Мінчукам разбілі вокны з бел-чырвона-белымі сняжынкамі. Міліцыя адмовілася заводзіць справу
«Асобы выказалі сваю нязгоду з размяшчэннем у вакне вобразу бел-чырвона-белага сцяга», — такі адказ атрымала гаспадыня кватэры з міліцыі. Белыя і чырвоныя сняжынкі правіселі два дні, піша Радыё Свабода.
Ірына да Калядаў вырашыла ўпрыгожыць сваё вакно бел-чырвона-белымі сняжынкамі.
«Сцяг мы не вывешвалі, бо раптам што. Падумалі, што сняжынкі — гэта не забаронена. Хацелі такім чынам выказаць сваю пазіцыю, каб бачылі суседзі і людзі, якія праходзяць поруч, каб бачылі, што нас шмат. У нас на суседніх вокнах аркушы паперы вісяць, але нашы сняжынкі не спадабаліся найбольш», — расказвае Ірына.
«Ноччу ў вакно кінулі гайкі»
За сняжынкі ў вакно Ірыны ўначы прыляцелі гайкі, вакно разбітае.
«Гэта было а палове на трэцюю ночы. Мы спалі ў пакоі, калі прыляцелі дзве гайкі. Мы выклікалі міліцыю. У міліцыі адразу ўдакладнілі, ці вісела ў вакне „незарэгістраваная сімволіка“», — прыгадвае Ірына.
Гаспадары кватэры ацанілі шкоду ад дзеянняў невядомых у 270 рублёў.
«Сфатаграфавалі ўсю кватэру»
У міліцыі не палічылі патрэбным шукаць тых, хто кідаў у вакно гайкі. У адказе з Маскоўскага РУУСа паведамілі, што «асобы выказалі нязгоду з размяшчэннем у вакне вобразу бел-чырвона-белага сцяга». Калі прыехалі, адфатаграфавалі ўсю кватэру.
«У ходзе праверкі орган крымінальнага пераследу прыходзіць да высновы, што ў цяперашні час, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, сярод асобаў з ліку грамадзянскай супольнасці, маюцца асобы, якія негатыўна ставяцца да бел-чырвона-белай сімволікі», — гаворыцца ў адказе з міліцыі.
Ірына чакала падобнага, але не чакала, што справу нават не будуць заводзіць.
«Мы зразумелі, што далей дамагацца справядлівасці бессэнсоўна. Мы разлічвалі, што шукаць гэтых людзей не будуць, але не чакалі, што праверка скончыцца так хутка, што справу нават не завядуць», — кажа Ірына.
Сняжынкі правіселі два дні, шыбы пабілі ў ноч на Каляды. Ужо праз 5 дзён у міліцыі вырашылі, што ніякага складу злачынства ў тым, што адбылося, няма. Пазней Ірына атрымала запісы з камер відэаназірання на доме, і там бачна, што гайкі ў вакно кідала група людзей у масках.