Жанчыны, якія вярнуліся нараджаць у Беларусь. Тры гісторыі.
Тры беларускі, якія вярнуліся ў родную краіну з Польшчы, Германіі і Літвы, каб нарадзіць, распавядаюць свае гісторыі. Яны параўноўваюць магчымасці аказання медыцынскай дапамогі ў Беларусі і краінах Еўропы ды распавядаюць пра ваганні і сумневы такога рашэння ў інтэрв'ю для Dev.by.
«Сумняваюся, што ў Польшчы са мной бы так цацкаліся»
Яўгенія, вярнулася з Польшчы:
— Дзве палоскі на тэсце сталіся для нас з мужам поўнай нечаканасцю. Чужая краіна, нестабільныя часы, старэйшаму — 17. Але мы вырашылі: калі чалавеку вельмі трэба было прыйсці ў гэты свет менавіта ў такой сітуацыі, то хто мы такія, каб гэтаму перашкаджаць.
Перш за ўсё я здала аналіз на ХГЧ, потым адразу запісалася да платнага гінеколага, каб выключыць пазаматкавую цяжарнасць. Гінеколаг сказала, раз я прыйшла, то яна абавязаная паставіць мяне на ўлік, нягледзячы на тое, што я іншаземка, — і калі я перапыню цяжарнасць, гэта можа паўплываць на сітуацыю з легалізацыяй.
Я такіх рэальных гісторый не ведаю, думаю, яна мяне проста палохала. Але менавіта дзейная на той момант у Польшчы забарона абортаў нават па медпаказніках стала галоўнай прычынай, чаму мы з’ехалі на 11 тыдні маёй цяжарнасці ў Беларусь (на шчасце, у нас была такая магчымасць).
Я была ў групе рызыкі па ўзросце (мне 42 гады), таму хацела мець магчымасць зрабіць усе генетычныя скрынінгі (НІПТ, амніяцэнтэз па паказаннях) і перапыніць цяжарнасць у выпадку пагрозы адхіленняў.
Другая важкая прычына — я хацела нараджаць з рускамоўным доктарам, якога выберу сама. Але нават у дарагім і раскручаным варшаўскім «Медыкаверы» мне гэтага не маглі гарантаваць. А ў сітуацыі татальнай нявызначанасці (і па жыцці, і з нагоды родаў) нам хацелася максімальнай прадказальнасці.
У Беларусі я ўжо адзін раз нараджала бясплатна, і гэты малапрыемны досвед мы з мужам вырашылі не паўтараць. Таму я ўстала на ўлік у прыватным медцэнтры і атрымала выключнае вядзенне цяжарнасці ў выдатнага спецыяліста доказнай медыцыны.
Пра тое, што рашэнне з’ехаць нараджаць у Беларусь было правільным, стала канчаткова зразумела, калі на апошніх тэрмінах цяжарнасці ў мяне дыягнаставалі мнагаводдзе і нестабільнае папярочнае перадляжанне плода.
Мяне шпіталізавалі ў абсервацыю, два тыдні назіралі, збіралі кансіліумы, разглядалі любыя варыянты, як пазбегнуць аперацыі. Нараджала я таксама платна — з абраным доктарам у віп-аддзяленні 6-й радзільні. Доктар падлавіў галаўное перадляжанне, мяне прастымулявалі — і я нарадзіла сама і без ускладненняў.
У Польшчы я некалькі разоў сутыкалася з платнай медыцынай, таму моцна сумняваюся, што са мной бы там так цацкаліся. У найлепшым выпадку планава пракесарылі б, у найгоршым — сказалі б прыходзіць на схватках, і мог бы здарыцца заўчасны адыход вод з выпадзеннем пупавіны і іншымі небяспечнымі наступствамі.
Дзеля справядлівасці хачу адзначыць, што мае знаёмыя, якія нараджалі ў Польшчы бясплатна, таксама засталіся вельмі задаволеныя. Іх роды праходзілі ледзь не па кнігах Мішэля Адэна: ціха, цёмна, цёпла, умяшанні мінімальныя, парадзіха выбірае, як перажываць схваткі і ў якім становішчы нараджаць, «залаты час» — норма, а не выключэнне для «віпаў». Але ўсё гэта былі стандартныя фізіялагічныя выпадкі без ускладненняў.
