Ханс-Ёхан Шмідт: Дзейнічаць у агульным полі актыўнасці
Інтэрв’ю Ханса-Ёхана Шмідта, кіраўніка офіса АБСЕ ў Мінску шэф-рэдактару «Новага часу» Аляксею Каралю.
— Спадар пасол, тэма працы місіі АБСЕ ў Беларусі набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з уключэннем Беларусі ў праграму «Усходняе партнёрства». Відавочная
тут і роля місіі АБСЕ ў Мінску, якая працуе з верасня 1997 года (спачатку як Кантрольна-назіральная група АБСЕ, а з 2003 года — пад назвай Офіс АБСЕ ў Беларусі). Працуе ў няпростых умовах.
2001–2002 гады адзначаныя згортваннем практычна ўсіх праектаў АБСЕ ў Беларусі, фактычным закрыццём місіі. Пасля ад’езду кіраўніка місіі Ханса-Георга Віка, новы яе кіраўнік
— Эберхард Хайкен — атрымаў магчымасць выконваць свае абавязкі толькі ў пачатку 2003 года. Вы ўзначальваеце місію ў Беларусі крыху больш за год. Якімі Вы бачыце месца і ролю місіі
АБСЕ ў Беларусі, яе магчымасці, формы і метады дзейнасці, узаемадзеянне з рознымі палітычнымі і грамадскімі сіламі?
— Мне ўзгадваецца гутарка з міністрам замежных спраў Беларусі ў снежні 2007 года, падчас майго нефармальнага прадстаўлення. Размова датычыла і згаданага Вамі перыяду. Тады, пасля закрыцця
офіса ў 2002 годзе, было вельмі няпроста даць АБСЕ яшчэ адну магчымасць аднаўлення дзейнасці. Падчас перамоў было ўзгоднена, як аформіць новы мандат. На мой погляд, ён не надта адрозніваецца ад
мандата, па якім працаваў спадар Вік. Мы маем магчымасць працаваць па двух накірунках — чалавечым або палітыка-эканамічным. Мы можам таксама весці маніторынг.
Калі я прыехаў сюды (а здарылася гэта 4 лютага 2008 года), сітуацыя адрознівалася ад сённяшняй, існавала пэўная напружанасць. Былі вызвалены некалькі вязняў, прызнаных міжнароднымі праваабарончымі
арганізацыямі палітычнымі зняволенымі, але не быў вызвалены Казулін. Гэта справакавала жорсткую рэакцыю з боку некаторых краін. І гэта ўсё, на маю думку, адмоўна адбілася на нашай працы.
Думаю, працоўны клімат стаў змяняцца да лепшага з моманту, калі было прынята рашэнне пра допуск каманды БДІПЧ у Беларусь з місіяй назірання за выбарамі. Беларускія ўлады вельмі канструктыўна
распрацавалі мандат місіі, прычым без абмежавання яе колькасці. Пасля выбараў БДІПЧ апублікавала сваё заключэнне, што дало магчымасць наладзіць экспертныя дыскусіі. Мы дапамагалі таксама рыхтаваць
сустрэчы, якія адбыліся ў пачатку гэтага года, паміж экспертамі АБСЕ і Беларусі; кансультацыі былі накіраваныя на распрацоўку прапаноў аб зменах Выбарчага кодэкса па рэкамендацыях БДІПЧ. У гэты раз,
у адрозненне ад трох папярэдніх, улады паведамілі пра сваю гатоўнасці да станоўчых адказаў на гэтыя рэкамендацыі. Паглядзім.
— Але ж выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. І ацэнку ім БДІПЧ дало даволі жорсткую. Тым не менш, дыялог быў працягнуты. Якім чынам непразрыстасць выбараў і працяг
дыялога спалучаюцца ў разуменні заходніх палітыкаў?
