5 спосабаў зрабіць беларускія гарады лепшымі для жанчын

У большасьці сваёй, гарады будаваліся мужчынамі і для мужчын. Той факт, што жанчыны складаюць прыблізна палову насельніцтва, нібыта недастатковы аргумент для таго, каб улічваць нашыя патрэбы ў планаванні гарадскіх прастораў, паведамляе Радыё Свабода.

women_1.jpg

Наўрад ці гэта робіцца наўмысна — людзі, што займаюцца горадабудаўніцтвам, часта проста не задумваюцца пра спецыфіку жаночага жыцця. Але жанчыны маюць у горадзе асаблівыя патрэбы, і частка з іх абумоўлена фізіялогіяй, а частка — сацыяльным ладам грамадства. Так ці інакш, каб нам жылося камфортней у сучасных гарадах, іх трэба пэўным чынам удасканальваць.

Безбар’ернае асяроддзе

У размовах пра пандусы ў грамадскіх месцах акцэнт робіцца, як правіла, на людзях з інваліднасцю, якія перасоўваюцца на вазках. Але велізарная частка «мэтавай аўдыторыі» — мамы з малымі дзецьмі — застаецца па-за увагай. Узровень драмы нібыта не той: гіпатэтычна, жанчына можа зацягнуць вазочак на пяты паверх без ліфта і прыпадымаць яго пры кожным пераходзе дарогі. І ўвогуле, замест вазочка можна выкарыстоўваць слінг.
Зрэшты, жанчыны і праўда знаходзяць выйсце: надрываючы спіны, носяць вазочкі, носяць дзяцей у слінгах альбо выходзяць з дзіцём з кватэры толькі ў крайніх выпадках (у краму па прадукты, у аптэку па лекі). У апошнім выпадку падвышаецца ўзровень сацыяльнай ізаляцыі, раздражнёнасці і эмацыйнай стомленасці жанчыны. Але разумення маштабу праблемы на ўзроўні грамадства і дзяржавы ўсё яшчэ, здаецца, няма.
Можна доўга (і цалкам справядліва) даводзіць, як важна прыцягваць татаў да клопату пра дзяцей увогуле і да цягання вазочкаў у прыватнасці. Але ў рэальнай Беларусі немаўлятамі займаюцца амаль заўжды жанчыны, і гэтага ня варта ігнараваць.

Аўтаматы з тампонамі і пракладкамі ў грамадскіх прыбіральнях

Тое, што ў грамадскіх прыбіральнях мусяць быць папера, мыла і ўмывальнік, — гэта нібыта аксіёма. Гэтыя прадметы забяспечваюць так званы базавы ўзровень камфорту. Але адрознівацца мужчынскія і жаночыя прыбіральні (у месцах, дзе ёсць такі падзел) павінны не толькі шыльдачкамі на ўваходзе і наяўнасцю ці адсутнасцю пісуараў.
Жанчынам у прыбіральнях патрэбныя пракладкі і тампоны, і гэта таксама аксіёма. У ідэале яны мусяць быць бясплатнымі, але нават калі давядзецца і заплаціць — гэта ўсё адно лепш, чым тое, што ёсць сёння.
Цяпер, калі ў грамадскай прыбіральні жанчына бачыць, што менструацыя пачалася надта рана, альбо што ёй патрэбны новы гігіенічны сродак, а з сабой яго няма, яна вымушана ствараць часовую канструкцыю з туалетнай паперы і згадваць, дзе найбліжэйшая аптэка ці супермаркет. У дваццаць першым стагоддзі ў еўрапейскай сталіцы жанчыны абмотваюць майткі туалетнай паперай, бо іншага выйсця ў іх няма.

Дзіцячыя пакоі і куточкі ў грамадскіх месцах

У кавярнях, крамах, банках, офісных цэнтрах вельмі дарэчнымі будуць пакоі, дзе маці могуць пакінуць дзяцей у бяспецы на нейкі час, пакуль будуць вырашаць свае справы.
На шчасце, апошнім часам невялікія куточкі для дзяцей у крамах і офісах банкаў можна заўважыць усё часцей. Бізнэс разумее, што гэта пытанне не толькі сацыяльнай адказнасці, але і прыбытковасці. Калі даць жанчынам магчымасць адчуваць сябе, напрыклад, у краме больш камфортна і нават даць ім магчымасць адпачыць ад дзіцяці некалькі хвілін, дык больш верагодна, што яны будуць часцей прыходзіць у гэтае месца.

Святлейшыя вуліцы

Вы можаце запярэчыць мне, што асветленыя вуліцы — гэта агульначалавечая патрэба, але на цёмных вуліцах, завулках, паркоўках і іншых тэрыторыях мы больш баімся быць згвалчанымі. Часам мы вымушаныя змяняць маршрут альбо ўвогуле адмаўляцца ад наведвання пэўных мерапрыемстваў, калі на нашым шляху аказваюцца ўчасткі без асвятлення.
Таксама мы вельмі добра ведаем, што калі на цёмнай вуліцы на нас сапраўды нападуць, дык частка віны з нападніка пяройдзе не на службы, якія адказваюць за асвятленне, а на нас саміх. У грамадстве ўсё яшчэ папулярная думка, што ахвяра гвалту вінаватая ў тым, што зь ёй здарылася.

Столікі для замены памперсаў у грамадскіх прыбіральнях

Безумоўна, такія столікі мусяць з'яўляцца не толькі ў месцах, маркіраваных як жаночыя. Таты таксама павінны прымаць удзел у клопаце пра дзіця. Але давайце рэалістычна глядзець на цяперашнюю Беларусь: адпачынак па даглядзе за дзіцём цягнецца тры гады, і толькі у 1% выпадкаў у гэты адпачынак ідуць мужчыны. Такім чынам, клопат пра немаўлят у грамадскіх месцах — гэта аўтаматычна клопат пра жанчын.
А пакуль што маці даводзіцца альбо дэманстраваць цуды вынаходлівасці, пераапранаючы і мыючы дзіця ў прыбіральні «ў паветры», альбо проста не адыходзіць ад дома далей чым на кіламетр.