Мы з мужам, вядома, як сапраўдныя кантралёры, пакідалі магчымасць нараджаць у Польшчы ці Літве на выпадак якога-небудзь беларускага форс-мажору, і нават запісаліся ў амбасады гэтых краін на атрыманне пасведчання на вяртанне для дзіцяці. Але гэты запасны варыянт не спатрэбіўся. У выніку пра сваё рашэнне нараджаць у Беларусі мы не пашкадавалі ні разу.
І, дарэчы, польская амбасада без праблем выдала нованароджанаму малому шэнген-візу, каб вярнуцца назад у Польшчу. Перад гэтым я напісала ліст, абрысавала нашую сітуацыю, прыклала дакументы — мне ператэлефанавалі і прызначылі дату.
«Калі парадзіха прыязджае ў бальніцу, а там няма месцаў — яна сядае ў машыну і едзе ў іншую»
Юлія, вярнулася з Германіі:
— Калі мой муж атрымаў офер ад ІТ-кампаніі ў Берліне, я была цяжарная, тэрмін складаў 12 тыдняў.
У Беларусі я назіралася ў доктара ў платным цэнтры, а ў Германіі атрымала доступ да дзяржмедыцыны, бо ў нас была дзяржстрахоўка. Я знайшла рускамоўную доктарку — каб патрапіць да яе на прыём, трэба было амаль гадзіну дабірацца на гарадской электрычцы, потым падоўгу сядзець у чарзе. На жаль, іншыя варыянты не былі мне даступныя, бо я не знала нямецкай мовы.
Я надта перажывала праз тое, што не змагу разумець, што будуць казаць мне дактары падчас родаў. Два месяцы я шукала рускамоўнага доктара ці хаця б медсястру, якая магла б суправаджаць мяне ў бальніцу са схваткамі і быць са мной там увесь час, пакуль нараджаецца дзіця, — але не змагла знайсці. Сяброўка, якая нараджала ў Германіі, сказала: «Я ў той момант наогул усе мовы забылася», — яе словы заселі ў мяне ў галаве.
Другая прычына, чаму я задумалася пра тое, каб вярнуцца ў Беларусь: у Берліне так уладкавана — калі парадзіха са схваткамі прыязджае ў бальніцу, а там няма месцаў, яна сядае ў машыну і едзе ў іншую. Вы ўяўляеце сабе такую гонку па бальніцах?!
Была яшчэ і трэцяя прычына: я думаю, гэта важна — дзе менавіта нарадзіўся чалавек. Цяпер маё дзіця жыве ў Германіі. І хутчэй за ўсё яно пойдзе ў садок, потым у школу, яно будзе гаварыць па-нямецку, але галоўнае — яно будзе па-нямецку думаць, гэта непазбежна. І мне здавалася, што хаця б праз месца свайго нараджэння яно будзе ўсё ж звязанае з Беларуссю. І будзе ведаць, адкуль родам.
Карацей, на тэрміне 32 тыдні мы з мужам вярнуліся. Ужо нараджаючы, я думала: дзякуй богу, што я ў Мінску. Клініка, у якой я назіралася ў першым трыместры, мяне не прыняла. Прыйшлося змяніць платны цэнтр. Паводле плана я мелася нараджаць у віп-аддзяленні 6-й радзільні — ужо ўклала дамову і абрала доктара. Але за 2 тыдні да родаў яе закрылі праз кавід.
Роды былі вельмі цяжкімі — калі схваткі перайшлі ў патугі, стала зразумела, што трэба экстрана рабіць кесарава сячэнне. Пасля аперацыі я не менш цяжка аднаўлялася — мяне літаральна выходжвалі на працягу 2 тыдняў. Але са мной увесь час быў муж, я адчувала яго падтрымку.
Цяпер ужо я ведаю многае ў Берліне: у мяне з’явіліся знаёмыя, якія нараджалі тут, — і яны кажуць, што ў многіх бальніцах ёсць дактары і медсёстры/медбраты, якія размаўляюць па-руску. Але пра сваё рашэнне вярнуцца на роды ў Беларусь я не шкадую.
