Гарадзенскія арнітолагі выратавалі бусла
Карэспандэнт "Твайго стылю" разам з прадстаўнікамі гродзенскага аддзялення арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" ўзяў ўдзел у аперацыі па выратаванні параненага бусла.
— Нам паступіў званок ад жанчыны, якая распавяла, што ў вёсцы Жылічы Мастоўскага раёну знаходзіцца паранены бусел. З яе слоў, маладая птушка ўпала з гнязда, а калі падала — стукнулася аб слуп. Лётаць і хадзіць не можа. Мы сказалі жанчыне пачакаць суткі, калі за гэты час нічога не адбудзецца, то мы прыедзем і дапаможам буслу, — расказаўЗміцер Вінчэўскі, намеснік старшыні абласнога аддзялення арганізацыі.
Прайшлі суткі, а бусел так і застаўся на месцы. Мясцовыя спрабавалі яго падкарміць і нават прынеслі вядро з вадой, але птушка нікога да сябе не падпускала.
Адпраўляемся разам з арнітолагамі ў вёску.
Па прыездзе на месца бачым, што птушка ўсё яшчэ знаходзіцца недалёка ад месца свайго падзення.
Акуратна падышоўшы да бусла, мы пачалі разглядаць, якая ў яго праблема. Па здагадках, у птушкі была зламаная нага і нейкія праблемы з галавой, бо з дзюбы цякла кроў.
Мужчына, які ўбачыў нашу машыну і падыйшоў да нас, распавёў, што ў гняздзе былі два птушаняты: адзін застаўся там, а другі выпаў.
Ужо на месцы было вырашана забіраць птушку з сабой і весці ў заапарк, дзе ветэрынары маглі б агледзець птушку.
Спецыялісты акуратна ўзялі бусла, завязалі вочы, каб птушка лягчэй пераносіла стрэс, загарнулі ў покрыва і адправіліся ў Гродна.
У заапарку ветэрынары ўжо чакалі і хутка пачалі дапамагаць птушцы.
— Што будзе з буслом — пакуль не вядома, зробім ренген, а там ужо будзе бачна. Спадзяюся, першы час ён будзе ў нас, а потым, магчыма, мы яго завязем ў родныя мясціны, — распавёў ветэрынар заапарка.
Дарэчы, у Беларусі налічваецца каля 20 тысяч пар белага бусла. Па гэтым паказчыку Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце.
Спецыялісты адзначаюць, што звычайным грамадзянам не рэкамендуецца самастойна ратаваць дзікіх птушак.
Адно няправільнае дзеянне можа прывесці да смерці жывёлы.
Пры выяўленні параненых птушак трэба паведамляць у мясцовую службу аховы навакольнага асяроддзя альбо ў аддзяленне арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", дзе вам раскажуць, што і як трэба рабіць.
Руслан Кулевіч, “Твой стыль”
Фота аўтара