«Герой Беларусі, які загінуў у Бахмуце». Выйшаў фільм пра каліноўца Міраслава Лазоўскага
16 траўня на паўднёвым усходзе Украіны загінуў адзін са стваральнікаў «Белага Легіёна», патрыёт незалежнай Беларусі Міраслаў Лазоўскі. 27 ліпеня на ютуб-канале Беларускага раследвальніцкага цэнтра вышаў 50-хвілінны фільм «Міраслаў Лазоўскі: герой Беларусі, які загінуў у Бахмуце». Стужка прысвечаная 50-годдзю загінулага каліноўца і 33-годдзю незалежнасці Беларусі, за якую ўсё жыццё змагаўся Міраслаў.
Беларусь — у
сэрцы, у думках, ва ўчынках. Усё жыццё. Так было і з Міраславам Лазоўскім. Да
свайго апошняга ўздыху, які здарыўся 16 траўня 2023 года пад Бахмутам. Але Генерал Мыш, як яго называлі пабрацімы, апынуўся там, каб абараняць
не толькі Украіну, але і будучыню свабоднай Беларусі, — гаворыцца ў апісанні да фільма. —
Уклад Міраслава Лазоўскага ў Беларускі нацыянальны рух велізарны. Ён быў адным з заснавальнікаў «Белага легіёна», маштаб гэтай асобы нам яшчэ толькі трэба будзе ўсвядоміць.
Лазоўскі назаўжды застанецца ўзорам лідэра, маральным аўтарытэтам і сімвалам супраціву».
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся ў Мінску, яго бацька паходзіць са Случчыны, а мама — з Магілёўшчыны. Скончыў ён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
У 1995 годзе ён уступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёна» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.
Сябры «Белага легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсцяў у 1996—1999 гадах. Арганізацыя сышла ў падполле на пачатку 2000-х.
Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» з'яўляліся ў 2017 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі па «справе патрыётаў», аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную серыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджванне навукова-папулярных выданняў аб гісторыі Беларусі.
Працаваў інжынерам, а пасля ў выдавецтве «Кнігазбор»,
якое ліквідавалі
ўлады ў студзені 2023 года.