— З боку Захаду існуюць пэўныя спадзяванні. Пасля выбараў Еўрасаюз прыняў рашэнне пачаць
кансультатыўны палітычны дыялог. Беларускі бок адказаў, што ён станоўча ўспрымае прапановы БДІПЧ і гатовы арганізоўваць «круглыя сталы» з удзелам прадстаўнікоў як дзяржаўнага, так
недзяржаўнага сектараў, прысвечаныя праблемам СМІ. Гэтыя сігналы справакавалі чаканні Захаду. Паглядзім, якія канкрэтныя крокі зробіць беларускі бок у найбліжэйшай будучыні, каб пацвердзіць гэтыя
спадзяванні.
— Зараз мы назіраем другую спробу дыялога. Першая адбылася ў 1999 годзе па ініцыятыве спадара Віка. І была рэзка абарваная беларускімі ўладамі, пасля надышоў доўгі перыяд
абвастрэння адносін з Захадам. Наколькі вялікая верагоднасць таго, што і гэтую спробу чакае падобны фінал?
— Цяжка прадказаць будучыню. Я думаю, што сёння палітычнае кіраўніцтва вашай краіны зацікаўлена ў развіцці і паляпшэнні адносін не толькі з Расіяй, але і з Захадам. Па розных прычынах.
Думаю, не варта папракаць Захад, нібыта яго зацікаўленасць у дыялогу тлумачыцца выключна камерцыйнымі прычынамі. З досведу папярэдніх гадоў заходнія палітыкі зрабілі выснову пра тое, што ізаляцыя не
прыносіць жаданых вынікаў. І лепш знайсці шлях, які дазваляе абодвум партнёрам дзейнічаць у агульным рэчышчы актыўнасці, якое прадстаўляе ўзаемныя інтарэсы. У гэтым рэчышчы знаходзяцца і функцыі
офіса АБСЕ. Хоць іх значэнне не варта пераацэньваць. Кіраўнік гэтага офіса не павінен рабіцца каталізатарам унутранага палітычнага дыялога — напрыклад, каталізатарам афармлення апазіцыйных
сіл. Гэта задача саміх апазіцыйных сіл. Гэта задача Беларусі — знайсці свой палітычны шлях. Гэта задача вашых палітыкаў, грамадзян — знайсці выхад з крызісу. З крызісу эканамічнага.
З крызісу, па меркаванні шмат каго, палітычнага. Мы можам быць карысныя ў ролі мадэратара. У стасунках як з грамадствам, з прадстаўнікамі грамадскіх сіл, так і з выканаўчай уладай.
Ёсць і ў краінах — удзельніцах АБСЕ людзі, якія крытыкуюць наш офіс за недастатковую ўвагу да апазіцыі.
Аднак, на мой погляд, тут неабходны вельмі дакладны баланс. Каб, імкнучыся да лепшага, не зрабіць горш для той жа апазіцыі і, галоўнае, для насельніцтва. Наш мандат абавязвае нас развіваць кантакты,
якія ідуць на карысць вашай краіне. У гэтым кантэксце, адзначу, мы не маем права рэалізоўваць ні адзін праект без згоды выканаўчай улады. І было б няправільным, калі б кіраўнік офіса ператвараўся ў
гульца на ўнутраным палітычным полі. Гэта не функцыя кіраўніка офіса АБСЕ. І я вельмі ўдзячны прадстаўнікам грамадства, якія разумеюць нас і цесна супрацоўнічаюць з намі ў розных галінах.
Лічу, што за апошнія месяцы мы здолелі павялічыць колькасць мерапрыемстваў, а гэта на карысць развіццю грамадства. Мабыць упершыню за многія гады кіраўнік офіса АБСЕ атрымаў магчымасць зрабіць шэраг
публічных выступаў, у тым ліку на тэлебачанні. Гэта дазволіла мне распавесці людзям пра значэнне свабоды слова, пра правы грамадзян на стварэнне грамадскіх аб’яднанняў, на правядзенне
сходаў, мітынгаў і дэманстрацый.
Каб паспяхова працаваць тут для развіцця краіны, нам здаецца важным развіваць кантакты, фармаваць поле даверу не толькі з грамадствам, але і з прадстаўнікамі ўлады. Гэта часам цяжка растлумачыць
абодвум бакам. Але ў нас ёсць добрая каманда, і вельмі важна, што ў гэтай камандзе ёсць беларускія супрацоўнікі, якія добра ведаюць сваю краіну. Мы ім вельмі ўдзячныя.
