Гамяльчука збіў міліцыянт, які дапытваў яго пасля затрымання на акцыі — за «няправільныя» паказанні

Затрыманы 10 жніўня на акцыі пратэсту Леанід Кавалёў сёння на волі, але ў статусе падазраванага: у міліцыі лічаць, што ён кідаў бутэлькі з запальнай сумессю, сам хлопец гэта адмаўляе. Але гісторыя атрымала нечаканы працяг, пра які хлопец распавёў gomel.today.

104_butylka.jpg


Леаніда Кавалёва затрымалі 10 жніўня ў цэнтры Гомеля падчас акцыі пратэсту, калі ён спрабаваў зняць відэа для пабліка «ЧП Гомель». Відэа ён так і не зняў — 28-гадовага хлопца затрымалі, заявіўшы, што ён кідаўся бутэлькамі. Сваякам адвакат паведаміў, што Леаніду пагражае тэрмін ад трох да пяці гадоў.
Пасля ўсіх падзей Леанід вярнуўся на працу, дзе выпадкова сустрэў міліцыянта, які яго дапытваў, і той яго збіў. Хлопец вырашыў распавесці гісторыю, нягледзячы на пагрозы паўплываць на ход справы.
Леаніду 28 гадоў, ён працуе таксістам. Калі хлопца адпусцілі, ён вярнуўся да звычайнага жыцця: ездзіць на сваёй машыне, не працуе з сэрвісамі. У ноч з 30 на 31 жніўня да шасці раніцы пад'ехаў да начнога клубу "Нэма", там ад "борта" ўзяў пасажыра. Ім аказаўся супрацоўнік праваахоўных органаў, які дапытваў Леаніда пасля затрымання.
— Мне ж тады далі 10 сутак. Пакуль я быў у КПЗ (ІЧУ, — заўв. СН), да мяне прыязджалі розныя следчыя, апера. Іх было шмат, і прозвішча я не запомніў. Ён падышоў, гаворыць: «О, Лёнік! Паехалі на Сонечную». Ён сеў у машыну ўжо п'яны, з ім была жанчына. Паводзіў сябе нармальна. Бліжэй да Сонечнай пачаў мяне пытаннямі закідваць. Кажа: ты няправільныя паказанні даеш, здай сваіх змоўшчыкаў. Я адказаў, што ведаць не ведаю гэтых хлопцаў, прыехаў туды з пляменнікам, а хто кідаў, хто што рабіў, не ведаю — як я апазнаю?!

«Што ты будуеш з сябе?! Хто я, і хто ты — просты таксіст»

Па словах Леаніда, гэты чалавек паказваў яму фатаграфіі, настойваў, каб ён апазнаў людзей на іх.
— Там святло было адключана, бачна было толькі святло ад фар машын. На ўсіх маскі да вачэй, капюшоны. Я асоб не бачыў. Ён мне кажа, маўляў, хаця б аднаго апазнай. Потым паглядзеў на мой тэлефон і запатрабаваў выключыць дыктафон. Я патлумачыў, што дыктафон не ўключаны, працуе праграма для таксі.
Далей, распавядае таксіст, пасажыр запатрабаваў аддаць яму тэлефон або адключыць яго. Хлопец адмаўляўся, таму як той фіксуе паездку. Пасля гэтага міліцыянт сказаў спыніць машыну.
— Я пачаў прытармажваць, нават не паспеў, а ён ззаду адной рукой мяне абхапіў, правай заглушыў машыну і забраў ключ. Аббег з другога боку, адчыніў дзверы і з нагі мяне ўдарыў. Па галаве і па руцэ (я паспеў неяк закрыць твар рукой). Выкінуў мяне з машыны, я нават не супраціўляўся, і разбіў тэлефон. А потым пачалося: "Што ты з сябе будуеш?! Хто я, і хто ты — просты таксіст".
Хлопец пачаў уцякаць, не падпускаў міліцыянта да сябе блізка. "Пагоня" доўжылася каля 20 хвілін.
— Тут ён ужо, мабыць, крыху працверазеў. Прасіў дамовіцца. Казаў, што заплаціць мне за тэлефон, колькі трэба, абы гэта нікуды далей не пайшло. Маўляў, і яму прыляціць, і мне, — успамінае Леанід.

"Адна сказала, што запісы ёсць. Другая — што камера нічога не запісала"

На месца пачалі з'язджацца таксісты. Адзін з іх даў Леаніду тэлефон, і хлопец выклікаў міліцыю. Пакуль нарад ехаў, пасажыр знік. Малады чалавек напісаў заяву, следча-аператыўная група зрабіла фатаграфіі на месцы, агледзела машыну. Леаніда адвезлі ў абласную бальніцу.
— Зафіксавалі пашкоджанне мяккіх тканін на скроні. Потым мне сказалі, што майго "крыўдзіцеля" знайшлі.
Усё адбывалася недалёка ад "Гіпа", ля дарогі быў шапік, на ім камера. У момант здарэння на відэарэгістратары ў Леаніда не было флэшкі, ды і яе міліцыянт бы забраў — перш за ўсё шукаў карту памяці ў прыладзе. Таму хлопец паехаў паглядзець запісы з камеры. Уся надзея была на іх.
— Адна прадавачка сказала, што запісы ёсць, другая — што камера не працавала і нічога не запісала. Маўляў, прыязджалі да мяне следчыя і ўжо глядзелі.
Сёння Леанід — падазраваны па крымінальнай справе, звязанай з кінутай бутэлькай з запальнай сумессю. Малады чалавек першапачаткова прасіў супрацоўнікаў праваахоўных органаў глядзець запісы з камер відэаназірання. У СК, распавядае, яму іх паказвалі — там відаць, як разбягаецца натоўп, застаецца адзін Леанід, нічога не кідае.
— У мяне ў руках была камера, Я спрабаваў здымаць. Яна знікла з запісам разам з рэчамі пасля затрымання. Потым відаць, як я іду, трымаю рукі ў кішэнях. Я не ўцякаў, таму яны сказалі, што я з натоўпу "кактэйльшчыкаў".
Тым не менш, падазрэнняў з яго не здымаюць, а міліцыянт, які збіў маладога чалавека, параіў даваць «правільныя» паказанні, калі той хоча застацца на свабодзе.
— Неяк сказаў намёкам, што не застанецца ўбаку [у справе з кінутай бутэлькай з запальнай сумессю]. Кажа, ты падазраваны, улічы, што статус сведкі трэба заслужыць.

«Як у вас хапіла розуму заяву на следчага пісаць?»

Па словах Леаніда, міліцыянт разламаў тэлефон на дзве часткі, яго забралі аператыўнікі, як і заключэнне з бальніцы. Матэрыялы спачатку накіравалі ў СК, потым вярнулі ў міліцыю. Хлопец баіцца, што сітуацыю хочуць замяць. Сёння ён удакладняў паказанні, "каб справу зноў маглі накіраваць з міліцыі ў СК".
Падчас дачы паказанняў Кавалёву распавялі, што відэа з камер няма, а той самы супрацоўнік органаў напісаў на яго заяву за ілжэсведчанне і яго знаёмая, якая сядзела на суседнім сядзенні, пацвердзіла, што канфлікту і нападу не было.
— Маёр кажа: як у вас хапіла розуму заяву на следчага пісаць? Маўляў, ты адзін, а іх двое. Цяпер я паехаў на судмедэкспертызу, там агледзелі мае сінякі, якія засталіся на руках. Сказалі, да месяца вынікі робяцца, можа, тыдзень ці два.