Сахашчык: Каліноўцы ў расійскім палоне жывыя!

Ваяры палка імя Каліноўскага Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў ужо год знаходзяцца ў варожым палоне.

kalinoucy.jpg

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык распавёў «Люстэрку» аб сітуацыі з палоннымі байцамі палка Каліноўскага Янам Дзюрбейкам і Сяргеем Дзёгцевым.

— Паводле інфармацыі, якую я маю, яны жывыя, — распавёў  Валерый Сахашчык. — Я неаднаразова размаўляў з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў, якія займаюцца вяртаннем палонных. Вельмі далікатная тэма. Людзі нічога канкрэтнага не гавораць. Кажуць: «Так, мы памятаем, так, мы ведаем, мы працуем па сваіх алгарытмах». Увогуле і ўсё.

Дзе канкрэтна знаходзяцца беларускія палонныя і які ў іх стан здароўя, інфармацыі няма.

Нагадаем, 26 чэрвеня падчас баёў пад Лісічанскам загінулі чацвёра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны: Іван Марчук (пазыўны — Брэст), Васіль Парфянкоў (Сябро), Васіль Грудавік (Атам), Вадзім Шатраў (Папік). Яшчэ двое — Ян Дзюрбейка (Тромблі) і Сяргей Дзёгцеў (Клешч) — апынуліся ў палоне.

Вядома, што Ян Дзюрбейка родам з Бараўлянаў. Да гэтага працаваў на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава ў аддзеле метралогіі. У лістападзе 2020-га яго затрымалі на 15 сутак, потым завялі крымінальную справу. Пасля гэтага малады чалавек з'ехаў ва Украіну. У першыя ж дні Ян запісаўся добраахвотнікам.

— Ён ужо быў у батальёне, і я ў яго спытаў: «Чаму ты ваюеш за Украіну? Ты ўвогуле паляк, які жыў усё жыццё ў Беларусі». На што ён адказаў: «Беларусь была маёй радзімай, якую ў мяне забралі. Я пераехаў ва Украіну, і ў мяне жадаюць забраць і гэтую радзіму!» — успамінаў яго сябар.

Пра Сяргея Дзёгцева тэлеканалу СТБ расказвала яго маці Ядвіга Губко. Паводле яе слоў, сын добры, але ўтойлівы, добра вучыўся. Пра тое, што ён ва Украіне, жанчына не ведала. Раней, расказала яна, у сына дыягнаставалі кератаконус вачэй. Маці хвалявалася, ці можа Сяргей бачыць.