Генпракуратура плануе караць бацькоў за ўчынкі іх дзяцей. Што гэта значыць?
Яшчэ больш пакаранняў: у Беларусі хочуць увесці адміністратыўную і крымінальную адказнасць для бацькоў, чые дзеці здзейснілі злачынства, альбо самі сталі яго ахваряй. Што стала прычынай з'яўлення такога законапраекта і да чаго можа прывесці, разбіраецца Дар'я Бернштэйн для Deutsche Welle.
Прадстаўнік Генпракуратуры РБ Раман Сідарэнка ў эфіры дзяржТБ заявіў, што ведамства прапануе ўзмацніць адміністрацыйную адказнасць бацькоў, калі дзіця з-за недагляду, неналежнага выхавання і ўмоў утрымання здзейсніла правапарушэнне, альбо сама стала ахвярай злачынства — атрымала цяжкія траўмы або загінула. Генпракуратура ўжо падрыхтавала адпаведны законапраект.
«Пакуль паглядзім, як гэта будзе працаваць на ўзроўні хаця б адміністрацыйнай адказнасці, — сказаў Сідарэнка. — Калі практыка сябе апраўдае, будзем разглядаць пытанне аб пакаранні бацькоў ужо ў крымінальным парадку».
Памеры штрафу і іншыя пакаранні, названыя ў законапраекце, пакуль не ўдакладняюцца. Аднак, на думку пракурора, «узмацненне жорсткасці неабходна», паколькі цяпер крымінальная адказнасць ёсць толькі за нявыплату аліментаў (арт. 174 КК, максімальнае пакаранне — год пазбаўлення волі). Колькасць асуджаных па гэтым артыкуле кожны год расце: у 2023 годзе — 5629 чалавек, у 2022 годзе — 5660, у 2021-м — 5460. Даўгі па аліментах назапасіліся больш, чым у 70 тысяч беларусаў, і з кожным годам гэтая лічба павялічваецца.
Калі бацькі вінаватыя?
Юрыстка Юлія Леванчук лічыць, што ініцыятыва Генпракуратуры РБ можа быць звязаная з праблемай гібелі і траўматызму дзяцей ад знешніх прычын. Паводле звестак МНС Беларусі, у 2023 годзе загінула 94 дзіцяці, годам раней — 113. Асноўныя прычыны — утапленні, ДТЗ, пажары, падзенні з вышыні, суіцыды і злачынныя дзеянні ў дачыненні да дзяцей. За апошнія дзесяць гадоў у 28 разоў вырасла колькасць сэксуальных злачынстваў, у якіх пацярпелі дзеці, паведамляе МУС Рэспублікі. Часцей за ўсё гвалтаўнік — член сям'і ахвяры.
Што тычыцца пажараў, як правіла, гаворка ідзе аб няшчасных сем'ях, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, удакладняе Леванчук. Па кожным факце дзяржорганы праводзяць разбіральніцтва, але прамой адміністрацыйнай адказнасці пакуль у законе няма. «У Крымінальным кодэксе ёсць пакаранне за пакіданне дзіцяці ў небяспецы (арт. 159 КК), але трэба даказаць, што дзеянні бацькоў былі наўмыснымі», — тлумачыць юрыст.
Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў Іўеўскім раёне. Бацька збіраўся пакарміць сына, пасадзіў яго на калені і сеў за стол побач з талеркай з разагрэтым супам. Дзіця перакуліла на сябе талерку, атрымала апёкі 2-3 ступені агульнай плошчай каля 15% — гэта цяжкая траўма. Бацька не выклікаў «хуткую» і не адвёз хлопчыка ў бальніцу, што выклікала ўскладненні — развіццё апёкавай хваробы і сепсісу, якія прывялі да паліорганнай недастатковасці, — дзіця памерла дома. 159 КК судзілі абодвух бацькоў, таксама іх пазбавілі бацькоўскіх правоў на іншых дзяцей. І ўсё ж на практыцы гэты артыкул ужываецца рэдка, удакладняе Леванчук. Як правіла, у дачыненні да вінаватых у ДТЗ, якія пакідаюць месца здарэння і не аказваюць дапамогу пацярпелым, не выклікаюць «хуткую».
А самі дзеці часта парушаюць закон?
Асобная праблема — парушэнне закона самімі дзецьмі. У 2023 годзе ў РБ за ўчыненне злачынстваў асудзілі 692 падлетка, у 2022 — 927, у 2021 — 874, у 2020 — 605, у 2019 — 727. На першым месцы ў спісе правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца дзецьмі і падлеткамі, ідуць крадзяжы, далей — хуліганства, распаўсюджанне наркотыкаў, крадзеж аўтамабіля, рабаванне. З 2022 года вырасла колькасць падлеткаў, асуджаных за сэксуальныя злачынствы. Пры гэтым становіцца больш жорсткім і пакаранне — у 2023 годзе кожнага пятага асуджанага прысудзілі да пазбаўлення волі. «Па законе непаўнагадовы ад чатырнаццаці гадоў самастойна нясе адказнасць за прычыненую шкоду, — кажа Юлія Леванчук. — Але ў большасці выпадкаў плацяць бацькі, незалежна ад таго, ці была іх віна ў тым, што дзіця парушыла закон».
Калі дзіця не дасягнула ўзросту прыцягнення да адказнасці, пакараць могуць яго бацькоў, калі будзе даказана, што да правапарушэння або злачынства прывяло невыкананне імі абавязкаў па выхаванні дзіцяці. За гэта пагражае папярэджанне або штраф да 10 базавых велічынь (на сёння гэта 400 рублёў, або 115 еўра).
Такія справы разглядае камісія па справах непаўналетніх, удакладняе юрыст сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі Legalhub.help. Па словах эксперта, на практыцы камісіі фармальна падыходзяць да пытання і аўтаматычна караюць бацькоў проста па факце прыцягнення да адказнасці іх дзіцяці. Калі на працягу года бацькоў неаднаразова папярэджваюць або штрафуюць, то гэта падстава пачаць сацыяльнае расследаванне сям'і і паставіць дзяцей на ўлік — як тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта пагражае павышаным кантролем з боку дзяржорганаў, а ў некаторых выпадках нават пазбаўленнем бацькоўскіх правоў.