Генадзь Коршунаў: «Гэта не сацыялогія, гэта лічбы ні аб чым»

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў на тэлеграм-канале «Што думаюць беларусы» разважае пра адметнасці апошняга праўладнага сацдаследавання.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_2.jpg

Па-першае, генеральная сукупнасць — тут прастадушна і шчыра пішуць, што пытанні задаваліся не ўсяму беларускаму грамадству, а толькі «экономически занятому населению». На хвіліначку, праз гэта аўтаматам наўпрост выпадаюць такія сацыяльныя групы, як студэнты і пенсіянеры. Калі казаць пра гэта лічбамі: колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва ў Беларусі на 01.01.2020 складала 4330,1 тыс. чалавек, ці 46% ад усяго насельніцтва, альбо 63% ад колькасці выбаршчыкаў, якіх у 2020 г. налічвалася 6 845,0 тыс. чалавек.

І пасля гэтага яны кажуць пра меркаванне «ўсіх» беларусаў…

Далей, самое «экономически занятое население». Гэта не самая распаўсюджаная фармулёўка, такую частку насельніцтва вылучаюць даволі рэдка. Тут яе ўжылі выключна па адной прычыне — па факце апытанняў людзей на месцы іх працы: «…исследованием охвачены… почти 350 организаций и предприятий». Зноў шчыра — прастадушна, але шчыра. Выбар такога падыходу зразумелы, бо за кароткі тэрмін апытаць нармальным чынам 10 000 чалавек амаль немагчыма. Гэта можна зрабіць, толькі скарыстаўшыся адміністрацыйным рэсурсам — намаганнямі намеснікаў па ідэалогіі, прафсаюзных лідараў, коштам чальцоў БРСМ і «Белай Русі». Акрамя таго, што гэта высоўвае працэдуру па-за прафесійныя межы сацыялогіі, тут становіцца відавочным неабсяжная прастора для прапагандысцкага ціску на рэспандэнтаў. Пра шчырасць адказаў у такім выпадку гаворкі і не ідзе.

І пасля гэтага яны кажуць пра «меркаванне» ўсіх беларусаў.

Трэцяе. Калі апытанне і сапраўды было і праводзілася па месцы працы, то, падаецца, у апытанне не маглі патрапіць прадстаўнікі тых прафесій, якія працуюць ці заўсёды размеркавана ці дыстанцыйна зараз: кіроўцы, прадаўцы, айцішнікі і шмат хто яшчэ. Яны што, не «беларусы»? Іх меркаванні ўлічваць няма патрэбы? Дарэчы, хаця ў тэксце і кажуць, што апытанне праводзілася сярод «организаций и предприятий различных сфер и форм собственности» я нешта далёка не ўпэўнены, што ў склад апытаных маглі трапіць людзі, што працуюць у прыватным сектары. Няма там намеснікаў па ідэалогіі, і прафсаюзы пакуль не зрабілі… Пэўна, і «прыватнікі» не заслугоўваюць пачэснага права беларусамі звацца.



І пасля гэтага яны пішуць… Але ладна, падсумуем і гэты тэкст, і тое, што пісалі папярэдне:

- даследчыцкі інструментарый — непрафесійны,

- аб’ем выбаркі — неабгрунтаваны,

- выбар генеральнай сукупнасці — вельмі сумнеўны,

- метад збору інфармацыі — абшар для ідэалагічнага ціску,

- прэзентацыя даных — маніпулятыўная.

Сухая рэшта: гэта не сацыялогія, гэта лічбы ні аб чым. Хіба толькі аб тым, што арганізатарам «даследавання» трэба ісці і чытаць падручнікі.