Характэрна і іншая дэталь: сёлета ўлады паведамілі нам пра сваю гатоўнасць працягнуць мандат місіі не ў апошні момант, як у папярэднія гады, а загадзя. І не толькі працягнуць, але і аказаць спрыянне
ў паляпшэнні ўмоў працы. Гэта зроблена для таго, каб паказаць, што Беларусь сапраўды гатовая актыўна працаваць не толькі з АБСЕ як арганізацыяй, але і з яе місіяй у Мінску на прынцыпах даверу.
— Калі кажуць, што палітыка ізаляцыі не прынесла вынікаў, неяк выпускаецца з поля зроку, што гэта была палітыка самаізаляцыі, характэрная для ўсіх аўтарытарных рэжымаў. З такімі
рэжымамі дэмакратычныя краіны падтрымліваюць звычайныя міждзяржаўныя адносіны. Гэта значыць, сёння мы назіраем па сутнасці вяртанне не да дыялога як такога, не да поўнамаштабнага, глыбокага і
ўсебаковага супрацоўніцтва на аснове агульных прынцыпаў, агульных каштоўнасцяў, а да больш-менш нармальных кантактаў. На ваш погляд, гэтая палітыка кантактаў пашырылася? І якія яе
перспектывы?
— Вядома, развіццё гэтых кантактаў у бок паўнавартаснага дыялога шмат у чым вызначаецца ўнутранымі параметрамі развіцця грамадзянскай супольнасці. І задача місіі — спрыяць гэтаму.
Аднак не на шляху палітызацыі, як я ўжо казаў, а на шляхах садзейнічання развіццю ўнутранага дыялога паміж грамадствам і ўладай. Мы можам прывесці шэраг прыкладаў дастаткова паспяховага, на карысць
насельніцтву, супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый з уладамі ў рэгіёнах. Гэтаму і спрыяем.
Натуральная сфера развіцця супрацоўніцтва — эканамічная. Важным, на наш погляд, з’яўляецца лібералізацыя візавага рэжыму. Я здзіўлены тым фактам, што большасць насельніцтва не
вельмі добра ведае заходнія краіны, што каля 70 працэнтаў жыхароў Беларусі ні разу не выязджалі за мяжу, што больш паловы жыхароў краіны ні разу не мелі стасункаў ні з адным замежнікам —
такія дадзеныя вашых сацыялагічных даследаванняў. І гэта вынік, у тым ліку, і высокага кошту віз. Калі Еўрасаюз хоча палепшыць імідж заходніх краін у вачах насельніцтва Беларусі, ён павінен паслабіць
візавы рэжым, што, дарэчы, добра разумеюць краіны «новай» Еўропы і не вельмі добра — «старой».
Адкрыць межы з нашага боку — азначае павялічыць давер да нас, спрыяць стварэнню калідора з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень. Гэта значыць, неадкладна выкарыстаць на карысць Беларусі яе
выгоднае геаграфічнае становішча для пашырэння яе міжчалавечых, турыстычных, эканамічных, культурных і камерцыйных кантактаў. Развіццё гэтых сувязяў абсалютна не ідзе на шкоду сувязям з Расіяй.
Мая краіна, Германія, пасля вайны аднаўлялася, у тым ліку і абапіраючыся на крэдыты ЗША на вельмі льготных умовах. Гэтыя крэдыты Германіі ды іншым краінам даваліся не толькі з гуманных меркаванняў,
але і каб забяспечыць экспартныя рынкі.
Беларусі вельмі бракуе заходніх інвестыцый для мадэрнізацыі эканомікі. У гэтым ёсць наўпроставая зацікаўленасць вашага палітычнага кіраўніцтва, асабліва цяпер, калі вы шукайце шляхі выйсця з
эканамічнага крызісу, але ў вас няма выхаду да крэдытных рынкаў. Мы бачым сваю задачу яшчэ і ў тым, каб паказаць насельніцтву, што дыялог — шлях да паляпшэння яго сацыяльна-эканамічнай базы,
яго дабрабыту.
