Кацярына Барысевіч выйшла на волю

«Увесь час, колькі яна знаходзілася за кратамі, мы марылі, што ў дзень яе выхаду скупім усе кветкі на Камароўцы і будзем чакаць яе на волі з яркімі колерамі», — піша тэлеграм-канал TUT.BY.

photo_2021_05_19_07_35_30.jpg


Аднак учарашнія падзеі, якія адбыліся з рэдакцыяй TUT.BY, змянілі планы. Побач з гомельскай калоніяй, куды Кацярыну этапавалі ў апошнія дні яе зняволення, было няшмат сустракаючых, але яны дачакаліся яе — з прывітаннямі ад усіх супрацоўнікаў кампаніі.

Сустрэча з Кацяй прайшла спакойна, хоць а 7 раніцы, калі калегі прыйшлі да ўваходу ў жаночую калонію, каля яе яны ўбачылі характэрны бус, а таксама легкавік, у якім знаходзіўся чалавек у пагонах. Прыкладна ў 7:24 раніцы Каця выйшла з варот калоніі з дзвюма вялікімі торбамі.

Найперш яна патэлефанавала 18-гадовай дачцэ Дашы, якая зараз чакае маму разам з іншымі роднымі ў Мінску. Кацярына распавяла нам, што доўга не магла забраць усе лісты — а атрымала яна іх за паўгода каля 500.

photo_2021_05_19_07_35_31.jpg


Цяпер Кацярына побач са сваімі калегамі, яна ў цудоўным настроі. Супрацоўнікі калоніі паводзілі сябе максімальна карэктна — яны нават прапанавалі паднесці сумкі і выклікаць Кацярыне таксі.

Нагадаем, Кацярыну Барысевіч судзілі за разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК) — паводле версіі Генпракуратуры, гэта «падвышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і проціпраўных дзеянняў». Яе прысудзілі да паўгода калоніі. Таксама вінаватым па справе прызнаны лекар БХМД Арцём Сарокін, ён атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і выйшаў на волю пасля абвяшчэння прысуду. І Кацярына, і Арцём віну не прызналі.

Гаворка ідзе пра артыкул Барысевіч пра смерць Рамана Бандарэнкі «Урач БХМД: "У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі"», лекар Сарокін даў каментар пра стан пацыента.

Пракуратура падала пратэст на прысуд у дачыненні да Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання», аднак Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле.

Кацярына была затрымана 19 лістапада 2020 года, увесь гэты час яна ўтрымлівалася ў СІЗА (спачатку ў Мінску, затым — у Жодзіне, а пасля — у Магілёве), дзе адзін дзень прыраўноўваецца да аднаго дня ў калоніі. Адпаведна, 19 траўня мінуў тэрмін зняволення.