Гарады, якія беларусы лічаць лепшымі. Спойлер: №1 — не Мінск
Апошнія некалькі гадоў цалкам змянілі «ландшафт» краіны, і калі раней самай прывабнай для жыцця была сталіца, то цяпер Мінск значна саступае ў гэтай прывабнасці. Затое людзі бачаць перспектывы ў іншых гарадах.
«Цэнтр новых ідэй» выпусціў пілотнае даследаванне «Барометр беларускіх гарадоў 2023». Яго прэзентацыя адбылася 4 кастрычніка. Аўтары склалі рэйтынг гарадоў Беларусі «ў адпаведнасці з меркаваннем іх жыхароў». Падчас анлайн-апытання 1966 гараджан папрасілі ацаніць як умовы для жыцця, так і сваё стаўленне да горада. Апытанне праходзіла з 20 па 23 мая 2023 года. Сярод рэспандэнтаў «быў перакос у пратэснай, прадэмакратычнай частцы беларускага насельніцтва».
«Барометр беларускіх гарадоў» паказвае «суб'ектыўнае ўспрыманне гараджанамі сваіх месцаў» і з'яўляецца дадаткам да выпушчанага раней рэйтынгу беларускі гарадоў, піша «Deutsche Welle».
У чым Мінск саступае Брэсту?
У рэйтынгу «Барометра беларускіх гарадоў» на першым месцы аказаўся Брэст, на другім — Гродна, а Мінск — толькі на трэцім.
Паводле слоў старшага даследчыка «Цэнтра новых ідэй» Генадзя Коршунава, жыхары Брэста высока ацанілі магчымасці для вольнага часу, адзначалі, што задаволены працай у горадзе кавярняў, клубаў, музеяў, рэстаранаў. Яшчэ адна прычына першага месца ў рэйтынгу — «адчуванне таго, што ў Брэста ёсць перспектывы развіцця».
Высокую ацэнку Гродна атрымаў дзякуючы «закаханасці» ў горад яго жыхароў і нежаданню з яго з'язджаць. У Гродне крыху горш ацанілі гарадскую інфраструктуру.
«Мінск праваліў такія паказчыкі, як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў. І, на жаль, гонар за свой горад аказаўся далёка не на першым месцы», — канстатаваў сацыёлаг.
Коршунаў лічыць, што ў мінчан вельмі высокія чаканні ад горада. Таксама сярод тых, хто пакінуў краіну, большасць — з Мінска, у сталіцы закрыліся некаторыя ўстановы, стала менш культурных падзей, а «людзі памятаюць, як было тры-чатыры гады таму», што таксама адбіваецца на стаўленні да горада.
«Гарады для жыцця» і «месцы адчаю»
Аўтары даследавання не толькі прыводзяць агульны рэйтынг гарадоў, але і дзеляць іх на чатыры групы: «гарады для жыцця», «гарады энтузіястаў», «гарады расчаравання» і «месцы адчаю».
Да «гарадоў для жыцця» адносяцца Брэст, Гродна, Ліда, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Мазыр, а таксама шэраг сярэдніх гарадоў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. У іх і ўмовы ацэньваюцца «вышэй за сярэднія» па краіне, даволі высокія і агульныя ацэнкі гэтых гарадоў.
Жыхары «гарадоў энтузіястаў» ацэньваюць умовы жыцця ў іх не вельмі высока, але «ўсё ж любяць» свой горад. Гэта, паводле звестак даследавання, Віцебск, малыя і сярэднія гарады Мінскай і Гродзенскай вобласці.
Гарады, у якіх умовы для жыцця «быццам бы і ёсць», але з нейкіх прычын яны не прыцягваюць сваіх жыхароў, аўтары назвалі «гарадамі расчаравання». У гэтую групу ўваходзяць Бабруйск, Салігорск і сярэднія па памеры гарады Магілёўскай вобласці.
У катэгорыю з драматычнай назвай «месцы адчаю» ўвайшлі Магілёў, Орша, Барысаў, Маладзечна, сярэднія і малыя гарады Віцебскай, а таксама малыя гарады Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Гэта населеныя пункты, дзе «хутчэй нездавальняючыя» ўмовы для жыцця, акрамя таго, яны не вельмі добра ўспрымаюцца самімі жыхарамі.
Як на рэйтынг гарадоў уплывае «фактар вайны»
Генадзь Коршунаў пракаментаваў нізкую ацэнку жыхарамі некаторых гарадоў. «Салігорск і Барысаў — прамысловыя гарады, якія адчулі на сабе вялікую ўвагу ўлад (пасля пратэстаў 2020 года.— Заўв. рэд.), дзе праз рэпрэсіі адчуванне бесперспектыўнасці будзе проста зашкальваць», — тлумачыць сацыёлаг.
Што тычыцца, да прыкладу, малых гарадоў Магілёўскай вобласці, дзе ўмовы для жыцця нядрэнныя, гараджанам там «складана знайсці падставы для суб'ектыўнага жадання заставацца там і нешта рабіць», бо тыя, «хто нешта рабіў да 2020 года, цяпер сядзяць. І гэта цалкам абсякае пытанне перспектыў», — мяркуе Коршунаў.
Даследчык лічыць, што «цяпер складаны час для вывучэння чыстых складнікаў», таму што працуе «фактар вайны», які зніжае планку патрабаванняў да ўмоў жыцця для некаторых малых гарадоў. «Праз гэта суб'ектыўная задаволенасць гарадской інфраструктурай, яна хоць нейкая ёсць, не разбураная, значна перавышае тое, што мы маем па абласных цэнтрах. Ва ўмоўных Горках або Круглым задаволенасць умовамі жыцця можа быць вышэйшай, чым умовамі ў Мінску, Гродне ці Брэсце», — тлумачыць сацыёлаг.
Падчас прэзентацыі таксама прагучала, што Беларусь патрабуе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы і рэформы самакіравання, але наўрад ці гэта адбудзецца найбліжэйшым часам. Між тым, такія даследаванні, як «Барометр беларускіх гарадоў», могуць дапамагчы ў правядзенні падобных рэформаў у «новай Беларусі».