Галоўны рэдактар газеты “Данбас” распавёў пра неаб’яўленую вайну

«Спачатку яны захапілі банкі, будынкі СБУ і міліцыі, а потым з аўтаматамі  прыйшлі ў нашы рэдакцыі. Сепаратысты паводзілі сябе як гаспадары».



2015_ukraine_baj6_1_.jpg

Аляксандр Брыж

Галоўны рэдактар газеты “Данбас” Аляксандр Брыж стараецца расказваць пра  падзеі спакойна, і толькі вочы выдаюць абурэнне і нязгоду з тым, што давялося перажыць асабіста яму і яго паплечнікам у чэрвені мінулага года.

Добра ўзброеныя сепаратысты спачатку захапілі Данбаскае абласное тэдерадыёаб’яднанне, дзе прызначылі свайго кіраўніка. Калектыву прапанавалі новую “рэвалюцыйную” канцэпцыю і пачалі вяшчаць-агітаваць за лепшае жыццё ў нікім не прызнанай ДНР.

– Такі ж сцэнар паўтарыўся літаральна ва ўсіх друкаваных выданнях, – распавядае Аляксандр Міхайлавіч. – Журналістаў паставілі перад выбарам: ці пішыце тое, што вам скажуць, ці будзеце звольнены і ўвогуле з’едзеце адсюль. Многія з калег вымушаны былі пагадзіцца, бо трэба ж выжываць і карміць сем’і, куды ехаць і дзе жыць…

Наш рэдакцыйны калектыў пасля нападу сепаратыстаў вырашыў не здавацца, неўзабаве мы перавезлі прадпрыемства ў Чаркасы. Многія нашы карэспандэнты засталіся на захопленай тэрыторыі ў розных населеных пунктах, дасылаюць адтуль матэрыялы. Тут, у Чаркасах, мы вярстаем газету, потым друкуем у іншым горадзе, а потым ужо распаўсюджваем. Раней газета “Данбас” выходзіла тыражом 32 тысячы асобнікаў і яшэ два разы на тыдзень па 14 тысяч. Цяпер, зразумела, тыраж значна меншы. Але мы верым у перамогу і будзем змагацца…

Гэта паездка беларускіх журналістаў ва Украіну была вельмі насычанай на падзеі, сустрэчы, уражанні. Мы гаварылі з салдатамі 128-й асобнай горна-пяхотнай брыгады, якія змагаліся ў Дэбальцава і якіх, як герояў, 24 лютага сустракалі на Саборнай плошчы ў Чаркасах. І горка было ад іх чуць, што не хапала зброі, амуніцыі, што з-за бязглуздых ваенных загадаў загінула шмат украінскіх хлопцаў, і што іх “папросту злілі”. Гэта быў папрок не палітычнаму кіраўніцтву краіны, а тым паркетным генералам-чыноўнікам, якія не валодалі сітуацыяй, ці валодалі, але нічога не рабілі. І каб не падтрымка валанцёраў, не вера салдат у тое, што яны  змагаюцца за свае сем’і, за праўду і родную зямлю, то было б зусім кепска.

baj.by__sites_default_f_ed324d1b85e18c0d77b96e8f6bd7c406.html


Сустрэча салдат 128-й асобнай горна-пехотнай брыгады пасля вяртання з Дэбальцава. Чаркасы, цэнтральная плошча.

baj.by__sites_default_f_38ddf6718cf8de1de011b0b5e451c77f.html

Валанцёрскі рух ва Украіне шчыры і моцны, вайна згуртавала людзей, яны зразумелі, што могуць быць НАЦЫЯЙ

Дарэчы, з валанцёрамі мы таксама сустракаліся. Дзякуючы нашай каляжанцы Валянціне Душок, адміністрацыі Чаркашчыны ды падтрымцы Фонда імя Фрыдрыха Эберта ва Украіне. Пра ўбачанае і пачутае мы раскажам у бліжэйшых нумарах нашага карпаратыўнага выдання “Абажур”, у эфіры беларускай службы Радыё “Свабода”,“Беларускага Радыё Рацыя”, іншых незалежных СМІ.

baj.by__sites_default_f_36803fbd63321606314c481259a0e2e0.html


Сустрэча беларускіх журналістаў з украінскімі калегамі ў Чаркасах. Люты 2015 года

На Чэрнэчай гары, што ля горада Канеў, стаіць высокі помнік Тарасу Шаўчэнку, тут жа знаходзіцца яго магіла. Гэта месца для ўсіх украінцаў святое, тут іх культурны і духоўны цэнтр.

З вышыні глядзіць вялікі Кабзар на Днепр і родную зямлю, якую хочуць разарваць на кавалкі манкурты ды чужаземцы. Але асабіста я веру, што Україна вытрымае і ачысціцца ад навалачы знутры і звонку. Гэты працэс пачаўся разам з рэвалюцыяй годнасці на Майдане і працягваецца дагэтуль. Аднак гэтаму ачышчэнню замінае вайна. Але яна скончыцца. Толькі, на жаль, не сёння і не заўтра. Бо параненыя людскія душы хутка вылечыць немагчыма…

baj.by__sites_default_f_6225ee8bf20b93d5d29791ed62720a0b.html


Уладзімір Дзюба для www.baj.by, фота А. Зянкова