Гаспадыня аграсядзібы: Замежнік прыязджае ў Беларусь не дзеля замкаў

Дзе будуць шукаць кліентаў уладальнікі сядзіб, якім не знайшлося месца на выставе, і што без іх губляюць вёскі і эканоміка краіны.

zamki.jpg

Сельскі турызм у Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе стрэліў на фоне наяўных прапаноў для падарожнікаў і стаў візітнай карткай краіны ў вачах замежных турыстаў.
Міжнародны вясновы кірмаш турпаслуг «Адпачынак 2018», які прайшоў у Мінску, пакінуў у дзясятка прадстаўнікоў аграэкатурызму горкі прысмак. Спачатку ім не знайшлося месца ў асноўнай выставачнай залі, потым ім забаранілі выстаўляцца нават у адведзеным паверхам ніжэй куце. Прадстаўнікі сядзібаў з’ехалі са сталіцы перакананыя, што сельскі турызм заслужыў большай павагі, чым праявілі арганізатары выставы.
Кіраўнік Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова называе сітуацыю, якая склалася, хутчэй, адзінкавым выпадкам, наспелым з-за адсутнасці правільных камунікацый, чым адлюстраваннем адносіны да аграэкатурызму ў цэлым.
— У той жа час ужо зразумела, што аграэкатурызм вырас з фармату самапрэзентацыі праз стэнды на выставе ў Беларусі, — кажа эксперт.
15 гадоў таму сітуацыя была зусім іншай. Тады асобны стэнд з ежай і жывёламі — гэта быў выбух на фоне даволі сумнага традыцыйнага прадстаўлення турфірм.
— Цяпер сельскі турызм вядомы ўсім, а выставы ўнутры краіны не маюць для сядзібаў такой аддачы і актуальнасці, як раней, — лічыць кіраўнік «Адпачынку у вёсцы».
Сёння ў краіне свае паслугі прапануюць больш за 2,3 тысяч сядзібаў. У 2016 годзе аграэкатурызм прыцягнуў больш за 300 тысяч чалавек і 90 мільярдаў недамінаваных рублёў. Прадстаўнікі замежных турфірм, эксперты па турызме і простыя вандроўнікі называюць беларускую глыбінку той самай разыначкай, дзеля якой варта прыязджаць і не раз вяртацца ў краіну.
— Брытанскі аўтар даведніка па Беларусі Найджэл Робертс, як і многія іншыя замежныя эксперты і турысты, кажа, што самае цікавае ў Беларусі — гэта як раз аграэкатурызм. Гэта і ёсць тое, што не могуць прапанаваць іншыя краіны. На беларускую вёску і трэба рабіць стаўку, фарміруючы турпрадукт для замежнікаў, — падкрэслівае Валерыя Кліцунова.

Праца для жыхароў вёсак і адпачынак для прыезджых

Умовы для агратурызму ў краіне створаны камфортныя. Зрэшты, падтрымка і прасоўванне ўдалага турыстычнага кірунку прынясе выгады не толькі тым, хто працуе ў гэтай сферы, але і дзяржаве ў цэлым, лічыць гаспадыня аграсядзібы «На Зарэчнай вуліцы» Ала Палікарпук — адна з тых самых удзельнікаў выставы «Адпачынак 2018».
Іншаземец прыязджае ў Беларусь не дзеля замкаў — імі Еўропу не здзівіш. Па шматгадовым досведзе працы з турыстам з розных краін: ад Японіі да Новай Зеландыі і Афрыкі — я вывучыла, што ім трэба. Гэта наша самабытнасць, традыцыі, культура і кухня. Усё гэта турысты знаходзяць у аграсядзібах, — кажа Ала Палікарпук.
Аграсядзібы не толькі зарабляюць на турыстах, яны падымаюць культуру ў рэгіёнах, аднаўляюць беларускія традыцыі, якія краіна рызыкуе згубіць, таму што іх носьбіты — гэта ў асноўным пажылыя людзі.
У першую чаргу, сядзібы прыцягваюць грошы ў рэгіён. У іх і з іх падтрымкай ствараюцца працоўныя месцы: хтосьці працуе прама ў сядзібе, у іншых мы купляем прадукцыю, трэціх запрашаем у кластар, з чацвёртымі арганізоўваем фестывалі і святы. У выніку ў рэгіёне людзі пачынаюць зарабляць, акультурваць свой побыт, становяцца больш актыўнымі, — распавядае Ала Палікарпук.
Аграсядзібы даказваюць, што ў сяле можна жыць і працаваць, што вёска можа быць не забытай з пакрывітым плотам, але ўтульным і дагледжаным месцам з чыстай прыродай і патрэбным камфортам.
Не менш важны плюс у тым, што аграэкасядзібы становяцца сямейным бізнэсам, да якога яго стваральнікі падключаюць сваіх дзяцей, скарачаючы тым самым адток моладзі з сельскай мясцовасці.

