Ганна Севярынец: Якое злачынства — забраць у нас усіх магчымасць рабіць свае справы і давяраць адно аднаму
Ганна Севярынец выказалася ў фэйсбуку пра тое, што лічыць страшным злачынствам у сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Размяшчаем гэты допіс.
«Пазалетась у нас у Смалявічах быў вялікі пажар: уночы гарэла поле і лесапаласа. Мой дом стаіць на горцы, да таго ж высокі паверх, і я пабачыла вагонь ува ўсёй ягонай прыгажосці, бо ў стыхій і драм ёсць свая эстэтыка і прыцягальнасць. Была ноч, усе спалі, а я нешта вазілася за чарговай пісанінай і выйшла на балкон крыху падумаць. І пабачыла поле і дрэвы ў агні. Пабегла па тэлефон, набрала нумар. Мне заўсёды падабаюцца аператары па той бок трывожнага званка: вельмі спакойныя, структураваныя, яны адразу ствараюць адчуванне чалавечага кантролю над бядой. Потым я бачыла, як у цемры круціліся маячкі пажарных машын, як яны спрабавалі праехаць па полі, не прабіліся, спынілся ля дамоў, потым было колькі хвілінаў маўклівай трывогі, і нарэшце ў цемры нябачныя людзі абкружылі вогнішча і пачалі з ім барацьбу - было бачна, як па краях пажару сунімаюцца агеньчыкі, як нікне полымя на дрэвах, як яго бяруць у кола, і дабіваюць. Людзей я, канешне, не бачыла, але гераічная іх справа ў гэтай цемры ад сваёй нябачнасці ўспрымалася па-асабліваму. Я імі і ганарылася, і шкадавала, і жадала перамогі, і любіла па-сястрынску.
А яшчэ колькі год таму ў мяне згубілся Люба ў Менску: яны паехалі з сястрычкай у горад і нейкім чынам там заблукалі. Жэня тэлефануе мне ў паніцы і слязах, у Любы сеў тэлефон, я дома адна з малым Ільюхам на руках. Я тады адразу патэліла ў міліцыю. Выклік у мяне прынялі, усё распыталі - спакойна і вельмі прафесійна, а мяне ж б'е гістэрыка, я наогул у нейкім тумане. Тады гэты хлопец, які прымаў выклік, стаў мяне набіраць кожныя дзесяць хвілін. Забараніў мне ехаць у горад, сказаў, што яны ўсё зробяць. Пытаўся, як я трымаюся. Дакладаў, што робіцца: "Не хваюйцеся, яе здымкі ўжо ў транспартнай міліцыі. Не хвалюйцеся, метро і чыгунка ўжо шукаюць. Не хвалюйцеся, мы паведамілі дзяжурным па горадзе". Люба прыехала наступнай электрычкай, а да нас прыехаў малады хлопчык - праверыць, ці ўсё добра. Я не спыталася тады ні ў кога з іх імёнаў, але я памятаю добра той дзень.
І я думаю: якое злачынства - забраць у нас усіх магчымасць рабіць свае справы і давяраць адно аднаму. Якое злачынства ўзяць - і перакрэсліць мой давер да МЧС і міліцыі, да людзей у форме, да тых, хто умее і можа быць героем, прафесіяналам і наогул прыстойным чалавекам.
Я шмат думала ў звязку са сталіншчынай, ці правільна ўскладаць віну за тэрор на аднаго Сталіна. Цяпер я думаю - правільна. Даўлатаў некалі тлумачыў сталіншчыну праз асаблівасці часу: "Есть времена, располагающие ко злу". Я б цяпер не стала б пераносіць адказнасць з чалавека на час. Ёсць людзі, якія нараджаюць зло, і зла ў іх столькі, што яно выплёскваеца на іншых. Людзі могуць і не стаць злачынцамі, пакуль не будзе аддадзены загад.
Я ўжо не памятаю, ці гэта я сама прыдумала інтэрпрэтацыю біблейскай формулы "и кто из вас соблазнит малых сих", ці прачытала недзе, але я і па сёння думаю: няма горшага злачынства, чым скарыстацца слабасцю альбо глупасцю "малых сіх" і загадаць ім рабіць зло. Спакусіць іх тым, што дазволіць не быць людзьмі.
Вельмі хачу, каб да мяне вярнуўся давер. Любіць проста. Ненавідзець цяжка.»