У першы месяц да малога на патранаж прыходзіла цудоўная медсястра з беларускай паліклінікі — дапамагала мне ва ўсім, тлумачыла, як даглядаць нованароджанага. А ў Германіі я не магу выклікаць доктара на дом. Калі маё дзіця ўпершыню захварэла (з вельмі высокай тэмпературай), я ў паніцы пісала дактарам — і толькі з адной паліклінікі адказалі: «Прыходзьце!».
Рэч у тым, што тут як з родамі: калі паліклініка перагружаная, адміністратар можа адмовіць вам у прыёме (хоць дактары і абавязаныя аказваць экстраную дапамогу). Так што калі ты не знаеш законаў, як я тады, або мовы — табе будзе няпроста дамагчыся кансультацыі і агляду.
Праз нейкі час нам давялося пераехаць у іншую кватэру ў Берліне. Цяпер да педыятаркі, якая вяла майго малога з 9 месяцаў, даводзіцца дабірацца 2 гадзіны. Але зрабіць нічога нельга — іншыя паліклінікі вельмі загружаныя. Доктарка-ўкраінка з паліклінікі па суседстве сказала: «У мяне 500 дзяцей — я не магу вас узяць».
Зрабіць візу малому, каб вярнуцца ў Германію, не было праблемай — дзяцей падаюць на «ўз’яднанне з сям’ёй». Пераклад дакументаў, апастыль і іншае зрабілі за пару дзён — паспелі да вар’яцкіх чэргаў. А па прыездзе ў Германію зрабілі дзіцяці ДНЖ — ён прывязаны да мужавай Blue card.
«Пытання, дзе нараджаць, нават не стаяла — я хацела вярнуцца да доктара, якому давярала»
Ірына, вярнулася з Літвы:
— Мы з мужам планавалі дзіця, яшчэ пакуль жылі ў Беларусі, але я зацяжарыла ўжо пасля таго, як нас рэлакавалі ў Літву.
Цяжарнасць у цэлым праходзіла нармальна. Я назіралася ў платным цэнтры ў рускамоўнага гінеколага. За ўвесь час у мяне ўзялі кроў з вены некалькі разоў — і то толькі таму, што я сама пра гэта папрасіла доктара. Дарэчы, мая страхоўка ад кампаніі не пакрывала ні вядзенне цяжарнасці ў цэлым, ні гэтыя аналізы канкрэтна.
У нейкі момант на праекце паўстаў аўрал — я стала авертайміць і вельмі стрэсавала праз гэта.
І калі ў мяне раптам з’явіліся крывяністыя выдзяленні, жудасна спалохалася. Доктарка запэўніла: усё добра — падставы для турботы няма. Але я перажывала, таму ўвесь час пісала знаёмаму гінеколагу ў Беларусі. Ён стаў для мяне падтрымкай і апорай на ўвесь той час. І так, у адрозненне ад літоўскага спецыяліста, ён палічыў не лішнім прызначыць мне прэпараты прагестэрона. Мая доктарка ў Літве толькі сказала на гэта: «Як хочаце — шкоды не будзе!»
Пытання, дзе нараджаць, перада мной нават не стаяла — я хацела вярнуцца да доктара, якому цалкам давярала. Так што аформіўшы «дэкрэт», я тут жа села ў аўтобус — і паехала ў Мінск.
Ужо тут пайшла і ўклала дамову з радзільняй на платныя роды. Доктар — ну вядома ж той самы, мой.
Самае цікавае: ужо ў Беларусі высветлілася, што ў мяне былі рызыкі (не хачу ўдавацца ў падрабязнасці) — але ў Літве не зрабілі ніводнага аналізу, які б іх вызначыў. Мой доктар назваў гэта «жудаснай нядбайнасцю». Добра, што ўсё добра скончылася.
Мы ўсё яшчэ ў Мінску — я не вырашаюся пакуль вяртацца назад, бо дзіця яшчэ малое для падарожжа, але падацца на літоўскую візу для яго можна толькі ў Грузіі або ў Турцыі. Ёсць яшчэ варыянт зрабіць шэнген-візу ў пасольстве любой іншай еўрапейскай краіны, а потым падавацца на ДНЖ у Літве — можа, мы так і паступім.