Які турыстычны брэнд будзе прасоўваць Беларусь?

Раз самі беларусы ўжо ведаюць, што можна паехаць у сяло і адпачыць з усімі камфортнымі ўмовамі, то і выбраць сярод прапаноў могуць самастойна. Сельскаму турызму прыйшоў час больш актыўна выходзіць на знешнія рынкі і рабіць гэта трэба будзе на камерцыйнай аснове.
— Трэба мець нейкую стратэгію, адзіны брэнд, разуменне, як яго прасоўваць. Узяць Літву і Латвію — яны стварылі агульныя якасна зробленыя стэнды па агратурызме, з якімі ездзяць па ўсім свеце. Падтрымліваюць іх самі гаспадары, праекты і ўлады краіны, — прыводзіць прыклад Валерыя Кліцунова.
Беларускія аграэкасядзібы прасоўваюць сябе праз сусветна вядомыя сэрвісы па браніяванні жылля. Але так не прарэкламуеш паслугі па арганізацыі вольнага часу. Больш эфектыўна мець некалькі шляхоў прасоўвання. Адзін з такіх кірункаў — воркшопы. Гэта значыць непасрэдныя сустрэчы замежных тураператараў з мясцовымі тураператарамі, аграэкасядзібамі, гасцініцамі, якія могуць прапанаваць свае культурныя праграмы.
— Там людзі дамаўляюцца, гледзячы ў вочы адзін аднаму, і распрацоўваюць праграмы ўзаемадзеяння. Тым больш што ўжо ёсць шмат аграсядзіб, здольных весці перамовы з рускімі і заходнімі партнёрамі і прапанаваць гатовыя праграмы размяшчэння і адпачынку, — лічыць эксперт.
Вельмі эфектыўным для прасоўвання аграэкатурызму становіцца ўдзел менавіта ў замежных турыстычных выставах.
Некалькі разоў мы былі на самай буйной еўрапейскай выставе па агратурызме ў Польшчы. Палякі вельмі цікавіліся беларускім сельскім турызмам, таму што нават не падазравалі, што ў суседняй краіне столькі прапаноў. Яшчэ мы ўпершыню паўдзельнічалі ў выставе ў італьянскім Бергамо, якая робіць націск на агратурызм і мясцовую ежу. Гэта таксама адкрывае вялікія магчымасці, каб заявіць пра сябе, — кажа кіраўнік «Адпачынку у вёсцы».
Эксперт перакананая — аграэкатурызм стаў той разыначкай, якая чапляе замежных турыстаў. І калі дзяржава хоча паспяхова прасоўваць турыстычны брэнд Беларусі, варта зрабіць націск на сельскі турызм, падтрымліваць яго і працаваць разам з яго прадстаўнікамі. Тады сумеснымі намаганнямі ўдасца пазнаёміць замежных падарожнікаў з той самай асаблівасцю, якая прыцягвае ўжо пазналых яе гасцей.
Для гэтага патрэбная стратэгія прасоўвання і кансалідаваная палітыка. Калі ўлады хочуць прасоўваць Беларусь на сусветным турыстычным рынку, ім трэба будзе ацаніць канкурэнтную перавагу краіны. Калі ў адміністрацый па турызме будзе разуменне, што сельскі турызм і ёсць той прадукт, які прыводзіць у краіну падарожнікаў, лепш працаваць разам, абмеркаваць усе магчымасці, падзяліць выдаткі і разам ажыццяўляць сельскі турызм як прынадны беларускі турпрадукт.
Паводле Заўтра тваёй краіны