нізкай адукацыяй
— больш схільныя аддаваць перавагу ўсходняму «вектару»; мужчыны, моладзь і адукаваныя рэспандэнты больш імкнуцца да Еўропы.
Разам з тым канстатуецца, што геапалітычныя перавагі беларусаў не вельмі ўстойлівыя: у залежнасці ад фармулёўкі эквівалентных па сэнсу пытанняў, многія рэспандэнты схільныя даваць розныя адказы,
рабіць розныя выбары. Прыкладна кожны пяты з прыхільнікаў аб’яднання з РФ або з ЕС змяняе арыентацыю пры пераходзе ад аднабаковых пытанняў да дыхатамічных. Прыкладна ў такіх жа прапорцыях з
такім жа пераходам супернікі адпаведнага геапалітычнага выбару становяцца яго прыхільнікамі.
З пазначанага вышэй вынікае, што палітыкі ў пэўнай ступені могуць маніпуляваць гэтым выбарам. Але некаторыя канстанты выбару паміж Усходам і Захадам усё ж застаюцца ў беларускім грамадстве.