— Гэта разуменне прыходзіць у тым ліку і да ўладных структур. Але іх стрымлівае боязь страціць свае пазіцыі — як палітычныя, так і эканамічныя (свой уласны
дабрабыт).
— Прагрэс у супрацоўніцтве, прагрэс у паляпшэнні дабрабыту насельніцтва праз развіццё супрацоўніцтва — на жаль, шлях досыць доўгі. Яго немагчыма прайсці за паўгода. Да прыкладу,
нашы праекты разглядаюцца беларускім бокам часам вельмі працяглы тэрмін. Супярэчаць інтарэсам Беларусі і недастаткова абгрунтаваныя арышты з наступным зацягваннем адкрытых судовых працэсаў для
высвятлення ісціны, ступені віны арыштаваных. Як гэта адбываецца, напрыклад, са справай Аўтуховіча і яго калегаў. Гэта правакуе адмоўную рэакцыю і ў Беларусі, і за яе межамі.
— Саміт у Празе 7 мая па сутнасці завяршыў першы этап палітыкі дыялога: Беларусь здабыла статус паўнапраўнага ўдзельніка праграмы «Усходняе партнёрства». Але
гэты этап быў няпросты, адзначаны відавочнымі супярэчнасцямі ў стаўленні да Беларусі розных еўрапейскіх краінаў і палітыкаў. У якой ступені, на Ваш погляд, дасягнута адзінства краін ЕС па беларускай
лініі праграмы? Якія ў гэтым адзінстве суадносіны прагматычных разлікаў і каштоўнаснай асновы? І як усё гэта можа адбіцца на рэалізацыі праграмы?
— На мой погляд, вельмі важна, што Беларусь уключаная ў праграму. Яшчэ некалькі месяцаў таму ў гэтым не было поўнай упэўненасці. З іншага боку, нягледзячы на ўключэнне Беларусі, адносіны з
ёй Еўрасаюза будуць развівацца ў адпаведнасці з умовамі і магчымасцямі, якія існуюць у самой Беларусі. Я лічу, што ў эканамічных сферах, у галіне бяспекі, у пытаннях функцыянавання мытняў,
арганізацыі кантролю на межах, у рэгуляванні міграцыйных плыняў і г. д. будзе параўнальна лёгка дасягнуць дамоўленасцяў. Еўрасаюз — і гэта таксама ёсць узгодненая пазіцыя ў рамках праграмы
партнёрства — зацікаўлены развіваць адносіны і ў іншых сферах. У банкаўскай, напрыклад. У стварэнні роўных умоў для ўсіх гульцоў, роўных магчымасцяў і адкрытасці для ўсіх удзельнікаў,
напрыклад, на атрыманне тэндэраў. Гэта адаб’ецца і на стане палітычнага поля. Лібералізуючы эканоміку, вы адчыняеце перад насельніцтвам зусім іншыя магчымасці арганізацыі грамадскага
жыцця.
І баяцца гэтага не трэба. Чым вышэй ступень інфармавання насельніцтва, тым лягчэй і бяспечней даецца выхад з крызісу. Значна больш небяспечна кіраваць краінай, насельніцтва якой не мае дастатковай
інфармацыі. І гэтаму ў вашай гісторыі ёсць яркі прыклад. Утойванне інфармацыі пра Чарнобыльскую катастрофу з’явілася, думаю, асноўным чыннікам палітычнага пахавання Гарбачова. У сучасным
свеце празрыстасць з’яўляецца галоўным фактарам у арганізацыі эканамічнага і палітычнага жыцця грамадства.
— Вы лічыце, што адрозненні ў пазіцыі заходніх партнёраў сур’ёзна не паўплываюць на характар дыялога і на развіццё адносін з Беларуссю, што прагматыка партнёрства будзе
адэкватная каштоўнасным устаноўкам?
