Вялікі Брат для падлеткаў. РФ стварае сістэму «перавыхавання» і лічбавага кантролю ўкраінскіх дзяцей

З пачатку вайны расійскія ўлады ствараюць метадычную базу для «перавыхавання» гвалтоўна вывезеных украінскіх дзяцей, а таксама сістэму лічбавага сачэння за імі. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні «Медузы», якая вывучыла дакументы Міністэрства асветы РФ і ананімна пагаварыла з чыноўнікамі ведамства.

Выява "Медузы"

Выява "Медузы"

У корпусе дакументаў, які вывучыла выданне, гаворыцца, што сярод украінскіх падлеткаў распаўсюджаная «дэструктыўная ідэалогія», а перад расійскімі настаўнікамі і сацыяльнымі работнікамі стаіць задача іх перавыхавання «на аснове духоўна-маральных каштоўнасцяў, гістарычных і нацыянальна-культурных традыцый Расійскай Федэрацыі». У выніку ўкаранення гэтай праграмы ў дэпартаваных украінскіх дзяцей павінна «сфармавацца расійская ідэнтычнасць».

«Рашызм — неафіцыйная назва палітычнай ідэалогіі і сацыяльнай практыкі кіруючага рэжыму Расіі пачатку XXI стагоддзя <...> тэрмін прыдуманы русафобамі», — гаворыцца ў адной з такіх метадычак.

Пры гэтым большасць апытаных выданнем настаўнікаў, у тым ліку тых, хто працаваў на акупаваных тэрыторыях, кажуць, што дакументы да іх пакуль не дайшлі.

Сцвярджаецца, што чыноўнікі Мінасветы часам называюць украінскіх падлеткаў «патэнцыяльнымі тэрарыстамі», якія могуць пачаць процідзейнічаць расійскім уладам пры падтрымцы «сваёй украінскай радні». У расследаванні гаворыцца, што яшчэ ў канцы 2022 года супрацоўнікаў міністэрства пачалі рыхтаваць да тэрактаў і дыверсій супраць ведамства.

Так, у структуры Мінасветы з'явіўся Падлеткавы цэнтр, які каардынуе ідэалагічную працу з падлеткамі па-за школамі і займаецца «рэалізацыяй праграм інтэграцыі дзяцей з новых рэгіёнаў». Прадстаўніцтвы гэтага цэнтра з'явіліся ў тым ліку і ў Данецку.


Глядзіце таксама

Паводле слоў суразмоўцаў выдання, гэтую сетку «падлеткавых прастор» стварылі для таго, каб «сцерці іх украінскае мінулае» і «стварыць [для іх] імідж фрэндлі-Расіюшкі». У рамках «інтэграцыі» для ўкраінскіх дзяцей праводзяць патрыятычныя семінары і ваенна-спартыўныя гульні.

Акрамя таго, адзначаецца ў расследаванні, расійскія ўлады збіраюцца адкрыць у новых рэгіёнах «цэнтры інфармацыйнай бяспекі», іх галоўная задача — сачэнне за ўкраінскімі дзецьмі. Гэтыя цэнтры, як мяркуецца, дазваляюць «дэананімізаваць» старонку любога дзіцяці ў сацсетках і прааналізаваць яе аж да лайкаў — а затым прысвоіць кожнаму падлетку «каэфіцыент дэструктыўнасці» і «каэфіцыент апазіцыйнасці». Як сцвярджаюць суразмоўцы, гэта робіцца, каб дапамагчы сілавікам вылічыць «актывістаў супраціву» ў акупаваных рэгіёнах.

«Гэта Вялікі Брат для падлеткаў. Ён [з дапамогай нейрасетак] складае на кожнае дзіця профіль рызык: суіцыд, тэрарызм, экстрэмізм — і сігналізуе пра гэта аператару. Можа і ў органы перадаць», — патлумачыў знаёмы з працай сістэмы супрацоўнік Мінасветы.

Паводле «Медыязоны».