Галасы свабоднай Еўропы

Шэсцьдзясят шэсць гадоў таму, 4 ліпеня 1950 года, пачала вяшчанне радыёстанцыя «Свабодная Еўропа».

rferl.jpg

 
Радыёстанцыя была заснавана ў 1949 годзе амерыканскай антыкамуністычнай арганізацыяй «Нацыянальны камітэт за свабодную Еўропу» пры падтрымцы ўладаў ЗША. «Свабодная Еўропа» вяла перадачы з Мюнхена на камуністычныя краіны Усходняй Еўропы, дзеля таго, каб даць магчымасць іх жыхарам атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю.
Праўда, гэтай інфармацыі трэба было яшчэ прабіцца праз савецкія «глушылкі». У тым жа 1949 годзе кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне аб будаўніцтве магутнай усесаюзнай сеткі радыёглушэння.
Між іншым, у 1962 годзе наш суайчыннік 20-гадовы дысідэнт Сяргей Ханжанкоў з трыма паплечнікамі спрабаваў узарваць вежу каля касцёла Святога Роха, з якой адбывалася глушэнне «варожых галасоў». У выніку групу арыштавалі, Сяргею прысудзілі 10 гадоў, якія ён правёў у калоніі для асабліва небяспечных злачынцаў у Мардовіі.


Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення з настальгіяй узгадваюць, як яны ўціхую слухалі «галасы» пад падушкай, асцярожна пракручваючы верн'ер, каб праз «джаз КДБ» пачуць галасы легендарных вядоўцаў.
У сакавіку 1953 года пачала вяшчанне руская служба пад назвай «Радыё «Вызваленне», з якой потым паўстала «Радыё Свабода». Праз год у эфіры з'явілася беларуская мова. А ў 1976 годзе «Радыё Свабодная Еўропа» і «Радыё Свабода» аб'ядналіся. 
Сёння медыакарпарацыю «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» ўзначальвае Томас Кент, які раней многа лет прапрацаваў у інфармацыйным агенцтве Associated Press.
На адзначэнні 50-годдзя карпарацыі тагачасны яе прэзідэнт Томас Дайн сказаў: «Сёння Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа грае сваю ролю, спадзяюся, значную, у хваравітым і складаным працэсе пераходу ад таталітарных рэжымаў і аўтарытарнага праўлення да адкрытага, праўду дэмакратычнай супольнасці. Мэта, дзеля якой Радыё Свабода / Свабодная Еўропа было заснавана паўстагоддзя таму, на жаль, застаецца надзённай. Усе мы па-ранейшаму сутыкаемся з задачай вызвалення Еўропы, Еўразіі, Ірака і Ірана, з задачай аб'яднання гэтых ўсё яшчэ аддзеленых ад астатняга свету частак свету, з задачай прадухілення грамадзянскіх войнаў, спароджаных этнічнай, расавай, рэлігійнай і палітычнай нянавісцю, актамі гвалту і злачынствамі».
На жаль, гэтыя словы актуальны і зараз.