— Супярэчнасці і ўзаемная крытыка — норма дэмакратычна арганізаваных структур на шляху да ўзгодненых рашэнняў. Тым больш, калі ў гэтай структуры 27 самастойных краін. Але мне было
прыемна чуць словы былога міністра замежных спраў Германіі, які нядаўна ўзгадаў, якой жорсткай крытыцы падвяргалася ў свой час наша краіна за яе нежаданне адмовіцца ад маркі на карысць еўра. Уявіце
сабе, падкрэсліў ён, з якімі б непараўнальнымі цяжкасцямі мы сутыкнуліся б цяпер, у час эканамічнага крызісу, калі б захавалі марку і не перайшлі на еўра.
Палітычныя і эканамічныя працэсы маюць розную дынаміку ў розныя эпохі, у розных краінах. Трэба мець цярпенне. Хто калісьці думаў, што Іспанія ператворыцца ў аднаго з самых актыўных і аўтарытэтных
еўрапейскіх партнёраў? А досвед Польшчы, якой таксама няпроста было прайсці працэс мадэрнізацыі, паказаў магчымасці Еўрасаюза адказаць на выклік інтэграцыі ў яго межы краін з цалкам іншай
сістэмай.
Думаю, што інтарэс Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» — у магчымасцях ажыццявіць мадэрнізацыю эканомікі і стварыць такую матэрыяльную базу, якая дазволіць насельніцтву
перажыць крызіс і выйсці на годны ўзровень дабрабыту тут, у роднай краіне, не ад’язджаючы за мяжу. Дазволіць пазбегнуць уцечкі кваліфікаваных кадраў і мазгоў.
Найперш трэба стварыць для моладзі ўмовы для самарэалізацыі. Мы шмат працуем з універсітэтамі, я ведаю, якая таленавітая ваша моладзь. Праблема моладзі, дарэчы, — гэта праблема і апазіцыі,
якая ў асноўным сталага веку. Я сам немалады чалавек, і з вышыні свайго ўзросту, у кантэксце ўсяго гістарычнага досведу, асабліва выразна разумею, якімі негатыўнымі наступствамі для краіны пагражае
страта моладзі. Аж да страты самой краіны.
Павінен адзначыць, што разумення ўсяго комплексу складаных праблем, што стаяць перад Беларуссю, у асяроддзі афіцыйных структур, асабліва сярод іх маладых прадстаўнікоў, робіцца ўсё больш.
— Кіраўнік Еўрапарламента Ханс-Герт Петэрынг заклікаў перад самітам у Празе да «крытычнага дыялога з Беларуссю». Якім чынам можа адбіцца гэтая пазіцыя на
фармаце палітыкі партнёрства?
— Я думаю, што Еўрапарламент, еўрадэпутаты, у тым ліку і новаабраныя, будуць аналізаваць палітычны працэс у Беларусі. Я думаю, у інтарэсах кіраўніцтва краіны адказаць станоўча на чаканні,
якія грунтуюцца на прынцыпах, падпісаных у тым ліку і беларускім бокам. Маю на ўвазе дэкларацыю Стамбульскага саміту.
— Ад пазіцыі Захаду шмат у чым залежыць лёс трох арыштаваных — Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Якая гэтая пазіцыя?
— Я думаю, адказам на іх арышт і з’явілася хваля крытыкі ў дачыненні да беларускіх уладаў. Ускладняе гэты факт і працэс збліжэння ў рамках дыялога. Наша пазіцыя ў тым, каб як мага
хутчэй адбыўся аб’ектыўны судовы працэс, які б даў арыштаваным магчымасць даказаць сваю невінаватасць.
— Якое ўяўленне пра Беларусь склалася ў Вас за 14 месяцаў жыцця тут?
— Уражвае, што, нягледзячы на эканамічны крызіс, у настроях людзей пераважае аптымізм. Уражвае маладая Беларусь, моладзь Беларусі, з яе цікавасцю да новага, з яе пільнай увагай да развіцця
эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне і ў свеце, з яе жаданнем атрымаць добрую адукацыю і на карысць сабе і краіне.