Шчыраму патрыёту Беларусі Міраславу Лазоўскаму сёння споўнілася б 50
Амаль два месяцы таму, крыху не дажыўшы да свайго пяцідзесяцігоддзя, у баях пад Бахмутам загінуў Міраслаў Лазоўскі — чалавек, які шчыра любіў Беларусь і жадаў ёй толькі лепшага.
Сёння споўнілася б 50 гадоў Міраславу Лазоўскаму (пазыўны «Мыш»), які загінуў 16 траўня 2023 года ў баі пад Бахмутам. Міраслаў кіраваў эвакуацыяй параненых байцоў, прыкрываў іх, выносіў зброю. Вядома, што ён ішоў апошнім у групе і зусім троху не дайшоў да камандна-назіральнага пункта. Міраслаў змагаўся за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі, бяспекі і міру ва ўсім нашым рэгіёне, піша budzma.me са спасылкай на radabnr.org.
Міраслаў Уладзіміравіч Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Мінску. Яго маці родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва. Ён атрымаў інжынерную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі.
З дзяцінства Міраслаў шмат чытаў і цікавіўся гісторыяй, у прыватнасці, вайсковай, захапляўся напалеонікай. Маючы мастацкі талент, маляваў на гістарычную тэматыку, адліваў фігуркі воінаў з волава, рабіў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода», аднаго з галоўных беларускіх недзяржаўных выданняў у дзевяностыя гады.
Праз сваю зацікаўленасць гісторыяй Лазоўскі на пачатку 90-х гадоў далучыўся да беларускага патрыятычнага руху. У 1995 годзн ён увайшоў у «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў». З моладзевага крыла «Згуртавання...»з часам паўстала арганізацыя «Белы легіён», якая займалася выхаваннем моладзі ў спартыўным і патрыятычным духу. Сярод іншага, яе чальцы таксама ахоўвалі дэманстрацыі дэмакратычнай апазіцыі з часоў прыходу да ўлады Лукашэнкі. Пазней арганізацыя была забароненая рэжымам.
Дасведчанасць, высокая дысцыплінаванасць, камунікабельнасць і лідарскія якасці зрабілі Міраслава не толькі адным з лідараў «Белага легіёна», але і «бацькам» для шматлікіх хлопцаў, якія траплялі ў арганізацыю. Міраслаў, Мірык — як звалі яго блізкія і паплечнікі — усе свае сілы і час аддаваў вайскова-патрыятычнаму выхаванню беларускай моладзі. Вучыў гісторыі Беларусі, выхоўваў моладзь патрыётамі, фізічна і псіхалагічна здольнымі бараніць сваю Радзіму.
Неаднойчы Міраслаў за сваю дзейнасць быў пераследаваны ўладамі. Яго затрымлівалі на мітынгах, арыштоўвалі. У сакавіку 2000 года Міраслаў быў першым асуджаным паводле антызаконнага артыкула 167.10 КаАП Беларусі («Дзейнасць ад імя незарэгістраваных ці неперарэгістраваных палітычных партый, прафесійных саюзаў ці іншых грамадскіх аб’яднанняў»). У 2008 годзе на яго спрабавалі ўскласці адказнасць за выбухі ў Мінску падчас канцэрту з удзелам Лукашэнкі. У 2017 годзе супраць яго і былых чальцоў «Белага легіёна» КДБ сфабрыкаваў справу — нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту («Справа патрыётаў»), але яна таксама рассыпалася праз адсутнасць доказаў і шырокі грамадскі розгалас.
Будучы па сваёй натуры сціплым чалавекам, Міраслаў ніколі не выносіў на публіку свае дасягненні, не паведамляў пра ціск, рэпрэсіі ці пагрозы на свой адрас. Справу свайго жыцця — пабудову незалежнай, свабоднай Беларусі — ён заўжды рабіў спакойна і абачліва, не прыцягваючы да сябе залішняй увагі.
Маючы энцыклапедычныя веды па ваеннай гісторыі Беларусі і Вялікага княства Літоўскага, Міраслаў Лазоўскі бескаштоўна кансультаваў гісторыкаў і музейных экспертаў (у тым ліку з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі) адносна выстаў і асобных прадметаў. За свае грошы ён набываў гістарычныя артэфакты і перадаваў іх у музеі, бо быў перакананы, што падобныя рэліквіі маюць належаць усёй нацыі, выхоўваць і фармаваць яе.
Кожнае лета Міраслаў ўдзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, у летніках па прыборцы колішніх шляхецкіх маёнткаў. Ён быў адным са стваральнікаў кніжнай серыі «Беларусь у войнах», прысвечанай айчыннай ваеннай гісторыі. Першая кніга гэтай серыі была прысвечаная вызваленчаму паўстанню 1863 года. Ён таксама займаўся гістарычным фехтаваннем і гістарычнай рэканструкцыяй эпохі Вялікага княства Літоўскага 16-17 стагоддзяў.
Да 2020 года Міраслаў актыўна супрацоўнічаў са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», дапамагаючы ў арганізацыі З'ездаў беларусаў свету, а таксама з беларускімі пісьменнікамі і гісторыкамі: працаваў кнігавыдаўцом, арганізоўваў кніжныя прэзентацыі па ўсёй Беларусі і па-за яе межамі, уласнаручна ілюстраваў кнігі. Заўжды рупіўся, каб беларускія выданні даходзілі да чытача, насуперак дзяржаўнай палітыцы татальнай русіфікацыі.
У 2021 годзе, з пачаткам буйной хвалі палітычных рэпрэсій у Беларусі, Міраслаў быў вымушаны з'ехаць з краіны, жыў ва Украіне, пад Кіевам. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 года ён без ваганняў далучыўся да супраціву расійскай агрэсіі. Загінуў героем.
Міраслаў Лазоўскі ўзнагароджаны:
- Заахвочвальнай адзнакай Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны «За мужнасць пры выкананні спецзаданняў» (02.12.2022, № 2845)
- Медалём Беларускай Народнай Рэспублікі за баявыя заслугі (09.03.2023, № 004)
- Ордэнам «За мужнасць ІІІ ступені» (указ Прэзідэнта Украіны ад 14.06.2023, № 387165), пасмяротна
- Медалём «Гонар і Годнасць» Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі (09.06.2023, № 1), пасмяротна
- Тытулам кавалера Ордэна Жалезнага рыцара (з кавалерскім крыжом) ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (25.06.2023), пасмяротна.
Для Міраслава Беларусь заўсёды была на першым месцы. Сёння немагчыма вымерыць яго ўнёсак у беларускі нацыянальны рух: сваю справу ён рабіў грунтоўна, маштабна і непублічна.
Міраслаў Лазоўскі назаўжды застанецца эталонам лідара, маральным аўтарытэтам, сімвалам супраціву і «Белага легіёна», надзейным сябрам, паплечнікам і настаўнікам.