«Хачу абняць родных, з’есці маміных сырнікаў і баршчу». Кацярына Барысевіч — пра свае планы і этап у калонію
З гомельскай калоніі, дзе Кацярына знаходзілася апошнія тры дні, яна выйшла ў добрым настроі. Недалёка ад будынка яе сустракалі некалькі сяброў і калег. Родныя чакаюць Кацярыну дома — у Мінску.
Першай Кацярына патэлефанавала дачцэ Дашы і папрасіла яе прыгатаваць любімыя сырнікі, піша тэлеграм-канал TUT.BY, а маме замовіла катлеты. На вуліцы моцны дождж, але, кажуць, гэта добрая прыкмета.
— Белы бэз, якое ўсё зялёнае, — не стрымлівае эмоцый Кацярына, гледзячы па баках.
Гэтай ноччу, кажа Кацярына, яна ўпершыню выспалася, хоць прачнулася, вядома, рана — вельмі чакала вызвалення.
— Мяне загадзя папярэдзілі, што сёння раніцай я выйду, таму з 4-5 раніцы я чакала, калі мяне паклічуць — і ўсё, выйду на волю — бадзёра распавядае Кацярына. — Я да гэтага перахварэла, але займалася спортам, гадзіну ў дзень, як належыць, дыхала свежым паветрам.
— Чаго зараз хочацца больш за ўсё?
— Абняць блізкіх і родных, з’есці мамчыных сырнікаў і баршчу. А яшчэ мацней за ўсё хочацца паехаць у сваю вёску і вырошчваць кветкі. Дарэчы, у калоніі я папрасіла сабе хоць нейкую працу. Мне далі высаджваць календулы і васількі. Атрымала неверагоднае задавальненне.
На тры дні ёй выдалі спецыяльную форму — сімпатычную сукенку ў кветачкі, пінжак, ватоўку на выпадак, калі будзе холадна.
Пасля вызвалення Кацярыны журналісты адразу адзначылі, што справа на майцы ў дзяўчыны жоўтая нашыўка з яе прозвішчам.
— Гэта азначае, што ты палітвязень? — спыталі яны.
— Гэта азначае толькі тое, што я была ў калоніі, — патлумачыла журналістка. — Я яе [жоўтую бірку] сама прышывала.
Калі Кацю этапавалі з Жодзіна ў Магілёў, а потым з Магілёва ў Гомель, яе перавозілі ў кайданках. Але пры гэтым супрацоўнікі былі максімальна карэктнымі.
— Не магу сказаць, што да мяне было нейкае асаблівае стаўленне — кажа Кацярына. — Але ў мяне была карычневая картка — як у чалавека, схільнага да экстрэмізму. Усіх такіх зняволеных перавозяць гэткім чынам. Са мной былі дзве жанчыны, якія асуджаныя за забойства. У іх тэрміны па 9-10 гадоў. Яны жартавалі, што ехалі проста, спакойна, а я як экстрэміст (або схільная да экстрэмізму) ехала ў кайданках.
Пра тое, што зараз адбываецца з TUT.BY, Кацярына ў курсе, але ніякіх падрабязнасцей пакуль не ведае. Журналісты спыталі ў нашай калегі, ці чакала яна такога рэзанансу ад артыкула аб смерці Рамана Бандарэнкі, пасля якога ёй зацікавіліся аператыўнікі.
— Ніхто пра гэта не думаў, я працую журналістам 15 гадоў і не задумвалася нават, што з-за артыкула магу апынуцца ў турме.
— Сама ты да працы вяртацца плануеш?
— Я хачу ўбачыць родных, вясну, з’ездзіць на мора, а потым ужо ўсё астатняе. Я больш не думаю катэгорыямі, што будзе далей. Далей можа быць усё, што заўгодна. У лістападзе я таксама не разлічвала, што апынуся ў КДБ, а потым на Валадарцы, таму доўгатэрміновых планаў у мяне няма. А ў кароткатэрміновых — хачу абняць дачку, родных, калег і сказаць дзякуй усім за тую падтрымку, якую мне аказвалі.
— А што было самае цяжкае з побытавага жыцця за кратамі?
— Я на тое і журналіст, каб знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі. Мы ўсе там танчылі, — прыводзіць прыклад журналістка. — Адзінае, я не палю, а калі ў камеры паляць 10-14 чалавек, было няпроста. Першы час я хадзіла ў медыцынскай масцы. А вось у Гомелі ўсе паляць толькі на вуліцы, таму калі мяне засялілі, я адзначыла: «О, у вас не паляць, класна».